Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Ісаі 13 Ісаі 13 разьдзел

1 Прадказанне Бабілону, якое бачыў Ісая, сын Амоса.
2 На лысай гары ўзнясіце знак, падыміце гоман; падыміце руку, каб увайшлі ў брамы князёў.
3 «Я загадаў Маім пасвячоным; у гневе Сваім пазваў ваяроў Сваіх, якія радуюцца ў славе Маёй».
4 Гоман натоўпу ў гарах быццам вялікіх грамадаў. Гоман гучны дзяржаў сабраных разам народаў. Госпад Магуццяў аглядае войска перад бітвай;
5 прыходзяць з далёкіх краін, ад небасхілу, Госпад і сродкі Яго гневу, каб спустошыць усю зямлю.
6 Гаманіце! Бо блізкі дзень Госпадаў, быццам спусташэнне прыйдзе ад Госпада.
7 Таму ва ўсіх рукі апусцяцца ды сэрца кожнага чалавека самлее.
8 Трупянеюць. Хапаюць іх пакуты і боль, будуць яны пакутаваць, як тая, што нараджае; кожны ў аслупяненні глядзець будзе на блізкага свайго, выразы твараў іх распаленыя.
9 Вось жа, дзень Госпадаў надыходзіць, жудасны і поўны ўзбурэння, гневу і лютавання, каб зямля зрабілася пустыняй ды каб сцёр Ён грэшнікаў з яе.
10 Бо зоркі нябесныя і свяцілы яго не разальюць святла свайго; сонца зацемрыцца пры ўзыходзе сваім, і месяц не дасць святла свайго.
11 І наведаю Я свет дзеля ліха ды бязбожнікаў дзеля злачынстваў іх; і спыню Я пыху ганарыстых ды задзірыстасць моцных упакору.
12 Муж будзе радчэйшым за золата, і чалавек — за самае чыстае золата.
13 Таму страсяну нябёсы, і зямля зрушыцца з месца свайго ў абурэнні Госпада Магуццяў ды ў дзень лютавання гневу Яго.
14 І будзе [кожны], як газэль, якая ўцякае, і як авечка, і не будзе каму сабраць, — і кожны вернецца да свайго народа ды кожны ўцячэ да свайго краю.
15 Кожны, хто будзе злоўлены, — будзе забіты, і кожны, хто будзе схоплены, — падзе ад меча.
16 Дзеці іх на іх вачах будуць пабітыя, дамы іх будуць абрабаваныя, а жонкі — згвалтаваныя.
17 А Я падбуру супраць іх мідзян, якія не сквапяцца на срэбра ды золата не хочуць,
18 але лукі пасцінаюць юнакоў, і не пашкадуюць яны плода ўлоння.
19 Тады будзе Бабілон, перл валадарстваў, высокі гонар халдэяў, такім, як калі перавярнуў Госпад Садом і Гамору.
20 Не будзе ніколі больш абжытая, ані заселена з патомства ў патомства, не паставіць там араб палаткі, ані пастухі не зробяць там лежбішча.
21 Але там будуць вылежвацца дзікія звяры і напоўняць дом іх совы, а абжывуцца там страусы ды казлы гарцаваць там будуць.
22 І будуць перагуквацца ў яго палацах гіены, і ў раскошных пакоях — шакалы. Блізкі ўжо час яго, і дні яго не прадоўжацца.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Ісаі, 13 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017