Ераміі 38 разьдзел

Кніга прарока Ераміі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

І пачулі Сафатыя, сын Матанаў, і Гадолія, сын Пасхораў, і Юхал, сын Сэлэміін, і Пасхор, сын Малхіін, словы, якія Ерамія прамовіў да ўсяго люду, кажучы:
 
І пачулі Сафація, сын Матана, Гадалія, сын Пасура, і Юкал, сын Сэлеміі, і Пасур, сын Мэльхіі, словы, якія прамаўляў Ярэмія да ўсяго народа, кажучы:

так кажа Гасподзь: хто застанецца ў гэтым горадзе, памрэ ад меча, голаду і пошасьці з паморкам; а хто выйдзе да Халдэяў, будзе жывы, і душа яму будзе замест здабычы, і ён застанецца жывы.
 
«Гэта кажа Госпад: “Хто застанецца ў гэтым горадзе, памрэ ад меча, голаду і пошасці, хто ж пяройдзе да халдэяў, застанецца жыць, і душа яго будзе здабычаю яму, і будзе жыць”.

Так кажа Гасподзь: мусова будзе аддадзены горад гэты ў рукі войска цара Вавілонскага, і ён возьме яго.
 
Гэта кажа Госпад: “Дакладна, горад гэты будзе выдадзены ў рукі войска цара Бабілона, і ён здабудзе яго”».

Тады князі сказалі цару: «хай будзе гэты чалавек аддадзены сьмерці, бо ён аслабляе рукі воінам, якія застаюцца ў гэтым горадзе, і рукі ўсяму народу, кажучы ім такія словы; бо гэты чалавек не дабрадзенства зычыць народу гэтаму, а бедства»,
 
Дык князі сказалі цару: «Мы прасілі забіць гэтага чалавека, бо ён наўмысна аслабляе рукі ваяроў, якія засталіся ў гэтым горадзе, і рукі ўсяго народа, калі да іх гаворыць падобныя словы. Чалавек гэты не шукае спакою для гэтага народа, але няшчасця!»

і сказаў цар Сэдэкія: «вось, ён у вашых руках, бо цар нічога ня можа рабіць насуперак вам».
 
І сказаў цар Сэдэцыя: «Вось, ён у вашых руках! Не можа бо цар ні ў чым вам запярэчыць».

Тады ўзялі Ерамію і ўкінулі яго ў яму Малхіі, сына царовага, якая была ў двары варты, і апусьцілі Ерамію на вяроўках; у яме той ня было вады, а толькі гразь, і апусьцілі Ерамію ў гразь.
 
І ўзялі яны Ярэмію, і ўкінулі яго ў яму Мэльхія, сына цара, якая знаходзілася на вартавым панадворку. І спусцілі Ярэмію на вяроўках. І не было ў яме вады, адно балота; і, такім чынам, трапіў Ярэмія ў бруд.

І пачуў Аўдэмэлэх Эфіоп, адзін зь еўнухаў, што былі ў царскім доме, што Ерамію пасадзілі ў яму; а цар сядзеў тады каля брамы Веньямінавай.
 
І пачуў Абэд-Мэлек з Этыёпіі, адзін з еўнухаў, што быў у доме цара, што Ярэмію кінулі ў яму, а цар сядзеў акурат у браме Бэньяміна,

І выйшаў Аўдэмэлэх з дому царскага і сказаў цару:
 
і выйшаў Абэд-Мэлек з дома цара, і прамовіў цару, кажучы:

«спадару мой цар! блага зрабілі гэтыя людзі, такое ўчыніўшы зь Ераміем прарокам, якога ўкінулі ў яму; ён памрэ там з голаду, бо няма болей хлеба ў горадзе».
 
«Валадару мой, цар! Гэтыя людзі зрабілі благое ўва ўсім, што ўчынілі прароку Ярэмію, укідваючы яго ў яму. Бо памрэ ж ён з голаду там, тым больш што няма ўжо хлеба ў горадзе!»

