1 Браты, калі і ўпадзе́ чалаве́к у якую пагрэшнасьць, вы, духоўныя, папраўляйце гэткага ў духу ціхасьці, наглядаючы за сабою, каб і табе́ ня быць спакушаным.
2 Насе́це бе́рамя адзін аднаго і гэтак выпаўняйце закон Хрыстовы.
3 Бо хто думае, што ён ёсьць не́шта, будучы нічым, зводзіць самога сябе́.
4 Дзела-ж свае́ няхай кожны выпрабуе і тагды будзе ме́ць пахвалу толькі ў сабе́, а не́ ў другім.
5 Бо кожны панясе́ свае́ бе́рамя.
6 Хто-ж вучыцца слова, няхай дзе́ліцца ўсякім дабром з тым, хто навучае.
7 Не ашуківайце сябе́! з Бога не насьмяе́шся. Бо што чалаве́к пасе́е, тое і пажне́:
8 хто се́е ў це́ла свае́, ад це́ла пажне́ тле́ннасьць; а хто се́е ў духа, ад духа пажне́ жыцьцё ве́чнае.
9 Робячы-ж дабро, ня журы́мася: бо ў свой час пажне́м, не слабе́ючы.
10 Дык, дакуль маем час, будзем рабіць дабро ўсім, а найбале́й таварышом па ве́ры.
11 Бачыце, як многа напісаў я вам свае́ю рукою.
12 Жадаючыя хваліцца паводле це́ла прымушаюць вас абрэзывацца толькі дзеля таго, каб ня быць перасьле́даванымі за крыж Хрыстоў;
13 бо і тыя, што абрэзываюцца, самі ня пілнуюць закону, але хочуць, каб вы абрэзываліся, каб пахваліцца ў вашым це́ле.
14 Мне́-ж няхай ня зда́рыцца хваліцца, хіба толькі крыжам Госпада нашага Ісуса Хрыста, якім для мяне́ сьве́т укрыжаваны, і я для сьве́ту.
15 Бо ў Хрысьце́ Ісусе нічога ня значыць ані абрэзаньне, ні неабрэзаньне, але новы твор.
16 І хто паступае паводле гэтага правіла, мір ім і зьмілаваньне, і Ізраілю Божаму.
17 Урэшце, няхай ніхто ня робіць мне́ цяжару, бо Я нашу́ раны Госпада Ісуса на це́ле маім.
18 Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з духам вашым, браты. Амін.
Каментары ці зноскі:
Да Галятаў пісана з Рыму.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Пасланьне Паўлы да Галятаў, 6 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.