Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Ярэміі 14 Ярэміі 14 разьдзел

1 Вось якое было слова Госпада да Ярэміі пра засуху:
2 «Смутак ахапіў Юдэю, і брамы яе поўныя жалобы, пахіліліся сумна да зямлі, ды падымаецца галашэнне Ерузаліма.
3 Магнаты іх пасылаюць слуг сваіх па ваду; прыходзяць яны да вадаёмаў і не знаходзяць вады. Прыносяць яны назад збаны свае пустыя; асаромленыя і збянтэжаныя, і закрываюць галовы сабе.
4 З прычыны запусцення зямлі, бо не падае дождж на зямлю, сумныя земляробы, пакрылі свае галовы.
5 Нават аленіха родзіць на полі і пакідае свайго малога, бо няма травы.
6 І дзікія аслы стаяць на ўзгорках і хапаюць паветра, як шакалы; вочы іх мутнеюць, бо няма травы».
7 «Калі нават нашы грахі сведчаць супраць нас, Госпадзе, Ты ўчыні дзеля імя Твайго, бо шматлікія нашы праступкі, зграшылі мы супраць Цябе.
8 Надзея Ізраэля, Збаўца яго ў часе трывогі, чаму Ты — быццам чужынец у краіне ды быццам падарожнік, які збочвае на начлег?
9 Чаму Ты — быццам чалавек разгублены, як волат, які не можа ратаваць? Ты ж паміж нас, Госпадзе, і імя Тваё прызываюць у нас, не пакідай нас!»
10 Так кажа Госпад гэтаму народу: «Любяць яны надта вандраваць, ног сваіх не шкадуюць і Госпаду не падабаюцца. Цяпер Ён прыгадаў злачынствы іх і за іх грахі карае».
11 І сказаў Госпад мне: «Не прасі дабра гэтаму народу.
12 Калі б нават посціліся яны, не выслухаю просьбы іх; ды калі б складалі цэласпаленні і ахвяры з ежы, не прыму іх, бо буду вынішчаць іх мечам, голадам і пошасцю».
13 А я сказаў: «О Госпадзе, Божа, вось жа, прарокі кажуць ім: “Не ўгледзіце меча, і голаду не пакаштуеце, але сапраўдны супакой дасць Ён вам на гэтым месцы”».
14 І сказаў Госпад мне: «Прарокі абвяшчаюць ілжыва ў імя Маё. Я не пасылаў іх, і не даваў ім загадаў, і не прамаўляў да іх. Падманнае бачанне і прадказанне, ашуканства ды аблуднасць сэрца свайго прарочаць яны вам».
15 Таму вось што кажа Госпад супраць прарокаў: «Яны праракуюць у імя Маё, але Я іх не пасылаў. Яны кажуць: “Меча і голаду не будзе ў гэтай зямлі”, але ад меча і голаду прападуць прарокі тыя,
16 а людзі, якім яны праракуюць, будуць выкінуты на вуліцы Ерузаліма на голад і на меч, і не будзе каму пахаваць іх; самі яны і жонкі іх, сыны і дочкі іх; — і вылью на іх ліхоту іх.
17 І ты скажаш ім гэтае слова: “Хай вочы мае выліваюць слёзы ноччу і днём без перапынку, бо вялікай пакутай спакутавана дзяўчына, дачка майго народа, няшчасце дужа вялікае.
18 Калі выйду ў палі, — вось, там забітыя мечам! І калі ўвайду ў горад, — вось, там замучаныя голадам! Нават прарок і святар ходзяць па зямлі, нічога не разумеючы”».
19 «Ці сапраўды адпіхнуў Ты Юду, або, можа, Сіёнам абрыдзілася душа Твая? Чаму Ты крануў нас плягаю без магчымасці аздараўлення? Спадзяваліся мы на супакой, але добрага няма; час вылечыцца — і вось, трывога!
20 Прызнаём, Госпадзе, свае злачынствы, злачынствы бацькоў нашых, бо зграшылі мы супраць Цябе!
21 Не аддавай нас на ганьбу дзеля імя Твайго, не чыні абразы пасаду славы Тваёй! Памятай, не разрывай запавету Свайго з намі!
22 Ці ёсць сярод багоў паганскіх такія, што маглі б паслаць дождж? Ці, можа, нябёсы самі могуць даць ліўні? Ці ж не Ты — Госпад, Бог наш, Якога мы чакаем? Ты ж учыніў усё гэта».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Ярэміі, 14 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017