1 Дык стойце ў волі, якою вы́зваліў нас Хрыстос, і не падпадайце ізноў пад ярмо рабства.
2 Вось я, Паўла, кажу вам, што, калі абрэзываецеся, дык Хрыстос вас нічым не ўспаможа.
3 Яшчэ сьве́дчу ўсякаму чалаве́ку, які абрэзываецца, што ён павінен выпаўніць уве́сь закон.
4 Вы далёкія ад Хрыста; вы, што апраўдываецеся законам, адпалі ад ласкі;
5 мы-ж духам ад ве́ры чакаем надзе́і пра́веднасьці;
6 бо ў Хрысьце́ Ісусе ня ма́е сілы ні абрэзаньне, ні неабрэзаньне, але ве́ра, што дзе́ець праз любоў.
7 Вы бе́глі добра: хто ўбіў вам не карыцца праўдзе?
8 Гэткае перакананьне не ад Таго, Хто вас закліка́е.
9 Крошка кісьлі ўсё це́ста квасіць.
10 Я пэўны ў вас у Госпадзе, што нічога ня будзеце думаць інакш; хто-ж вас баламуціць, той, хто-б ён ні быў, панясе́ на сабе́ асуджэньне.
11 Калі-ж я, браты, і цяпе́р абвяшчаю абрэзаньне, дык завошта-ж яшчэ мяне́ перасьле́дуюць? Тагды спакуса крыжа зьніштожылася-бы.
12 О, каб былі адсе́чаны тыя, што вас бунтуюць!
13 Бо вы к волі пакліканы, браты; каб толькі воля ваша ня была сродкам для це́ла, але праз любоў служы́це адзін аднаму.
14 Бо ўве́сь закон у адным слове поўніцца: любі бліжняга твайго, як самога сябе́ (Лявіт 19:18).
15 Калі-ж адзін аднаго грызецё і заяда́еце, сьцеражы́цеся, каб ня былі загублены адзін адным.
16 Я-ж кажу: хадзе́це духам і пажаданьняў це́ла не спаўняйце.
17 Бо це́ла хоча супраць духу, а дух — супраць це́лу: яны адно аднаму працівяцца, каб вы ня тое рабілі, чаго хаце́лі-б.
18 Калі-ж вы ве́дзены духам, дык вы не пад законам.
19 Учынкі-ж це́ла ве́дамыя; яны ёсьць: блуд, распуста, нячыстасьць, сваволя,
20 паклане́ньне ідалам, чарадзе́йства, варожасьць, спрэчкі, гарачнасьць, гне́ў, сварлівасьць, нязгода, гарэзіі,
21 не́навісьць, забойствы, п’янства, няпрыстойнасьць і падобнае; гэтае кажу вам напе́рад, як і казаў, што тыя, хто гэтак робіць, Царства Божага не ўнасьле́дуюць.
22 Плод жа духа: любоў, радасьць, мір, доўгацярплівасьць, добрасьць, міласэрдзе, ве́ра,
23 ціхасьць, паўзьдзе́ржлівасьць. На гэтакіх няма закону.
24 А Хрыстовыя раскрыжавалі це́ла з мукамі і пажаданьнямі.
25 Калі мы жыве́м духам, дык і паступаем духам.
26 Ня будзем задавацца, адзін аднаго дражнячы, адзін аднаму завідуючы.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Пасланьне Паўлы да Галятаў, 5 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.