Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Ісаі 62 Ісаі 62 разьдзел

1 Адносна Сіёна не буду маўчаць і адносна Ерузаліма не спачну, пакуль не ўзыдзе, як святло, справядлівасць Яго і збаўленне Яго не засвеціць, як светач.
2 Тады народы ўбачаць справядлівасць тваю, і ўсе цары — хвалу тваю; і будуць клікаць цябе імем новым, якім назавуць цябе вусны Госпадавы.
3 І ты станеш вянцом славы ў руцэ Госпада і вянцом валадарства ў руцэ Бога твайго.
4 І не будзеш болей называцца «пакінутай», а зямлі тваёй не назавуць болей «спустошанай», але назавуць цябе «маё ўпадабанне ў ёй», а зямлю тваю — «замужняя». Бо ўпадабаў цябе Госпад, і зямля твая будзе ў шлюбе.
5 Бо як юнак жэніцца з дзяўчынаю, так возьмуць цябе [у шлюб] сыны твае, і як сужэнец цешыцца з сужэнкі, так будзе цешыцца з цябе Бог твой.
6 «На мурах тваіх, Ерузалім, паставіў Я варту, увесь дзень і ўсю ноч, ніколі маўчаць не будуць». Вы, што прыпамінаеце Госпада, не маўчыце,
7 і яму не давайце супакою, пакуль не адновіць і не зробіць Ерузалім хвалою на зямлі.
8 Прысягнуў Госпад правіцай сваёю, ды рукой Магутнасці сваёй: «Не дам больш пшаніцы тваёй на ежу непрыяцелям тваім, і не будуць піць сыны чужынца віна твайго, над якім ты працаваў.
9 Бо тыя, што сабралі яе, будуць есці і будуць хваліць Госпада, а тыя, хто сабраў вінаград, піць будуць віно на панадворку Маёй святыні.
10 Праходзьце, праходзьце праз браму! Рыхтуйце дарогу народу! Прастуйце, прастуйце гасцінец, прыміце каменні! Падыміце знак для народаў!»
11 Вось што даў Госпад пачуць на граніцах зямлі: «Скажыце дачцы сіёнскай: “Вось жа, прыходзіць збаўленне тваё, вось плата Яго разам з Ім і ўзнагарода Яго перад ёю”».
12 І называць іх будуць «народам святым», «адкупленымі Госпадам». А табе дадуць імя «Шуканая», «Горад непакінуты».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Ісаі, 62 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017