Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Ярэміі 38 Ярэміі 38 разьдзел

1 І пачулі Сафація, сын Матана, Гадалія, сын Пасура, і Юкал, сын Сэлеміі, і Пасур, сын Мэльхіі, словы, якія прамаўляў Ярэмія да ўсяго народа, кажучы:
2 «Гэта кажа Госпад: “Хто застанецца ў гэтым горадзе, памрэ ад меча, голаду і пошасці, хто ж пяройдзе да халдэяў, застанецца жыць, і душа яго будзе здабычаю яму, і будзе жыць”.
3 Гэта кажа Госпад: “Дакладна, горад гэты будзе выдадзены ў рукі войска цара Бабілона, і ён здабудзе яго”».
4 Дык князі сказалі цару: «Мы прасілі забіць гэтага чалавека, бо ён наўмысна аслабляе рукі ваяроў, якія засталіся ў гэтым горадзе, і рукі ўсяго народа, калі да іх гаворыць падобныя словы. Чалавек гэты не шукае спакою для гэтага народа, але няшчасця!»
5 І сказаў цар Сэдэцыя: «Вось, ён у вашых руках! Не можа бо цар ні ў чым вам запярэчыць».
6 І ўзялі яны Ярэмію, і ўкінулі яго ў яму Мэльхія, сына цара, якая знаходзілася на вартавым панадворку. І спусцілі Ярэмію на вяроўках. І не было ў яме вады, адно балота; і, такім чынам, трапіў Ярэмія ў бруд.
7 І пачуў Абэд-Мэлек з Этыёпіі, адзін з еўнухаў, што быў у доме цара, што Ярэмію кінулі ў яму, а цар сядзеў акурат у браме Бэньяміна,
8 і выйшаў Абэд-Мэлек з дома цара, і прамовіў цару, кажучы:
9 «Валадару мой, цар! Гэтыя людзі зрабілі благое ўва ўсім, што ўчынілі прароку Ярэмію, укідваючы яго ў яму. Бо памрэ ж ён з голаду там, тым больш што няма ўжо хлеба ў горадзе!»
10 І загадаў цар Абэд-Мэлеку з Этыёпіі, кажучы: «Вазьмі сабе адсюль трыццаць чалавек і выцягні прарока Ярэмію з ямы перш, чым ён памрэ».
11 І Абэд-Мэлек, узяўшы з сабою людзей, пайшоў у дом цара, у пакой, што быў пад скарбніцай, узяў адтуль анучы са старога адзення ды лахманы і спусціў іх на вяроўках Ярэмію ў яму.
12 І сказаў Абэд-Мэлек з Этыёпіі Ярэмію: «Падкладзі сабе гэтыя старыя анучы пад пахі і пад вяроўкі». І Ярэмія зрабіў гэтак.
13 І выцягнулі Ярэмію на вяроўках, і дасталі яго з ямы. І сядзеў Ярэмія на панадворку варты.
14 Тады цар Сэдэцыя паслаў прывесці прарока Ярэмію да яго, да трэцяга ўваходу, які быў у доме Госпада. І сказаў цар Ярэмію: «Папытаюся ў цябе пра адну рэч, і ты не ўтойвай нічога ад мяне!»
15 І сказаў Ярэмія Сэдэцыі: «Калі прадкажу табе, хіба не заб’еш мяне? А калі дам табе раду, не паслухаеш мяне».
16 І прысягнуў цар Сэдэцыя патаемна Ярэмію гэтымі словамі: «Жывы Госпад, Які даў нам гэтую душу, не заб’ю цябе і не выдам цябе ў рукі людзей, тых, якія цікуюць на тваю душу!»
17 Тады Ярэмія сказаў Сэдэцыі: «Гэта кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля. Калі ты добраахвотна выйдзеш да князёў цара Бабілона, то будзе жыць душа твая, і горад гэты не будзе спалены агнём, і ты будзеш жыць, і дом твой.
18 Калі ж не выйдзеш да князёў цара Бабілона, то горад гэты трапіць у рукі халдэяў, і спаляць яго агнём, і сам ты не ўхаваешся ад рукі іх».
19 І сказаў цар Сэдэцыя Ярэміі: «Я баюся жыхароў Юдэі, якія перайшлі да халдэяў, каб яны часам не выдалі мяне ў іх рукі і каб не здзекаваліся з мяне».
20 Ярэмія адказаў: «Не выдадуць яны цябе. Паслухай, калі ласка, голасу Госпада ў справе, аб якой я табе кажу, і выйдзе табе гэта на добрае, і будзе жыць душа твая.
21 Калі ж адмовішся выйсці, вось слова, якое паказаў мне Госпад:
22 “Вось, усе жанчыны, якія засталіся ў доме цара Юды, вядуцца да князёў цара Бабілона і крычаць: “Падманулі цябе і ашукалі цябе сябры твае; ногі твае ўгразлі ў балоце, а яны ўцяклі ад цябе.
23 І ўсе жонкі твае, і сыны твае будуць заведзены да халдэяў, і ты не ўцячэш ад рук іх, але будзеш схоплены рукою цара Бабілона; і горад гэты будзе спалены агнём”».
24 І сказаў Сэдэцыя Ярэміі: «Хай ніхто не ведае гэтых слоў, і ты не памрэш!
25 Калі ж пачуюць князі, што я гаварыў з табой, прыйдуць яны да цябе і скажуць табе: “Скажы нам, аб чым гаварыў ты з царом? Нічога не хавай перад намі, тады не заб’ём цябе! Дык што табе казаў цар?”
26 Тады ты скажаш ім: “Я ўзносіў свае маленні да цара, каб ён не загадаў зноў вярнуцца мне ў дом Ёнатана, бо там я памру”».
27 І сапраўды прыйшлі да Ярэміі ўсе князі і запыталіся ў яго. І ён адказаў ім згодна з усім тым, што загадаў яму цар, і пакінулі яго ў супакоі, бо ніхто нічога не пачуў, пра што яны гаварылі.
28 І сядзеў Ярэмія далей на панадворку варты аж да дня, калі быў здабыты Ерузалім.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Ярэміі, 38 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017