Біблія » Пераклады » Пераклад Анатоля Клышкi

Да Галатаў 6 Да Галатаў 6 разьдзел

1 Браты, нават калі чалавек будзе схопленым у якой-небудзь правіннасці, — вы, духоўныя, выпраўляйце такога ў духу лагоднасці, наглядаючы за сабою, каб і табе не быць спакушаным.
2 Насіце цяжары адзін аднаго, і так выканаеце закон Хрыстоў.
3 Бо, калі хто думае, што ён нешта, калі ён нішто, то ашуквае самога сябе.
4 Але кожны няхай правярае сваю дзейнасць і тады будзе мець хвалу толькі ў сабе, а не ў іншым;
5 бо кожны панясе ўласны цяжар.
6 А той, хто навучаецца ў слове, няхай дзеліцца ўсякім дабром з тым, хто яго навучае.
7 Не ашуквайцеся: з Бога не пасмяешся. Бо што пасее чалавек, тое і пажне;
8 бо той, хто сее дзеля свайго цела, пажне ад цела тленне; а той, хто сее дзеля духа, пажне ад духа жыццё вечнае.
9 І, робячы дабро, не будзем журыцца, бо ў свой час пажнём, калі не аслабеем.
10 Дык пакуль маем час, будзем рабіць дабро ўсім, а найбольш сваім па веры.
11 Паглядзіце, якімі вялікімі літарамі я напісаў вам сваёю рукой.
12 Усе тыя, хто хоча пакрасавацца целам, прымушаюць вас абразацца, толькі каб не быць ім гнаным за крыж Хрыстоў.
13 Бо тыя, хто абрэзваецца, і самі не пільнуюць закона, але хочуць, каб вы абрэзаліся, каб пахваліцца вашым целам.
14 Няхай не будзе таго, каб я хваліўся чым-небудзь, хіба толькі крыжам нашага Госпада Ісуса Хрыста, Якім для мяне свет укрыжаваны, і я — для свету.
15 Бо [ў Хрысце Ісусе] нічога не значыць ні абразанне, ні неабразанне, а новае стварэнне.
16 І на ўсіх, хто будзе рабіць паводле гэтага правіла, — мір на іх і міласэрнасць, і на Ізраіля Божага!
17 У далейшым няхай ніхто не абцяжарвае мяне, бо я нашу на маім целе раны [Госпада] Ісуса.
18 Ласка нашага Госпада Ісуса Хрыста няхай будзе з вашым духам, браты; амін.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Ліст да Галатаў, 6 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014