Цар загадаў Аўдэмэлэху Эфіопу, сказаўшы: «вазьмі з сабою адгэтуль трыццаць чалавек і выцягні Ерамію прарока зь ямы, пакуль ён не памёр».
 
І загадаў цар Абэд-Мэлеку з Этыёпіі, кажучы: «Вазьмі сабе адсюль трыццаць чалавек і выцягні прарока Ярэмію з ямы перш, чым ён памрэ».

Аўдэмэлэх узяў людзей з сабою і ўвайшоў у дом царскі пад кладоўкаю, і ўзяў адтуль старога нягоднага рызьзя і старых нягодных лахманоў і апусьціў іх на вяроўках у яму Ерамію.
 
І Абэд-Мэлек, узяўшы з сабою людзей, пайшоў у дом цара, у пакой, што быў пад скарбніцай, узяў адтуль анучы са старога адзення ды лахманы і спусціў іх на вяроўках Ярэмію ў яму.

І сказаў Аўдэмэлэх Эфіоп Ерамію: «падкладзі гэтыя старыя кінутыя анучы і лахманы пад пахі рук тваіх, пад вяроўкі». І зрабіў так Ерамія.
 
І сказаў Абэд-Мэлек з Этыёпіі Ярэмію: «Падкладзі сабе гэтыя старыя анучы пад пахі і пад вяроўкі». І Ярэмія зрабіў гэтак.

І пацягнулі Ерамію на вяроўках і выцягнулі яго зь ямы; і заставаўся Ерамія ў двары варты.
 
І выцягнулі Ярэмію на вяроўках, і дасталі яго з ямы. І сядзеў Ярэмія на панадворку варты.

Тады цар Сэдэкія паслаў і паклікаў Ерамію прарока да сябе, пры трэцім уваходзе ў дом Гасподні, і сказаў цар Ерамію: «я ў цябе нешта спытаюся; ня ўтойвай ад мяне нічога».
 
Тады цар Сэдэцыя паслаў прывесці прарока Ярэмію да яго, да трэцяга ўваходу, які быў у доме Госпада. І сказаў цар Ярэмію: «Папытаюся ў цябе пра адну рэч, і ты не ўтойвай нічога ад мяне!»

І сказаў Ерамія Сэдэкію: «калі я адкрыю табе, ці не аддасі мяне сьмерці? і калі дам табе параду, ты не паслухаешся мяне».
 
І сказаў Ярэмія Сэдэцыі: «Калі прадкажу табе, хіба не заб’еш мяне? А калі дам табе раду, не паслухаеш мяне».

І прысягаўся цар Сэдэкія Ерамію таемна, кажучы: «жывы Гасподзь, Які стварыў нам душу гэтую, не аддам цябе сьмерці і не аддам у рукі гэтых людзей, якія шукаюць душы тваёй».
 
І прысягнуў цар Сэдэцыя патаемна Ярэмію гэтымі словамі: «Жывы Госпад, Які даў нам гэтую душу, не заб’ю цябе і не выдам цябе ў рукі людзей, тых, якія цікуюць на тваю душу!»

Тады Ерамія сказаў Сэдэкію: «так кажа Гасподзь Бог Саваоф, Бог Ізраілеў: калі ты выйдзеш да князёў цара Вавілонскага, дык жывая будзе душа твая, і гэты горад ня будзе спалены агнём, і ты будзеш жывы, і дом твой;
 
Тады Ярэмія сказаў Сэдэцыі: «Гэта кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля. Калі ты добраахвотна выйдзеш да князёў цара Бабілона, то будзе жыць душа твая, і горад гэты не будзе спалены агнём, і ты будзеш жыць, і дом твой.

а калі ня выйдзеш да князёў цара Вавілонскага, дык гэты горад будзе выдадзены ў рукі Халдэям, і яны спаляць яго агнём, і ты не ўцячэш ад рук іхніх».
 
Калі ж не выйдзеш да князёў цара Бабілона, то горад гэты трапіць у рукі халдэяў, і спаляць яго агнём, і сам ты не ўхаваешся ад рукі іх».

