Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Ярэміі 52 Ярэміі 52 разьдзел

1 Сэдэцыя меў дваццаць адзін год, калі стаў царом, і цараваў адзінаццаць гадоў у Ерузаліме. І маці яго называлася Аміталь, дачка Ярэміі з Лебны.
2 І рабіў ён ліхое ў вачах Госпада, падобна ўсяму таму, як рабіў Ёакім,
3 бо гнеў Госпада на Ерузалім і Юду быў такі, што Ён адпіхнуў іх ад аблічча Свайго. Тады вось Сэдэцыя адступіўся ад цара Бабілона.
4 І сталася ў дзевятым годзе яго царавання, у дзесятым месяцы, у дзесяты дзень месяца, прыйшоў цар Бабілона Набукаданосар, ён і ўсё войска яго, супраць Ерузаліма; і абклалі яго, і збудавалі супраць яго валы наўкола.
5 І горад быў у аблозе аж да адзінаццатага года цара Сэдэцыі.
6 У чацвёртым месяцы, дзевятага дня месяца запанаваў голад у горадзе, і не было ўжо хлеба для народа зямлі.
7 І зроблены быў вылам у муры горада, і ўсе ваяры пабеглі з горада і ўцяклі ноччу праз браму між падвоенымі мурамі, якая вядзе ў царскі сад, а халдэі былі вакол горада. І выйшлі яны дарогай у кірунку да Арабы.
8 І войска халдэйскае гналася за царом, і дагналі Сэдэцыю на раўніне каля Ерыхона, а ўсё войска яго разбеглася ад яго.
9 І схапілі цара, і завялі яго ў Рэблу ў зямлі Эмат да цара Бабілона; і той выдаў на яго прысуд.
10 І цар Бабілона забіў сыноў Сэдэцыі на яго вачах, а таксама ўсіх князёў юдэйскіх забіў у Рэблі.
11 А потым вырваў вочы Сэдэцыі і закаваў у падвоеныя медныя кайданы, і павёў яго цар Бабілона ў Бабілон, і ўкінуў яго ў вязніцу аж да дня яго смерці.
12 У пятым месяцы, у дзесяты дзень месяца, а быў гэта дзевятнаццаты год Набукаданосара, цара Бабілона, увайшоў у Ерузалім Набузардан, кіраўнік целаахоўнікаў, які стаяў перад царом Бабілона.
13 І спаліў ён дом Госпада і палац цара, а таксама ўсе дамы ў Ерузаліме, і кожны вялікі дом спаліў агнём.
14 А ўсё войска халдэйскае, якое было з кіраўніком целаахоўнікаў, разбурыла ўвесь мур вакол Ерузаліма.
15 А частку беднага народа і рэшту люду, што засталася ў горадзе, а таксама частку ўцекачоў, якія перайшлі да цара Бабілона, ды рэшту рамеснікаў Набузардан, кіраўнік целаахоўнікаў, перасяліў у няволю.
16 Толькі некаторых з бяднейшых людзей зямлі Набузардан, кіраўнік целаахоўнікаў, пакінуў як вінаградараў і земляробаў.
17 І паламалі халдэі медныя слупы, якія былі ў святыні Госпада, і падножжы, і меднае мора, што было ў доме Госпада ў святыні, і ўсю медзь іх вывезлі ў Бабілон.
18 І ўзялі яны таксама катлы, лапаткі, нажніцы, крапільніцы, лыжкі і ўвесь медны посуд, якім карысталіся пры служэнні,
19 кіраўнік целаахоўнікаў забраў таксама курыльніцы, крапільніцы, катлы, падсвечнікі, чары і міскі, і што было з чыстага золата, і што было з чыстага срэбра.
20 І не можна было зважыць медзі з усіх тых рэчаў: з двух слупоў, аднаго мора, дванаццаці медных валоў: яны былі падножжам, якое зрабіў цар Саламон для святыні Госпада.
21 Слупы мелі васемнаццаць локцяў вышыні кожны, і шнур на дванаццаць локцяў апаясваў іх, а таўшчыня іх — чатыры пальцы, а ў сярэдзіне былі пустыя.
22 На кожным была галавіца з медзі, а вышыня аднае галавіцы была пяць локцяў, і сеціва з яблыкамі граната было кругом галавіцы, ўсё з медзі. А другі слуп быў такі самы.
23 І было разам дзевяноста шэсць яблыкаў граната размешчана ўздоўж, а ўсяго было вакол на сеціве сто яблыкаў граната.
24 Кіраўнік целаахоўнікаў узяў таксама Сараю, першасвятара, і Сафонію, другога святара, поруч трох прыдзвернікаў.
25 А з горада ўзяў ён аднаго еўнуха, які быў кіраўніком войска, і сем чалавек з ліку тых, якія бачылі аблічча цара, якіх знайшлі ў горадзе, і пісара кіраўніка войскаў, які запісваў у войска людзей зямлі, а таксама шэсцьдзесят чалавек з людзей зямлі, якіх знайшлі ў горадзе.
26 І ўзяў іх Набузардан, кіраўнік целаахоўнікаў, і завёў іх да цара Бабілона ў Рэблу.
27 І цар Бабілона забіў іх, і замардаваў іх у Рэблі, у зямлі Эмат. І быў выселены Юда з зямлі сваёй.
28 Вось той народ, які вывеў у няволю Набукаданосар: у сёмым годзе — тры тысячы дваццаць тры юдэі;
29 у васемнаццатым годзе Набукаданосара — восемсот трыццаць дзве душы з Ерузаліма.
30 У дваццаць трэцім годзе Набукаданосара кіраўнік целаахоўнікаў Набузардан завёў у няволю семсот сорак пяць душ юдэяў. Усіх разам чатыры тысячы шэсцьсот.
31 І сталася ў трыццаць сёмым годзе па высяленні ў няволю Ёахіна, цара Юдэйскага, у дванаццаты месяц, дваццаць пятага дня месяца, Эвілмэрадах, цар Бабілона, у год, у які пачаў цараваць, узняў галаву Ёахіну, цару Юдэйскаму, і вывеў яго з вязніцы.
32 І ён гаварыў з ім ласкава, і паставіў яго пасад па-над пасадамі цароў, якія былі з ім у Бабілоне.
33 І памяняў Ёахін свае шаты вязнічныя, і еў заўсёды перад царом ува ўсе дні жыцця свайго.
34 І ўтрыманне яго, утрыманне пастаяннае, было дадзена яму царом Бабілона трывала на кожны дзень, аж да дня смерці яго, ва ўсе дні жыцця яго.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Ярэміі, 52 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017