Ераміі 20 разьдзел
Кніга прарока Ераміі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017
Калі Пасхор, сын Эмэраў, сьвятар, ён жа і наглядчык у доме Гасподнім, пачуў, што Ерамія прароча вымавіў словы гэтыя,
І Пасур, сын Эмэра, святар, які быў пастаўлены кіраўніком у доме Госпада, пачуў, як Ярэмія праракаваў гэтымі словамі;
дык ударыў Пасхор Ерамію прарока і пасадзіў яго ў калоду, якая была каля верхняе брамы Веньямінавае пры доме Гасподнім.
і ўдарыў Пасур прарока Ярэмію ды закаваў яго ў калоду, якая была ў Верхняй браме Бэньяміна, у доме Госпадавым.
Але на другі дзень Пасхор выпусьціў Ерамію з калоды, і Ерамія сказаў яму: не Пасхор назваў Гасподзь імя табе, а Магор Місавіў.
А назаўтра, як развіднела, вызваліў Пасур Ярэмію з вязніцы. Тады сказаў яму Ярэмія: «Ужо Госпад не называе цябе Пасур, але “Трывога навокал”,
Бо так кажа Гасподзь: вось, Я зраблю цябе жахам табе самому і ўсім сябрам тваім, і загінуць яны ад меча ворагаў сваіх, і твае вочы ўгледзяць гэта. І ўсяго Юду перадам у рукі цара Вавілонскага, і завядзе іх у Вавілон і паб’е мечам.
бо, вось, гэта кажа Госпад: “Вось, Я зраблю з цябе страхоцце ды з усіх тваіх таварышаў; і ўпадуць яны ад меча ворагаў сваіх, а твае вочы будуць глядзець! І ўсяго Юду Я выдам у рукі цара Бабілонскага, і павядзе ён іх у няволю ў Бабілон, і будзе забіваць іх мечам.
І перадам усё багацьце гэтага горада і ўвесь набытак яго і ўсе каштоўнасьці яго, і ўсе скарбы цароў Юдэйскіх аддам у рукі іх, і зрабуюць іх і возьмуць і адправяць іх у Вавілон.
І дам усе багацці гэтага горада ды ўвесь плён працы яго, усе яго каштоўнасці, усе скарбы цароў Юды дам у рукі ворагаў іх, каб іх рабавалі, і забралі, і вывезлі ў Бабілон.
І ты, Пасхор, і ўсе, хто жыве ў доме тваім, пойдзеце ў палон; і прыйдзеш у Вавілон — і там памрэш, і там будзеш пахаваны, ты і ўсе сябры твае, якім ты прарочыў фальшыва.
Ты ж, Пасур, і ўсе твае хатнія пойдзеце ў няволю. І пойдзеш ты ў Бабілон, і там памрэш і будзеш пахаваны ты і ўсе твае таварышы, якім праракаваў ты лжыва”».
Ты вёў мяне, Госпадзе, — і я паведзены; Ты мацнейшы за мяне — і перамог; і мяне кожны дзень высьмейваюць, кожны зьдзекуецца зь мяне.
«Звёў Ты мяне, Госпадзе, і я даўся звесціся, Ты быў дужэйшы за мяне і перамог, стаўся я пасмяяннем на цэлы дзень, усе насміхаюцца з мяне.
Бо толькі пачну гаварыць я, — крычу пра гвалт, лямантую пра спусташэньне, бо слова Гасподняе абярнулася кляцьбою мне і штодзённым высьмейваньнем.
Бо як толькі пачынаю гаварыць — усклікаю, крычу пра бяду і вынішчэнне; і сталася мне слова Госпада знявагай і кпінамі на цэлы дзень.
І падумаў я: ня буду я нагадваць пра Яго і ня буду больш гаварыць у імя Яго; а было ў сэрцы маім, як бы палкі агонь, заключаны ў костках маіх, і я стаміўся, трымаючы яго, і — ня мог.
І сказаў я: “Не буду Яго ўзгадваць і не буду болей гаварыць у імя Яго!” Але тады ўзняўся ў сэрцы маім як бы агонь пякучы, замкнуты ў касцях маіх, дык я змучыўся і не мог вынесці яго.
Бо я чуў перагуды многіх: пагрозы вакол; «заявеце, казалі яны, і мы зробім данос». Усе, хто жыў са мною ў міры, пільнуюць мяне, але ці не спатыкнуся я: «магчыма, кажуць, ён пападзецца, і мы адолеем яго і адпомсьцім яму».
Я чуў паклёпы многіх і жах навокал: “Паведаміце, і мы паведамім пра яго!” Усе спагадныя да мяне чакалі падзення майго: “Можа, ён дасць падмануць сябе, дык мы адолеем яго і будзем спаганяць на ім помсту”.
Але са мною Гасподзь, як моцны ваяр; таму перасьледнікі мае спатыкнуцца і не адолеюць; моцна спаганьбяцца, бо рабілі неразумна; паганьбеньне будзе вечнае, ніколі не забудзецца.
Але Госпад пры мне, як волат магутны; таму тыя, што пераследуюць мяне, упадуць і стануцца слабымі. Раптам пасаромеюцца яны, бо не даб’юцца поспеху, вечная ганьба, якая ніколі не забудзецца.
Госпадзе сіл! Ты выпрабоўваеш праведнага і бачыш нутрыну і сэрца. Хай жа пабачу я помшчаньне Тваё ім, бо Табе даверыў я справу маю.
А Ты, Госпад Магуццяў, выпрабоўваеш справядлівага і бачыш ныркі і сэрца. Прашу, хай пабачу я помсту Тваю над імі, Табе бо даручыў я справу сваю.
Сьпявайце Госпаду, хвалеце Госпада, бо Ён збаўляе душу беднага ад рукі зламысьнікаў.
Спявайце Госпаду, хваліце Госпада, бо вызваліў Ён душу беднага з рук злачынцаў.
Пракляты дзень, у які я нарадзіўся; дзень, у які нарадзіла мяне маці мая, хай ня будзе дабраславёны!
Пракляты той дзень, у якім я нарадзіўся, дзень, у якім нарадзіла мяне маці мая, хай не будзе дабраславёны.
Выкляты чалавек, які прынёс вестку бацьку майму і сказаў: «у цябе нарадзіўся сын» і тым вельмі парадаваў яго.
Пракляты той чалавек, які паведаміў бацьку майму, кажучы: “Нарадзіўся у цябе сын”, і вельмі ўзрадаваў яго;
І хай будзе з тым чалавекам, як з гарадамі, якія разбурыў Гасподзь і не пашкадаваў; хай чуе ён раніцай енк і аполудні галашэньне,
хай будзе той чалавек, як гарады, якія знішчыў Госпад і не пашкадаваў, хай чуе ён крык раніцай і гармідар апоўдні,
за тое, што ён не забіў мяне ў самай нутрыне — так, каб маці мая была мне труною, і чэрава яе заставалася вечна цяжарнае.
ён, які не забіў мяне ва ўлонні маці, каб сталася для мяне маці мая магілай, а ўлонне яе вечна было цяжарным.
Навошта я выйшаў з нутрыны, каб бачыць працу і скрухі, і каб дні мае зьніклі ў няславе?
Навошта я выйшаў з улоння? Каб бачыць пакуту і гора, ды каб дні мае скончыліся ў ганьбе?»