І сказаў цар Сэдэкія Ерамію: «я баюся Юдэяў, якія перайшлі да Халдэяў, каб Халдэі ня выдалі мяне ў рукі ім, і каб тыя не паглуміліся зь мяне».
 
І сказаў цар Сэдэцыя Ярэміі: «Я баюся жыхароў Юдэі, якія перайшлі да халдэяў, каб яны часам не выдалі мяне ў іх рукі і каб не здзекаваліся з мяне».

І сказаў Ерамія: «ня выдадуць; паслухай голасу Госпада ў тым, што я кажу табе, і добра табе будзе, і жывая будзе душа твая.
 
Ярэмія адказаў: «Не выдадуць яны цябе. Паслухай, калі ласка, голасу Госпада ў справе, аб якой я табе кажу, і выйдзе табе гэта на добрае, і будзе жыць душа твая.

А калі ты не захочаш выйсьці, дык вось слова, якое адкрыў мне Гасподзь:
 
Калі ж адмовішся выйсці, вось слова, якое паказаў мне Госпад:

вось, усе жанчыны, якія засталіся ў доме цара Юдэйскага, заведзены будуць да князёў цара Вавілонскага, і скажуць яны: «цябе змусьцілі і адолелі сябры твае; ногі твае загразьлі ў брудзе, і яны адышлі ад цябе», —
 
“Вось, усе жанчыны, якія засталіся ў доме цара Юды, вядуцца да князёў цара Бабілона і крычаць: “Падманулі цябе і ашукалі цябе сябры твае; ногі твае ўгразлі ў балоце, а яны ўцяклі ад цябе.

і ўсіх жонак тваіх і дзяцей тваіх завядуць да Халдэяў, і ты не ўцячэш ад рук іхніх, а будзеш узяты рукою цара Вавілонскага і зробіш тое, што горад гэты будзе спалены агнём.
 
І ўсе жонкі твае, і сыны твае будуць заведзены да халдэяў, і ты не ўцячэш ад рук іх, але будзеш схоплены рукою цара Бабілона; і горад гэты будзе спалены агнём”».

І сказаў Сэдэкія Ерамію: «ніхто не павінен ведаць гэтых словаў і тады ты не памрэш;
 
І сказаў Сэдэцыя Ярэміі: «Хай ніхто не ведае гэтых слоў, і ты не памрэш!

і калі пачуюць князі, што я гутарыў з табою, і прыйдуць да цябе, і скажуць табе: «скажы нам, што казаў ты цару, ня ўтойвай ад нас і мы не дамо цябе сьмерці, — а таксама што казаў табе цар»,
 
Калі ж пачуюць князі, што я гаварыў з табой, прыйдуць яны да цябе і скажуць табе: “Скажы нам, аб чым гаварыў ты з царом? Нічога не хавай перад намі, тады не заб’ём цябе! Дык што табе казаў цар?”

дык скажы ім: я склаў перад абліччам цара прашэньне маё, каб не вяртаць мяне ў дом Ёнатанаў, каб не памерці там».
 
Тады ты скажаш ім: “Я ўзносіў свае маленні да цара, каб ён не загадаў зноў вярнуцца мне ў дом Ёнатана, бо там я памру”».

І прыйшлі ўсе князі да Ераміі і пыталіся ў яго, і ён сказаў ім згодна з усімі словамі, якія цар загадаў сказаць, і яны моўчкі пакінулі яго, бо не даведаліся, што было сказана цару.
 
І сапраўды прыйшлі да Ярэміі ўсе князі і запыталіся ў яго. І ён адказаў ім згодна з усім тым, што загадаў яму цар, і пакінулі яго ў супакоі, бо ніхто нічога не пачуў, пра што яны гаварылі.

І заставаўся Ерамія ў двары варты да таго дня, у які быў узяты Ерусалім. І Ерусалім быў узяты.
 
І сядзеў Ярэмія далей на панадворку варты аж да дня, калі быў здабыты Ерузалім.