1 На пачатку валадарання Сэдэцыі, сына Осіі, цара Юдэйскага, было слова гэтае ад Госпада Ярэміі, што казала:
2 «Гэта сказаў Госпад: “Зрабі сабе путы і ярмо і ўскладзі іх сабе на шыю.
3 Потым пашлі іх цару Эдома і цару Мааба, і цару аманіцян, і цару Тыра, і цару Сідона праз іх пасланцоў, якія прыбылі ў Ерузалім да Сэдэцыі, цара Юдэйскага”.
4 І загадай ім, каб перадалі сваім уладарам: гэта кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: “Так маеце сказаць сваім уладарам:
5 “Гэта Я стварыў зямлю, чалавека і жывёлу, якія ёсць на паверхні зямлі, Сваёй вялікай сілай і Сваёй узнятай рукой; і Я даю яе таму, каму Мне спадабаецца.
6 І вось цяпер даў Я ўсе гэтыя землі ў рукі Набукаданосара, цара Бабілона, Майго паслугача, аддаю яму нават палявых звяроў, каб яму служылі.
7 І будуць служыць яму ўсе народы, і сыну яго, і сыну яго сына, пакуль не прыйдзе час таксама і на саму яго зямлю; і будуць служыць яму вялікія народы і вялікія цары.
8 Народ і царства, якія не хацелі б служыць Набукаданосару, цару Бабілона, і якія не схілілі шыі сваёй пад ярмо цара Бабілона, Я наведаю голадам і мечам, і заразай, — кажа Госпад, — пакуль не аддам іх у яго рукі.
9 Вы ж не слухайце вашых прарокаў, ані чараўнікоў, ані варажбітоў, ані шаптуноў, ані вешчуноў, якія гавораць вам: “Не будзеце вы служыць цару Бабілона”,
10 бо прадказваюць яны вам няпраўду, каб вас выдаліць з вашай зямлі, і каб Я вас выгнаў, і каб вы загінулі.
11 Што ж да народа, які схіліць шыю сваю пад ярмо цара Бабілона і будзе яму служыць, то Я пакіну яго ў сваёй зямлі, — кажа Госпад, — і будзе ён абрабляць яе і на ёй пражываць”».
12 Да Сэдэцыі, цара Юдэйскага, прамаўляў я згодна з гэтымі ўсімі словамі, так кажучы: «Скарыце шыі свае пад ярмо цара Бабілона, служыце яму і народу яго, і будзеце жыць.
13 Нашто паміраць вам, табе і народу твайму, ад меча, голада і заразы, як гэта прадказаў Госпад аб народзе, які не хацеў бы служыць цару Бабілона?
14 Не слухайце слоў прарокаў, якія кажуць вам: “Не будзеце служыць цару Бабілона”, бо яны гавораць вам хлусню.
15 “Не пасылаў Я іх, — кажа Госпад, — і яны праракуюць у імя Маё няпраўду, каб Я выкінуў вас і каб вы пагінулі там, як тыя прарокі, што прадказваюць вам”.
16 А да святароў і да гэтага народа я прамаўляў, кажучы: “Гэта кажа Госпад: “Не слухайце слоў вашых прарокаў, якія праракуюць вам, кажучы: “Вось, пасудзіны дома Госпада вернуцца хутка цяпер з Бабілона”. Бо праракуюць яны вам няпраўду.
17 Не слухайце ж іх, і будзьце пакорныя цару Бабілона, і будзеце жыць. Навошта пераўтвараць гэты горад у пустыню?
18 І калі яны сапраўды прарокі і ў іх ёсць слова Госпада, хай бы яны прыйшлі да Госпада, каб посуд, які застаўся ў доме Госпада, у палацы цара Юды і ў Ерузаліме, не адышоў у Бабілон”».
19 Гэта вось кажа Госпад Магуццяў аб слупах, аб моры і аб падножжах і аб рэшце посуду, якія пакінуты былі ў гэтым горадзе,
20 якія не забраў Набукаданосар, цар Бабілона, калі павёў з Ерузаліма ў Бабілон Ёахіна, сына Ёакіма, цара Юдэйскага, разам з усімі вяльможамі Юдэі і Ерузаліма.
21 Бо гэта вось кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля, пра посуд, што застаўся ў доме Божым і ў палацы цара Юдэйскага ў Ерузаліме:
22 «Будзе ён перанесены ў Бабілон і там застанецца аж да дня наведання яго, у якім Я паруплюся аб ім, — кажа Госпад. — І Я зраблю так, што яно з’явіцца, і Я вярну на гэтае месца».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Кніга Ярэміі, 27 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017