Біблія » Пераклады » Пераклад Л. Дзекуць-Малея

Да Галятаў 4 Да Галятаў 4 разьдзел

1 Кажу-ж: пакуль насьле́днік — дзіця, ён нічым ня розьніцца ад раба́, хаця і гаспадар усяго,
2 але ён пад апякунамі і аканомамі аж да вы́значанага айцом часу.
3 Гэтак і мы, калі былі дзяцьмі, былі паняволены матэряльнымі зачаткамі сьве́ту;
4 калі-ж прыйшла поўня часу, Бог паслаў сына Свайго, які нарадзіўся ад жанчыны і быў пад законам,
5 каб адкупіць тых, што пад законам, каб нам узяць усынаўле́ньне.
6 А як вы — сыны, дык Бог паслаў у сэрцы вашыя Духа Сына Свайго, які галосе: Авва, Ойча!
7 Дзеля гэтага ты ўжо ня раб, але сын; а калі сын, дык і насьле́днік Божы праз Хрыста.
8 Але тагды, ня ве́даючы Бога, вы служылі тым, што не па прыродзе богі;
9 цяпе́р-жа, пазнаўшы Бога, а бале́й — пазнаныя Богам, я́к вы варочаецеся ізноў да бяссільных і бе́дных матэр’яльных зачаткаў, якім хочаце служыць нанова?
10 Вы пілнуеце дні, ме́сяцы, часы і годы.
11 Баюся за вас, ці не надарма я працаваў у вас.
12 Малю вас, браты, будзьце, як і я; бо і я, як вы. Вы нічым ня скрыўдзілі мяне́;
13 ве́даеце-ж, што я ў бяссільлі це́ла прапаве́дываў вам Эвангельле пе́ршы раз,
14 і вы не пага́рдзілі спакусай мае́й, што ў це́ле маім, і не адапхнулі, але прынялі мяне́, як Ангела Божага, як Хрыста Ісуса.
15 Якое-ж было шчасьце вашае! Сьве́дчу-ж вам, што, калі-б было магчыма, вырваўшы вочы вашыя, аддалі-б вы мне́.
16 Дык ці-ж я стаўся ворагам вашым, кажучы вам праўду?
17 Рупяцца аб вас нягодна, а хочуць адлучыць вас, каб вы рупіліся аб іх.
18 Добра-ж рупіцца аб добрым заўсёды, а ня толькі, як я прыходжу да вас,
19 дзе́ткі мае́, якімі ізноў мучуся ў радзінах, пакуль ня зно́йдзе абраз свой у вас Хрыстос!
20 Хаце́ў бы я цяпе́р быць у вас і зьмяніць голас мой, бо я ў недаўме́ньні аб вас.
21 Скажэце мне́ вы, што жадаеце быць пад законам: ці-ж вы ня слу́хаеце закону?
22 Бо напісана, што Аўраам ме́ў двох сыноў: аднаго ад рабыні, а другога ад вольнай (Быцьцё 16:15; 21:3).
23 Але, каторы ад рабыні, той народжаны водле це́ла, а каторы ад вольнай, той водле прырачэньня.
24 Гэта ёсьць інасказ. Бо гэта два запаве́ты: адзін ад гары Сынайскае, што родзіць на рабства, якое ёсьць Ага́ра;
25 бо Ага́ра ёсьць гара́ Сынай у Арабіі і адпавядае цяперашняму Ерузаліму, ды з дзяцьмі сваімі ў рабстве;
26 а вышэйшы Ерузалім свабодны, які ёсьць маці ўсім нам.
27 Бо напісана: Узьвесяліся, няплодная, якая не раджа́еш; загука́й і загаласі ты, якая ня мучылася, родзячы. Бо ў пакіненай шмат бале́й дзяце́й, чымся ў маючай мужа (Ісая 54:1).
28 Мы-ж, браты, — водле Ізаака, дзе́ці прырачэньня.
29 Але, як тагды́ народжаны водле це́ла перасьле́даваў таго, што водле духа, гэтак і цяпе́р.
30 Што-ж кажа Пісаньне? Вы́жані рабыню і сына яе́, бо сын рабыні ня будзе насьле́днікам разам з сынам свабоднай (Быцьцё 21:10).
31 Вось-жа, браты, мы дзе́ці не рабыні, а свабоднай.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Пасланьне Паўлы да Галятаў, 4 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.