Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Ісаі 34 Ісаі 34 разьдзел

1 Прыступіце, народы, каб паслухаць! І вы, людзі, зважце! Няхай слухае зямля ды ўсё, што яе запаўняе, сусвет і ўсё, што ў ім расце!
2 Бо Госпад гарыць гневам супраць усіх паганаў і абураны на ўсё войска іх; прызначыў Ён іх на вынішчэнне і аддаў іх на загубу.
3 Забітыя іх будуць ляжаць параскіданыя, і ад трупаў іх будзе ўздымацца смурод; размокнуць горы ад крыві іх.
4 І змарнее ўсё войска нябеснае, і згорнуцца нябёсы, як кніга, і ўсё войска іх спадзе, як спадае ліст з вінаграднай лазы ды сухая лістота з фігавага дрэва.
5 «Бо ап’янеў Мой меч на небе, вось жа, спадзе ён на Эдом і на народ, які асудзіў Я на вынішчэнне».
6 Меч Госпадаў увесь скрываўлены, пакрыты тлушчам, крывёй ягнят і казлоў, тлустасцю нырак барановых, бо ахвяра Госпада ў Босры і разня вялікая ў зямлі Эдом.
7 Падаюць быкі разам з імі, цяляты разам з валамі, зямля напітаецца іх крывёю, а глеба — тлушчам іх сытасці;
8 бо дзень помсты — у Госпада, год адплаты дзеля абароны Сіёна.
9 І ператворацца ручаі яго ў смалу, а глеба яго — у серу, і будзе зямля яго смалою гаручаю.
10 Не згасне ані ўдзень, ані ўночы яго дым, падымацца будзе вечна, пуставаць будзе з пакалення ў пакаленне, на векі вякоў ніхто праз яго не пройдзе.
11 Пелікан і вожык будуць валодаць ім, пугач і крук паселяцца ў ім, і расцягне [Госпад] над ім шнур пустэчы і адвес спусташэння.
12 Вяльможаў яго не застанецца, і не абвесцяць яны царства, ды ўсе князі яго будуць ні на што.
13 На дамах яго вырастуць церні, на ўмацаваннях яго — крапіва і асот, і будзе лежбішча драконаў і выган страусаў.
14 І збягуцца гіены ды суслікі, і касматае страшыдла будзе прызываць сябра свайго; там лямія прыляжа і знойдзе сабе адпачынак.
15 Там гняздуецца змяя і кладзе яйкі, акопвае іх наўкола і выседжвае ў засені іх; туды злятаюцца каршуны адзін да аднаго.
16 Пашукайце ў кнізе Госпада і чытайце! — аніводнага з іх не будзе бракаваць, адзін аднаго не павінен чакаць; бо вусны Госпада загадалі ды дух Яго — Ён іх сабраў.
17 І Ён кінуў ім лёс, ды рука Яго падзяліла зямлю іх меркаю; вечна будуць валодаць ёю, з пакалення ў пакаленне будуць жыць на ёй.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Ісаі, 34 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017