Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Ярэміі 42 Ярэміі 42 разьдзел

1 І прыступілі ўсе кіраўнікі войскаў, гэта значыць Ёханан, сын Карэя, і Езанія, сын Асаі, ды ўвесь народ, ад малога да вялікага,
2 і сказалі прароку Ярэміі: «Хай спадзе наша маленне перад абліччам тваім! Маліся за нас да Госпада, Бога твайго, за ўсю гэтую рэшту, бо засталося нас нямнога з вялікае лічбы, як ты бачыш на ўласныя вочы,
3 і няхай Госпад, Бог твой, пакажа нам дарогу, якою маем ісці, і што мы маем рабіць».
4 І прарок Ярэмія адказаў ім: «Я чую. Вось, я памалюся да Госпада, Бога вашага, паводле слоў вашых, і кожнае слова, якім Ён адкажа вам, перакажу вам, і не схаваю ад вас нічога».
5 А яны сказалі Ярэміі: «Няхай Госпад будзе нам сведкам верным і праўдамоўным, калі мы не будзем рабіць паводле кожнага слова, з якім паслаў цябе да нас Госпад, Бог твой.
6 Ці будзе гэта добра, ці блага, паслухаемся голасу Госпада, Бога нашага, да Якога цябе пасылаем, каб нам было добра, калі мы паслухаемся голасу Госпада, Бога нашага».
7 Калі ж мінула дзесяць дзён, было слова Госпада да Ярэміі.
8 І паклікаў ён Ёханана, сына Карэя, і ўсіх кіраўнікоў войска, якія былі з ім, а таксама ўвесь народ, ад малога да вялікага,
9 і сказаў ім: «Гэта кажа Госпад, Бог Ізраэля, да Якога вы паслалі мяне, каб распасцёр я перад Ім вашу просьбу:
10 “Калі застанецеся стала жыць у гэтай зямлі, Я адбудую вас і не зруйную, насаджу вас, а не вырву, бо цяпер ахапіў Мяне жаль за тое ліха, якое зрабіў вам.
11 Не бойцеся цара Бабілона, перад якім вы, нясмелыя, дрыжыце, не палохайцеся яго, — кажа Госпад, — бо Я з вамі, каб вас збавіць і вырваць з рукі яго.
12 Я дам вам атрымаць міласэрнасць, і ён злітуецца над вамі і дазволіць вам жыць у сваёй зямлі.
13 А калі вы скажаце: “Не будзем жыць у гэтай зямлі”, ды не паслухаеце голасу Госпада, Бога вашага,
14 і скажаце: “Не! Мы накіруемся ў зямлю Егіпецкую, дзе не будзем бачыць вайны, і чуць поклічу трубы, і не будзем цярпець голаду, і там будзем жыць”, —
15 дзеля гэтага цяпер паслухайце слова Госпада, рэшта Юды. Гэта кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: “Калі вы звярнулі абліччы свае, каб пайсці ў Егіпет, і пойдзеце, каб там качаваць,
16 дасягне вас там, у зямлі Егіпецкай, меч, якога баіцеся, а таксама голад, якога палохаецеся, будзе спадарожнічаць вам у Егіпце, і там вы паўміраеце.
17 І людзі, якія звярнулі абліччы свае, каб пайсці ў Егіпет і там качаваць, памруць ад меча, голаду і пошасці, і ніводзін з іх не застанецца і не ўсцеражэцца ад няшчасця, якое Я навяду на іх”».
18 Гэта, вось, кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: «Як ўзгарэўся Мой гнеў і абурэнне Маё на жыхароў Ерузаліма, так узгарыцца Маё абурэнне на вас, калі вы пойдзеце ў Егіпет. І станецеся вы праклёнам, страхоццем, знявагаю і здзекам, і месца гэтага болей не пабачыце».
19 Слова Госпада да вас, рэшта Юды: «Не ідзіце ў Егіпет». Ведайце добра, што я перасцярог вас сёння,
20 вы легкадумна наклікалі ліха на сябе, калі пасылалі мяне да Госпада, Бога нашага, кажучы: «Маліся за нас да Госпада, Бога нашага, і паведамі нам усё, што скажа табе Госпад, Бог наш, а мы гэта выканаем».
21 Дык я пераказаў вам сёння, але вы не слухаеце голасу Госпада, Бога вашага, аб усім тым, з чым Ён мяне паслаў да вас.
22 Цяпер жа ведайце добра, што паўміраеце ад меча, голаду і пошасці ў месцы, да якога хочаце ісці ды там качаваць.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Ярэміі, 42 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017