1 У той дзень у зямлі Юдэйскай будзе спявана гэта песня: «Горад магутны — нам на збаўленне; паставіў Ён муры і вал.
2 Адчыніце брамы! І хай увойдзе народ справядлівы, які беражэ вернасць.
3 Намер яго — трывалы, захаваеш дзеля яго супакой, бо ў Табе мае надзею.
4 Спадзявайцеся на Госпада ў векі вечныя; Госпад — скала вечная.
5 Бо Ён скінуў тых, якія пражывалі на вышынях, упакорыць горад высокі, упакорыць яго аж да зямлі, сцягне яго ў самы пыл.
6 Стопча яго нага, ногі беднага, ногі няшчасных.
7 Сцежка справядлівага — правільная, Ты раўняеш правільную сцежку справядлівага.
8 Таксама на сцежцы прысудаў Тваіх, Госпадзе, спадзяёмся на Цябе. Да імя Твайго і да памяці пра Цябе — прагненне душы!
9 Душа мая прагне Цябе ноччу, але духам маім шукаю Цябе ў сэрцы маім. Калі заяснеюць прысуды Твае на зямлі, вучыцца будуць справядлівасці жыхары свету.
10 Аказаць міласэрнасць злачынцу — ён не навучыцца справядлівасці, на зямлі будзе чыніць ліхое ды не ўбачыць велічнасці Госпада.
11 Госпадзе, Твая рука паднятая! Але не бачаць; хай, засаромленыя, убачаць руплівасць Тваю пра народ, ды агонь на ворагаў Тваіх праглыне іх.
12 Госпадзе, Ты дасі нам супакой; бо ўсе нашы справы Ты ўчыніў для нас.
13 Госпадзе, Божа наш, не Ты, а іншыя гаспадары нас апанавалі, але мы толькі з Табой успамінаць будзем імя Тваё.
14 Памерлыя не ажывуць, пахаваныя не ўваскрэснуць. Таму наведаў Ты іх, і знішчыў, і сцёр усякі ўспамін пра іх.
15 Павялічыў Ты народ, Госпадзе, павялічыў народ, праславіўся; пашырыў усе межы зямлі.
16 Госпадзе, у нядолі шукалі яны Цябе, складалі малітвы, калі кара Твая засцігала іх.
17 Як тая, якая пачала, калі набліжаецца да родаў, балесна крычыць у пакутах сваіх, і падобнымі мы сталіся перад абліччам Тваім, Госпадзе!
18 Пачалі і пакутавалі родамі, нарадзілі ж быццам вецер. Не ўчынілі мы збаўлення на зямлі, таму і не нарадзіліся жыхары зямлі.
19 Ажывуць Твае памерлыя, забітыя мае ўваскрэснуць. Абудзіцеся і спявайце хвалебна вы, якія жывяце ў парахне, бо раса святла — раса Твая, і зямля выдасць на святло пахаваных сваіх.
20 Ідзі, народзе мой, увайдзі ў святліцы свае, зачыні дзверы свае за сабой! Схавайся на малую хвілінку, пакуль не праміне гнеў [Яго].
21 Бо, вось жа, Госпад выйдзе са Свайго месца, каб караць разбэшчанасць жыхара зямлі супраць Яго. Тады зямля выявіць кроў сваю і не схавае больш забітых сваіх».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Кніга Ісаі, 26 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017