Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Ярэміі 25 Ярэміі 25 разьдзел

1 Слова, якое было да Ярэміі аб усім народзе Юды ў чацвёртым годзе Ёахіна, сына Осіі, цара Юдэйскага, — а быў гэта першы год Набукаданосара, цара Бабілона, —
2 якое прамовіў прарок Ярэмія ўсяму народу Юдэйскаму ды ўсім жыхарам Ерузаліма:
3 «Пачаўшы ад трынаццатага года Осіі, сына Амона, цара Юдэйскага, аж да гэтага дня, — а гэты год ужо дваццаць трэці, — было слова Госпада да мяне, і я гаварыў яго вам, нават ноччу ўстаючы і гаворачы, а вы не слухалі.
4 І пасылаў Госпад да вас усіх сваіх паслугачоў-прарокаў, без перапынку, але вы не слухалі і не нахілялі вушэй вашых, каб паслухаць,
5 калі гаварыў: “Навярніцеся кожны з ліхога свайго шляху ды ад найгоршых намераў вашых, і будзеце жыць у зямлі, якую даў Госпад вам і бацькам вашым спрадвеку і навечна.
6 І не хадзіце за чужымі багамі, каб служыць ім і пакланяцца ім і каб Мяне не даводзіць да гневу дзеяннямі рук вашых, і Я не прывяду на вас няшчасце.
7 Але вы не паслухалі Мяне, — кажа Госпад, — каб давесці Мяне да гневу праз дзейнасць рук вашых, на ваша ліха”.
8 Таму вось што кажа Госпад Магуццяў: “Дзеля таго, што вы не паслухалі слоў Маіх,
9 вось, Я пашлю і збяру ўсе плямёны і ўсе пакаленні Поўначы, — кажа Госпад, — і Набукаданосара, цара Бабілона, Майго паслугача. Я прывяду іх супраць гэтай зямлі, супраць яе жыхароў ды супраць усіх народаў, якія вакол яе; — і заб’ю іх, і выстаўлю іх як страхоцце на пасмяянне і на вечную пагібель.
10 І забяру Я ад іх голас радасці і голас весялосці, голас жаніха і голас нявесты, голас жорнаў і святло лямпы,
11 і будзе ўся гэтая зямля пустыняю і аслупяненнем, а народы гэтыя ўсе будуць служыць цару Бабілона семдзесят гадоў.
12 А па сямідзесяці гадах Я пакараю цара Бабілона і гэты народ, — кажа Госпад, — за іх грахі, і зямлю халдэйскую, і зраблю яе вечнай пустыняй.
13 Я споўню на гэтай зямлі ўсе Свае словы, якія сказаў супраць яе; усё, што напісана ў гэтай кнізе, што праракаваў Ярэмія супраць усіх народаў.
14 Бо будуць служыць ім таксама і тыя вялікія народы, і вялікія цары; і Я аддам ім паводле ўчынкаў іх ды паводле дзейнасці рук іх”».
15 Бо, вось, так кажа Госпад, Бог Ізраэля, да мяне: «Вазьмі з Маёй рукі келіх віна гэтага гневу ды дай з яго піць усім народам, да якіх Я пашлю цябе.
16 Хай п’юць, і хістаюцца, і шалеюць ад віда меча, які пашлю Я на іх».
17 Дык узяў я келіх з рукі Госпада і даў піць усім народам, да якіх паслаў мяне Госпад:
18 Ерузаліму і гарадам юдэйскім, іх царам і князям, каб зрабіць з іх пустэчу і аслупяненне, пасмешышча і праклён, як гэта ёсць сёння,
19 фараону, цару Егіпецкаму, яго паслугачам, яго князям ды ўсяму яго народу;
20 ды наогул цэламу народу і ўсім царам зямлі Уц, ды ўсім царам зямлі Філістынскай, Аскалону, Газе, Акарону і тым, што засталіся з Азота;
21 Эдому, Маабу і сынам Амона,
22 і ўсім царам Тыра, і ўсім царам Сідона, разам усім царам заморскіх астравоў;
23 Дэдану і Тэме, Бузу ды ўсім, якія стрыгуць валасы на скронях;
24 ды ўсім царам арабскім, усім царам шматлікіх народаў, якія пражываюць на пустыні;
25 усім царам Зімры, усім царам Элама і ўсім царам мідзянскім;
26 Таксама ўсім царам Поўначы, блізкім і далёкім, аднаму за другім; усім царствам зямлі, якія ёсць на паверхні яе, а цар Сэсаха будзе піць пасля іх».
27 «І ты скажаш ім: гэта кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: “Піце, і напівайцеся, і ванітуйце, і падайце, і не падымайцеся на віду меча, які Я пашлю паміж вас”.
28 Калі не будуць хацець узяць келіх з тваёй рукі, каб піць, скажы ім: гэта кажа Госпад Магуццяў: “Мусіце выпіць!
29 Бо, вось, у горадзе, над якім прызывана імя Маё, пачынаю Я чыніць няшчасце, а вы ці будзеце бяспечнымі? Не будзеце бяспечнымі, бо Я клічу меч на ўсіх жыхароў зямлі”, — кажа Госпад Магуццяў.
30 А ты праракуй ім усе гэтыя словы і скажы ім: “Госпад прагрыміць з нябёсаў, ды з сядзібы Сваёй святой падасць голас Свой; прагрыміць магутна над выганамі Сваімі, загучыць, быццам бы вокліч выціскальнікаў, на ўсіх жыхароў зямлі.
31 Даходзіць гармідар аж да канцоў зямлі, бо ў Госпада — суд з народамі; ідзе Ён на суд з кожным целам; бязбожнікаў аддае мечу”, — кажа Госпад.
32 Гэта кажа Госпад Магуццяў: “Вось, няшчасце ахоплівае народ за народам, уздымаецца страшэнная бура з канцоў зямлі.
33 І будуць забітыя Госпадам у гэты дзень ад аднаго канца зямлі да другога яе канца; ніхто не будзе па іх плакаць, ані іх збіраць, ані іх хаваць: і застануцца яны, як гной, на паверхні зямлі”.
34 Падыміце лямант, пастыры, і галасіце! Качайцеся вы ў пыле, правадыры статку, бо вось, споўніліся дні вашы для зарэзу і для раскідання вашага, і вы ўпадзеце, як тлустыя авечкі.
35 І не будзе дзе схавацца пастырам, і не будзе ратунку для правадыроў статку.
36 Уздымаецца крык пастыраў і лямант правадыроў статку, бо Госпад пустошыць іх выганы.
37 І нішчэюць спакойныя пашы перад лютасцю гневу Госпада.
38 Ён пакінуў, быццам леў, сховішча Сваё, бо зямля іх сталася пустыняю перад знішчальным мечам ды перад лютасцю гневу Госпада».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Ярэміі, 25 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017