Біблія » Пераклады » Пераклад Л. Дзекуць-Малея

Да Галятаў 2 Да Галятаў 2 разьдзел

1 Пасьля, цераз чатырнаццаць гадоў, хадзіў я ізноў у Ерузалім з Варнаваю, узяўшы з сабою і Ціта.
2 Хадзіў-жа згодна з адкрыцьцем і вылажыу ім, асабліва-ж выдатне́йшым, Эвангельле, якое абвяшчаю між паганамі, ці не надарма хаджу я, або хадзіў?
3 Але і Ціт, што быў са мною, як Грэк, ня быў прымушаны абрэзацца.
4 Фальшывым-жа братом, што паўкрадаліся, ды якія прыходзяць укра́дня падглядзе́ць нашу свабоду, якую мы маем у Хрысьце́ Ісусе, каб паняволіць нас,
5 мы ні на гадзіну не паддаліся і не пакарыліся, каб праўда Эвангельля захавалася ў вас.
6 А ад тых, што лічаць сябе́ не́чым, (якімі-б яны ні былі не́калі, для мяне́ ўсё роўна: Бог не пазірае на аблічча чалаве́ка), — дык тыя, што думаюць аб сабе́, не ўзлажылі на мяне́ нічога;
7 але наадварот, угле́дзіўшы, што мне даве́рана дабраве́шчаньне неабрэзаньня, як Пётры абрэзаньня, —
8 (бо Той, Хто дапамог Пётры ў Апостальстве абрэзаньня, дапамагаў і мне́ між паганамі), —
9 і пазнаўшы ласку, даную мне́, — Якуб і Кіфа і Іоан, што здаюцца стаўбамі, падалі мне́ і Варнаве руку лучнасьці, каб нам (ісьці) да паганаў, а ім — да абрэзаных,
10 толькі каб мы памяталі аб убогіх, што я і стараўся рабіць, гэтае самае.
11 Калі-ж Пётра прыйшоў у Антыохію, дык я паўстаў супраць яго водле аблічча ягонага, бо ён заслужыў на дакор.
12 Бо пе́рш, чым прыйшлі некаторыя ад Якуба, е́ў разам з паганамі; а, як прыйшлі, таіўся і ўхіляўся, баючыся абрэзаных.
13 Разам з ім крывадушнічала і рэшта Жыдоў; — ажно й Варнава быў захоплены іх крывадушнасьцяй.
14 Але, калі я ўбачыў, што яны няпроста ходзяць па праўдзе Эвангельскай, дык сказаў Пётры пры ўсіх: калі ты, будучы Жыдом, жыве́ш па-паганску, а не па-жыдоўску, дык чаму паганаў прымушаеш жыць па-жыдоўску?
15 Мы па прыродзе Жыды, а не з паганаў грэшнікі, —
16 ве́даючы, што чалаве́к апраўдываецца не дзеламі закону, а толькі ве́раю ў Ісуса Хрыста, і мы ўве́равалі ў Хрыста Ісуса, каб апраўдацца ве́раю ў Хрыста, а не́ дзеламі закону, бо дзеламі закону не апраўда́ецца ніводнае це́ла.
17 Калі-ж, шукаючы апраўданьня ў Хрысьце́, мы і самыя аказаліся грэшнікамі, дык ці-ж Хрыстос — слуга́ грэху? Няхай ня станецца!
18 Бо, калі я ізноў будую, што зруйнаваў, дык сам сябе́ стаўляю за праступніка.
19 Бо праз закон я паме́р для закону, каб жыць для Бога.
20 Я раскрыжаваны разам з Хрыстом. І ўжо ня я жыву, але жыве́ ў-ва мне́ Хрыстос. А што цяпе́р жыву ў це́ле, дык жыву ве́раю ў Сына Божага, што палюбіў мяне і выдаў Сябе́ за мяне́.
21 Не адкідаю ласкі Божае. А калі праз закон апраўданьне, дык Хрыстос надарма́ паме́р.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Пасланьне Паўлы да Галятаў, 2 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.