Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Ісаі 47 Ісаі 47 разьдзел

1 «Сыдзі ды сядзь у попеле, дзева, дачка Бабілона! Сядзь на зямлі, не на пасадзе, дачка халдэйская! Бо болей не будзеш называцца прывабнай і пяшчотнай.
2 Вазьмі жорны і мялі муку, здымі вэлюм свой, прыпадымі сукенку, адкрый голені, перайдзі па вадзе!
3 Адкрыецца галізна твая, і ўбачаць няславу тваю. Учыню Я помсту, нікога не пашкадую, —
4 кажа Адкупіцель наш, імя Яго — Госпад Магуццяў, Святы Ізраэлеў. —
5 Сядзь моўчкі і ўвайдзі ў цемру, дачка халдэйская! Бо не назавуць цябе больш валадаркай царстваў.
6 Раззлаваўся Я на народ Мой, апаганіў спадчыну Маю і аддаў іх у руку тваю, не аказала ты ім міласэрнасці, на старца ўсклала вельмі цяжкае ярмо тваё.
7 Ты казала: “Вечна буду я валадаркай”. Не паклала ты гэтага на сэрца сваё і не прыгадала таго, што будзе потым.
8 А цяпер паслухай вось што, прыгажуня, ты жывеш самаўпэўнена і кажаш у сэрцы сваім: “Я, і апрача мяне — ніякай іншай, не застануся ўдавой і не зазнаю бяздзетнасці!”
9 Прыйдуць да цябе абедзьве гэтыя: раптам, у адзін дзень, і бяздзетнасць, і ўдоўства; нечакана зваляцца яны на цябе дзеля мноства чараўніцтваў тваіх, дзеля шматлікасці закляццяў тваіх.
10 І давер мела ты ў ліхоце сваёй, і казала: “Няма нікога, хто ўбачыць мяне”. Мудрасць твая і веды твае, — падманулі яны цябе. І сказала ты ў сэрцы сваім: “Я, і апрача мяне, — ніякай іншай”.
11 Прыйдзе на цябе няшчасце, і ты не будзеш ведаць, адкуль яно падымецца, і спадзе на цябе бяда, якой не зможаш адвярнуць; прыйдзе на цябе раптам гора, якога не ведаеш.
12 Трымайся сваіх закляццяў і мноства злачынстваў сваіх, у якіх практыкавалася ад юнацтва свайго; можа, дапаможаш сабе, а можа, утрымаешся.
13 Змарнела ты ад мноства дараднікаў сваіх, хай стаяць і ратуюць цябе, якія разглядаюць неба і абвяшчаюць пры кожным маладзіку, што з табой будзе.
14 Вось жа, сталіся яны, як саломіны, агонь спаліў іх. Не вызваляць яны саміх сябе ад моцы агню; гэта не вуглі, якімі сагрэюцца, і гэта не вогнішча, каб сядзець пры ім.
15 Такімі робяцца для цябе твае чараўнікі, з якімі ты займалася ад юнацтва свайго; кожны блудзіць на дарозе сваёй, няма нікога, хто цябе ўратуе.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Ісаі, 47 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017