Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Ісаі 38 Ісаі 38 разьдзел

1 У тыя дні Эзэкія захварэў смяротна. І прыйшоў да яго Ісая, сын Амоса, і сказаў яму: «Так кажа Госпад: “Распарадзіся домам сваім, бо памрэш ды не будзеш жыць”».
2 Тады павярнуўся Эзэкія тварам сваім да сцяны і маліўся да Госпада,
3 і сказаў так: «Госпадзе, прашу, успомні, малю, як вёў я сябе адносна Цябе верна і са шчырым сэрцам і, што добрае ў вачах Тваіх, тое рабіў». І плакаў Эзэкія плачам вялікім.
4 І прамовіў Госпад да Ісаі, кажучы:
5 «Ідзі і скажы Эзэкіі: гэта кажа Госпад, Бог Давіда, бацькі твайго: “Чуў Я маленне тваё, бачыў слёзы твае, вось жа, дакіну да дзён тваіх пятнаццаць гадоў,
6 і ўратую з рукі цара асірыйцаў цябе і горад гэты, ды абараню гэты горад”.
7 Такі вось будзе табе знак ад Госпада, што Госпад споўніць слова гэтае, што прамовіў:
8 “Вось жа, Я адвяду цень на ступенях, па якіх [цень] прайшоў ужо з сонцам на сонечным гадзінніку Ахаза, на дзесяць ступеняў назад”». І вярнулася назад сонца на дзесяць ступеняў па ступенях, па якіх ужо прайшло.
9 Пісанне Эзэкіі, цара Юдэйскага, калі ўпаў у хваробу, але быў аздароўлены ад немачы сваёй.
10 Казаў я: «У палавіне дзён маіх пайду я да брамы пекла; прасіў я рэшту гадоў маіх».
11 Казаў я: «Ужо не буду бачыць Госпада Бога на зямлі жывых, не ўбачу чалавека больш між жыхароў свету.
12 Жытло маё прынята і перанесена далёка ад мяне, як палатка пастухоў; звіў Ён, як ткач, жыццё маё, ад кроснаў адарваў мяне. Ад рання да вечара мяне марнуеш.
13 Павалены, ляжу я аж да раніцы, быццам леў, так сцёр усе косці мае; ад раніцы да вечара марнуеш мяне.
14 Як птушанё ластаўкі, так запішчу, буду вуркатаць, як галубка; стаміліся вочы мае, углядаючыся ў вышыню. Госпадзе, цярплю прыгнёт, паручыся за мяне!
15 Што скажу я, або што Ён мне адкажа? Ён гэта ўчыніў! Буду гэтак ісці праз усе гады мае ў горычы душы маёй.
16 Госпадзе, на Цябе спадзяецца сэрца маё, хай жыве дух мой, аздараві мяне і ажыві мяне!
17 Вось жа, на супакой замянілася горыч мая. Ты вось вырваў душу маю з ямы загубы, кінуў за спіну Сваю ўсе грахі мае.
18 Бо не пекла хваліць Цябе будзе, ані смерць славіць Цябе будзе, не аглядаюцца на праўду Тваю тыя, якія сыходзяць у балота.
19 Жывы, толькі жывы будзе славіць Цябе, як і я сёння: бацька абвесціць дзецям праўду Тваю.
20 Госпадзе, аздараві мяне! І пад гук цытры будзем спяваць усе дні жыцця нашага ў доме Госпада».
21 Дык загадаў Ісая, каб узялі кавалак пладоў дрэва фігавага і паклалі на рану, і паздаравеў.
22 Ды сказаў Эзэкія: «Што будзе за знак, што я пайду ў дом Госпада?»
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Ісаі, 38 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017