Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Ісаі 66 Ісаі 66 разьдзел

1 Гэта кажа Госпад: «Неба — пасад Мой, а зямля — падножжа ног Маіх. Які ж дом пабудуеце Мне, — кажа Госпад, або якое месца для супачынку Майго?
2 Ці ж не рука Мая ўчыніла ўсё гэта, ды ўсё гэта Маё, — кажа Госпад. — Але вось да каго Я буду прыглядацца: да беднага і прыгнечанага духам, і да таго, хто трымціць перад словамі Маімі.
3 Ёсць такі, што забівае на ахвяру вала і забівае чалавека; што забівае на ахвяру авечку і скручвае галаву сабаку; складае ахвяру з ежы і поруч з крыві парсюка, паліць кадзіла і дабраслаўляе ідала. Падобна, як тыя выбралі сабе дарогі і душы іх адчуваюць асалоду ад агіднасцей іх,
4 так і Я выберу ім долю іх ліхую, і тое, чаго яны баяцца, напушчу на іх, бо Я клікаў — і не было каму адказаць, гаварыў — а не слухалі, і дапускаліся ліхоты на вачах Маіх, ды, што Мне не падабалася, выбралі».
5 Слухайце слова Госпада, якія трымціце перад словам Яго. Сказалі браты вашы, якія ненавідзяць вас і якія вас адганяюць дзеля Майго імя: «Хай Госпад пакажа Сваю славу, каб мы аглядалі вашу радасць», але яны пасаромеюцца.
6 Голас крыку з горада, голас са святыні, голас Госпада, Які дае адплату непрыяцелям Сваім.
7 Перш чым пакутавала родамі, нарадзіла дзіця, перш чым прыйшлі роды яе, нарадзіла хлопца.
8 Хто калі чуў такія рэчы? Ды хто бачыў штосьці падобнае? Ці ж родзіцца зямля ў адзін дзень, ці ж народ родзіцца імгненна? Бо Сіён толькі пачаў пакутаваць родамі, ужо нарадзіў сваіх сыноў.
9 «Няўжо ж Я адчыняю ўлонне і не дам нарадзіць?» — кажа Госпад. «Ці ж Я, Які даю нарадзіць, зачыню ўлонне?» — кажа твой Бог.
10 Цешцеся разам з Ерузалімам, весяліцеся ў ім усе, якія шануеце яго; радуйцеся з ім радасцю ўсе, якія смуткавалі над ім,
11 каб ссаць маглі вы і насыціліся з грудзей яго пацехі, каб даілі і ў раскошы выплывалі з грудзей яго пахвалы.
12 Бо гэта кажа Госпад: «Вось жа, Я накірую да яго супакой, як раку, і славу народаў, як паводкавы ручай. Будзеце ссаць, і будуць насіць вас на руках і на каленях будуць песціць вас.
13 Як каго калі маці пацяшае, так Я пацешу вас, і ў Ерузаліме будзеце пацешаны».
14 Убачыце, і будзе радавацца сэрца ваша, і косці вашы набяруць свежасці, як мурог, ды рука Госпадава аб’явіцца на паслугачах Яго, а гнеў — на Яго ворагах.
15 Бо, вось, Госпад прыйдзе ў агні і калясніцы Яго — быццам віхор, каб аддаць у абурэнні гневу Свайго, і пагрозай Сваёй у полымі агню;
16 бо агнём Госпад судзіць будзе і мечам Сваім кожнае цела, і шмат будзе забітых Госпадам.
17 «Тыя, якія пасвячаюцца і ачышчаюцца, каб увайсці ў сады за іншым, які стаіць у сярэдзіне, якія ядуць свіное мяса, і мярзоту, і мышэй, прападуць разам, — кажа Госпад. —
18 Я, вось, ведаючы дзейнасць іх і намеры іх, прыйду, каб сабраць усе народы і мовы; і прыйдуць і ўбачаць славу Маю.
19 І пастаўлю ў іх знак, і пашлю некаторых з іх, якія будуць збаўлены, да народаў у Тарсіс, Пут, Луд, Масок, Рос, Тубал і Яван, да астравоў далёкіх, да тых, якія не чулі пра Мяне і не бачылі Маёй славы. Яны абвясцяць Маю славу народам
20 і прывядуць з усякіх народаў у ахвяру для Госпада ўсіх вашых братоў на конях, на калясніцах, на насілках, на мулах і на драмадэрах на святую Маю гару ў Ерузаліме, — кажа Госпад, — падобна, як сыны Ізраэля прыносяць ахвяры ў чыстым посудзе да дома Госпада.
21 І Я вазьму з іх некаторых у святары і ў левіты, — кажа Госпад.
22 Бо як нябёсы новыя і зямля новая, якія Я зраблю, будуць трываць перада Мною, — кажа Госпад, — так трываць будзе ваша патомства і ваша імя.
23 І будзе: пры кожным маладзіку і ў кожны шабат прыйдзе кожная жывая істота, каб пакланіцца перад абліччам Маім, — кажа Госпад. —
24 І выйдуць, і ўбачаць трупы людзей, якія ўзбунтаваліся супраць Мяне. Бо чарвяк іх не памрэ і агонь іх не згасне, і будуць яны агіднасцю для кожнай жывой істоты».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Ісаі, 66 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017