Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Да Галатаў 2 Ліст да Галатаў 2 разьдзел

1 Потым, праз чатырнаццаць гадоў, я зноў пайшоў з Барнабам у Ерузалім, забраўшы з сабою і Ціта.
2 Накіраваўся ж я згодна з аб’яўленнем; і прадставіў ім, асабліва найвыдатнейшым, Евангелле, якое абвяшчаў паганам, каб часам не надарма бег або бягу.
3 Але і Ціт, што быў са мной, хоць быў грэк, не быў змушаны да абразання.
4 А адносна фальшывых братоў, якія падступіліся, каб выпрабаваць свабоду нашу, якую маем у Ісусе Хрысце, каб адправіць нас зноў у няволю,
5 ім мы не саступілі і не паддаліся ні на хвіліну, каб праўда Евангелля захавалася ў вас.
6 Адносна ж да тых, што выдаюць сябе за некага, якімі б яны ні былі калісьці, для мяне ўсё роўна: Бог не ўзіраецца на важнасць асобы. А тыя, што лічацца за кагосьці, мне не пярэчылі.
7 Нават наадварот, калі ўбачылі, што мне даручана абвяшчаць Евангелле неабрэзаным, як Пётры абрэзаным, —
8 бо Той, Які дзейнічаў праз Пётру ў Апостальстве між абрэзанымі, дзейнічаў і праз мяне між паганамі, —
9 і калі пазналі, што і мне дадзена гэтая ласка, дык Якуб, Кіфа і Ян, якіх лічылі стаўпамі, падалі мне і Барнабе руку лучнасці, каб мы ішлі да паганаў, а яны да абрэзаных,
10 каб толькі помнілі мы пра бедных, аб чым я і сам рупіўся раней, каб рабіць гэта.
11 Калі ж пасля таго Пётра прыбыў у Антыёхію, я выступіў супраць яго, бо ён заслужыў дакор.
12 Перш чым прыбылі некаторыя ад Якуба, ён еў разам з паганамі, калі ж тыя надышлі, стаў пазбягаць і аддзяляцца, баючыся тых, што былі абрэзанымі.
13 За гэтай яго крывадушнасцю пайшлі і другія юдэі, так што і Барнаба быў уцягнуты імі ў гэтую крывадушнасць.
14 Калі ж я ўбачыў, што яны не ходзяць проста, не паводле праўды Евангелля, сказаў аб гэтым Пётры ў прысутнасці ўсіх: «Калі ты, будучы юдэем, жывеш па-паганску, а не па-юдэйску, чаму змушаеш паганаў жыць па-юдэйску?»
15 Мы па прыродзе юдэі, а не з паганаў грэшнікі,
16 ведаючы ж, што чалавек апраўдваецца не праз выкананне закону, а праз веру ў Ісуса Хрыста, і мы паверылі ў Ісуса Хрыста, каб апраўдацца верай у Хрыста, а не выкананнем закону, бо выкананнем закону не апраўдаецца ніводнае цела.
17 Калі ж мы, шукаючы апраўдання ў Хрысце, аказаліся самі грэшнымі, ці ж Хрыстос — паслугач граху? Аніколі.
18 Бо калі я адбудоўваю зноў тое, што раней зруйнаваў, то сябе раблю злачынцам.
19 Я, вось, праз закон памёр для закону, каб жыць для Бога. Я ўкрыжаваны з Хрыстом:
20 дык жыву ўжо не я, але жыве ўва мне Хрыстос. Хоць цяпер жыву ў целе, жыву ў веры ў Сына Божага, Які ўзлюбіў мяне і аддаў Самога Сябе за мяне.
21 Не адкідаю ласкі Божай. Калі б праз закон справядлівасць, дык Хрыстос памёр дарма.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Ліст да Галатаў, 2 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017