Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Ярэміі 49 Ярэміі 49 разьдзел

1 Адносна сыноў Амона. Гэта кажа Госпад: «Ці ж Ізраэль не мае сыноў? Або ці ж не мае ён спадкаемцы? Дык чаму Мільком узяў спадчыну Гада і яго народ жыве ў гарадах іх?
2 Таму, вось, надыходзяць дні, — кажа Госпад, — і зраблю Я, што будзе чутны гармідар ваенны ў Рабе сыноў Амона, і будзе яна рассыпана ў руіны, і дочкі яе будуць спалены агнём. Тады Ізраэль зноў будзе мець уладальнікаў сваіх, — кажа Госпад.
3 Галасі, Хесебон, бо ты спустошаны і стаўся грудай камянёў! Гаманіце, дочкі Рабы, адзеньцеся ў зрэбніцу, галасіце і бегайце кругом муроў, бо Мільком пойдзе ў няволю, а святары яго і князі яго — разам з ім.
4 Чаго ганарышся лагчынамі? Расцяклася твая багатая лагчына, дачка няверная. Ты спадзявалася на багацці свае і казала: “Хто прыйдзе да мяне?”
5 Вось, Я навяду на цябе страх, — кажа Госпад, Бог Магуццяў, — ад усіх, хто акружае цябе; і вы будзеце раскіданы, кожны ў свой бок, і не будзе каму збіраць уцекачоў.
6 Але пасля таго Я змяню лёс сыноў Амона», — кажа Госпад.
7 Адносна Эдома. Гэта кажа Госпад Магуццяў: «Ці ўжо больш няма мудрасці ў Тэмане? Хіба згінула рада ў разумных і непатрэбнай сталася мудрасць іх?
8 Уцякайце, адступайце, хавайцеся ў ямы, жыхары Дэдана, бо Я наводжу загубу Эзава на яго, у час, калі пакараю яго.
9 Калі збіральнікі вінаграду прыйдуць да цябе — не пакінуць галінкі з вінаградам, а калі злодзеі прыйдуць ноччу — возьмуць, што ім будзе падабацца.
10 Я, вось, абрабоўваю Эзава, адкрываю таямніцы яго, нічога ён схаваць не зможа; вынішчаецца патомства яго, і браты яго, і суседзі яго, і не будзе.
11 Пакінь сіротаў сваіх, Я ўтрымаю іх пры жыцці, і ўдовы твае хай спадзяюцца на Мяне».
12 Бо вось што кажа Госпад: «Вось жа, тыя, якім не было наканавана піць чашы, будуць піць яе, напэўна; а ты непакараным застанешся? Не будзеш без кары, але будзеш піць, напэўна.
13 Бо Я прысягаю Самім Сабою, — кажа Госпад, — што Босра станецца пустэчаю, і пасмешышчам, і бязлюддзем, і праклёнам, і ўсе яе гарады стануцца пустэчаю навечна».
14 Пачуў я вестку ад Госпада, і вястун пасланы да народаў: «Збірайцеся і ідзіце на яго! Падрыхтуйцеся да бою».
15 «Вось, Я зраблю цябе малым сярод народаў, пагарджаным сярод людзей.
16 Падманула цябе фанабэрыя твая, і пыхлівасць сэрца твайго, цябе, што жывеш у пячорах скальных і трымаешся высокіх узгоркаў. Калі б ты высока звіў гняздо сабе, як арол, Я і адтуль сцягну цябе, — кажа Госпад. —
17 Эдом станецца пустыняй, і кожны, хто будзе праходзіць праз яго, здзівіцца і засвішча дзеля ўсіх караў яго.
18 “Як зруйнаваны былі Садом і Гамора і суседзі іх, — кажа Госпад — не будзе жыць там чалавек, і не будзе качаваць у ёй ніводзін сын чалавечы.
19 Вось ён, быццам леў, выйдзе з гушчару над Ярданам да вечна зялёных паплавоў, ды Я ў момант змушу іх уцякаць адтуль, а над імі пастаўлю таго, хто будзе абраны. Бо хто да Мяне падобны або хто пакліча Мяне на суд? І хто той пастыр, які ўстаіць перад абліччам Маім?»
20 Дзеля таго паслухайце намеры Госпада, якія вырашыў Ён адносна Эдома, і думкі Яго, якія мае Ён адносна жыхароў Тэмана: выцягнуць нават найменшых са статку, і спустошаны ў іх будуць пашы іх.
21 На вестку пра знішчэнне іх дрыжыць зямля, і крык чутны над морам Чырвоным.
22 Вось, як арол, падымецца ён, і ўзляціць, і раскіне крылы свае над Босраю, і сэрца мужных у Эдоме ў той дзень станецца падобным да сэрца жанчыны парадзіхі.
23 Адносна Дамаска. «Сорамам пакрыліся Эмат і Арпад, бо пачулі яны вестку ліхую, і трывожацца яны, як мора неспакойнае, якое супакоіцца не можа.
24 Аслабеў Дамаск, павярнуўся наўцёкі, ахапіў яго страх, мучэнні і болі апанавалі яго, як парадзіху.
25 Няўжо ж не ўцалее горад слаўны, горад весялосці?
26 “Таму ўпадуць юнакі яго на вуліцах яго, і ўсе ваяры загінуць у той дзень, — кажа Госпад Магуццяў. —
27 І распалю Я агонь на мурах Дамаска, і паглыне ён палацы Бэнадада”».
28 Адносна Кедара і царства ў Асоры, якія пабіў Набукаданосар, цар Бабілона. Гэта кажа Госпад: «Устаньце, ідзіце на Кедар і нішчыце сыноў Усходу!
29 Забяруць палаткі іх, і статкі іх, і покрывы іх, разам увесь посуд іх і вярблюдаў іх забяруць сабе і будуць крычаць на іх: “Жах навокал”.
30 Уцякайце, выходзьце хутчэй, сядзіце ў сховішчах, вы, жыхары Асора, — кажа Госпад, — бо супраць вас паўстаў Набукаданосар, цар Бабілона, і мае ён супраць вас намеры.
31 Устаньце і ідзіце на народ спакойны, які пражывае бяспечна, — кажа Госпад; — няма ў іх брамаў, і засавак, і жывуць яны самі па сабе.
32 Вярблюды іх будуць на здабычу, а мноства жывёлы — на рабунак. Я разганю іх на ўсе вятры, тых, што падразаюць валасы на скронях, і з усіх бакоў іх прывяду пагібель на іх, — кажа Госпад. —
33 І станецца Асор прыстанішчам шакалаў і пустыняй вечнай. Ніхто там не будзе жыць, і не будзе ў ім качаваць сын чалавечы».
34 Вось якое было слова Госпада Ярэміі прароку адносна Элама на пачатку царавання Сэдэцыі, цара Юдэйскага:
35 Гэта кажа Госпад Магуццяў: «Я, вось, зламлю лук Элама, галоўную сілу яго.
36 І прывяду на Элам чатыры вятры з чатырох канцоў неба, і развею іх на ўсе гэтыя вятры так, што не будзе такога народа, куды б не дайшлі выгнанцы з Элама.
37 І навяду страх на Элам перад ворагамі іх на віду тых, што цікуюць на душы іх. І навяду на іх ліха і лютасць гневу Майго, — кажа Госпад, — і пашлю за імі меч, пакуль не вынішчу іх.
38 І пастаўлю Я Свой пасад у Эламе, і вынішчу там цара і князёў, — кажа Госпад. —
39 Аднак у будучых днях змяню лёс Элама», — кажа Госпад.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Ярэміі, 49 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017