Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Ярэміі 1 Ярэміі 1 разьдзел

1 Словы Ярэміі, сына Хэлькіі, з ліку святароў, якія былі ў Анатоце, у зямлі Бэньяміна.
2 Да яго скіраваў Госпад слова ў дні Осіі, сына Амона, цара Юдэйскага, у трынаццатым годзе яго царавання,
3 і было ў дні Ёакіма, сына Осіі, цара Юдэйскага, аж да канца адзінаццатага года Сэдэцыі, сына Осіі, цара Юдэйскага, аж да перасялення Ерузаліма ў пятым месяцы.
4 Госпад скіраваў да мяне слова, кажучы:
5 «Перш, чым Я ўфармаваў цябе ва ўлонні, Я ведаў цябе, і перш, чым выйшаў ты з нутра, Я пасвяціў цябе і паставіў цябе прарокам для народаў».
6 І сказаў я: «О Госпадзе, Божа! Дык жа я не ўмею гаварыць, бо я яшчэ юнак!»
7 І сказаў мне Госпад: «Не кажы: “Я юнак”, бо ты пойдзеш да ўсіх, да каго Я цябе пашлю, і будзеш казаць усё, што Я табе даручу.
8 Не бойся іх, бо Я з табою, каб цябе ратаваць», — кажа Госпад.
9 І працягнуў Госпад руку Сваю, і дакрануўся да вуснаў маіх, і сказаў мне Госпад: «Вось, перадаў Я словы Мае вуснамі тваімі;
10 зірні: Я даю табе сёння ўладу над валадарствамі, каб вырываў і разбураў, каб нішчыў і руйнаваў, каб садзіў і будаваў».
11 І скіраваў Госпад да мяне наступнае слова: «Што ты бачыш, Ярэмія?» І адказаў я: «Бачу я галіну міндальнага дрэва Таго, Хто чувае».
12 Госпад жа сказаў мне: «Добра бачыш, бо Я чуваю над словам Маім, каб скора споўніць яго».
13 Другі раз скіраваў Госпад слова Сваё да мяне: «Што ты бачыш?» І сказаў я: «Бачу я кацёл, што кіпіць, і твар яго з паўночнага боку».
14 І сказаў мне Госпад: «Ад поўначы распрастрэцца ліха на ўсіх жыхароў зямлі,
15 бо вось, Я склічу ўсе валадарствы поўначы, — кажа Госпад, — і прыйдуць яны, і паставяць кожны свой пасад ля ўваходу ў брамы Ерузаліма, і супраць усіх муроў яго навокал, і супраць усіх гарадоў юдэйскіх.
16 І выдам прысуды Мае на іх за ўсю іх ліхоту, што пакінулі Мяне, і палілі кадзіла чужым багам, ды пакланяліся творам рук сваіх.
17 Ты, вось, перапаяшы сцёгны свае, устань і гавары ім усё, што Я табе загадваю. Не бойся іх, каб Я часам не напоўніў цябе страхам перад імі.
18 Вось, сёння Я раблю цябе мураванай цвярдыняй, жалезным слупам і медным мурам супраць усёй зямлі, для цароў юдэйскіх, для кіраўнікоў іх і святароў, і для народа зямлі.
19 І будуць яны ваяваць супраць цябе, але не змогуць цябе перамагчы, бо Я з табою, — кажа Госпад, — каб ратаваць цябе».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Ярэміі, 1 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017