Біблія » Пераклады » Пераклад Анатоля Клышкi

Да Галатаў 3 Да Галатаў 3 разьдзел

1 О неразумныя галаты, хто вас зачараваў, [каб не слухаліся праўды], вас, у якіх перад вачыма Ісус Хрыстос быў накрэслены як бы [між вас] укрыжаваны?
2 Толькі гэта хачу даведацца ў вас: ці праз учынкі закона вы атрымалі Духа ці праз пропаведзь веры?
3 Ці вы такія неразумныя, што, пачаўшы духам, цяпер заканчваеце целам?
4 Гэтулькі вы пацярпелі дарэмна? Калі гэта сапраўды дарэмна?
5 Дык Той, Хто дае вам Духа і робіць між вас цуды, ці праз учынкі закона гэта робіць, ці праз пропаведзь веры?
6 Як і Аўраам паверыў Богу, і гэта залічана было яму ў праведнасць.
7 Дык ведайце, што тыя, хто ад веры, — тыя сыны Аўраамавы.
8 І Пісанне, прадбачачы, што Бог вераю апраўдае язычнікаў, загадзя дабравесціла Аўрааму: «Дабраславяцца ў табе ўсе народы».
9 Так што тыя, хто ад веры, добраслаўляюцца з верным Аўраамам.
10 Бо ўсе тыя, хто ад учынкаў закона, знаходзяцца пад праклёнам: бо напісана: «Пракляты кожны, хто не застаецца ва ўсім, што напісана ў кнізе закона, каб усё гэта выканаць».
11 А што законам ніхто не апраўдваецца перад Богам, відавочна, таму што праведны вераю будзе жыць.
12 Закон жа не ад веры, але хто выканае гэта, будзе жыць у гэтым.
13 Хрыстос выкупіў нас ад пракляцця закона, зрабіўшыся пракляццем за нас, таму што напісана: «Пракляты кожны павешаны на дрэве»,
14 каб дабраславенне Аўраамава прыйшло да язычнікаў у Хрысце Ісусе, каб мы атрымалі абяцанага Духа праз веру.
15 Браты, кажу па-чалавечы: нават чалавекам зацверджанага запавету ніхто не адкідае і не дапаўняе.
16 Але абяцанні былі Аўрааму выказаны і яго патомку. Ён не кажа: «І патомкам», як пра многіх, а як аб адным: «І твайму патомку», Які ёсць Хрыстос.
17 І вось што я кажу: запавету, які зацверджаны Богам раней, закон, што прыйшоў праз чатырыста трыццаць гадоў, не адмяняе, так каб было скасавана абяцанне.
18 Бо калі спадчына — ад закону, то ўжо не ад абяцання: але Аўрааму Бог дараваў яе праз абяцанне.
19 Дык навошта закон? Ён быў дададзены з-за злачынстваў, пакуль не прыйдзе патомак, якому было дадзена абяцанне, і перададзены ён быў праз Анёлаў рукою пасрэдніка.
20 Але пасрэднік пры адным не бывае, а Бог — адзін.
21 Дык закон супроць абяцанняў Божых? Зусім не. Бо, калі б быў дадзены закон, які можа ажывіць, то праведнасць была б сапраўды ад закона;
22 але Пісанне замкнула ўсё пад грэх, каб абяцанае было дадзена вераю Ісуса Хрыста вернікам.
23 А раней, чым прыйшла вера, мы былі замкнёныя пад вартаю закона для веры, якая павінна была адкрыцца.
24 Так што закон стаў нашым першаправадніком да Хрыста, каб мы былі апраўданы вераю,
25 а калі прыйшла вера, мы ўжо не пад уладаю першаправадніка.
26 Бо ўсе вы праз веру сыны Божыя — у Хрысце Ісусе.
27 Бо ўсе вы, што былі хрышчаны ў Хрыста, у Хрыста апрануліся.
28 Няма іудзея, ні эліна, няма раба, ні вольнага, няма мужчыны, ні жанчыны; бо ўсе вы — адно ў Хрысце Ісусе.
29 Калі ж вы Хрыстовы, значыць, вы патомства Аўраамава, нашчадкі паводле абяцання.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Ліст да Галатаў, 3 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014