Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Ісаі 52 Ісаі 52 разьдзел

1 Прабудзіся, прабудзіся! Апраніся ў мужнасць сваю, Сіёне; апраніся ў шаты славы сваёй, Ерузалім, горад святасці! Бо не наважыцца болей неабрэзаны ды нячысты, каб прайсці праз цябе.
2 Абтрасіся ад пылу, устань, о паланянка ерузалімская! Развяжы сабе вяроўкі на шыі, паланянка, дачка Сіёна!
3 Бо вось што кажа Госпад: «Задарма былі вы прададзеныя і без срэбра адкуплены».
4 Бо вось гэта кажа Госпад: «Народ Мой калісьці перабраўся ў Егіпет, каб зрабіцца там пасяленцам, а Асірыя без прычыны прыгнятала яго.
5 А цяпер, што мне з гэтага, — кажа Госпад, — бо народ Мой забраны задарма. Валадары яго з радасці крычаць, — кажа Госпад, — і ўсцяж, штодзень блюзнераць на імя Маё.
6 Дзеля таго народ Мой пазнае імя Маё ў той дзень, бо Я Той Самы, Які гаварыў: “Вось, гэта Я!”»
7 О, як прыгожыя ногі таго, хто абвяшчае на гарах і прадказвае супакой, таго, хто абвяшчае дабро і прадказвае збаўленне, таго, хто кажа Сіёну: «Заваладарыў Бог твой».
8 Гоман вартаўнікоў тваіх: узнялі голас, разам будуць цешыцца, бо ўвачавідкі бачаць, як вяртаецца Госпад на Сіён.
9 Радуйцеся і цешцеся ўсе разам, апусцелы Ерузалім, бо суцешыў Госпад народ Свой, адкупіў Ерузалім!
10 Агаліў вось Госпад руку Сваю святую перад абліччам усіх народаў, і пабачаць збаўленне Бога нашага ўсе канцы зямлі.
11 Выйдзіце, выйдзіце, адлучыцеся ад гэтага! Не дакранайцеся ні да чаго нячыстага! Выйдзіце з сярэдзіны яго! Ачысціцеся вы, якія несяце посуд Госпада!
12 Бо выйдзеце не ў паспешнасці і не кінецеся наўцёкі; бо Госпад пойдзе наперадзе вас, і злучыць вас Бог Ізраэля.
13 «Вось жа, пашчаслівіцца Слузе Майму; узвысіцца і ўзнясецца, і будзе вельмі вялікі».
14 Як многа аслупянела перад Ім, — гэткі агідны Ён быў, быццам выгляд Яго — не чалавечы, постаць — не як у сыноў чалавечых,
15 так здзівіць Ён многія народы, цары зашчымяць вусны свае перад Ім, бо тыя, якім аб Ім не было абвешчана, убачаць і тыя, што не чулі, даведаюцца.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Ісаі, 52 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017