Данііла 1 разьдзел

Кніга прарока Данііла
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

На трэцім годзе цараваньня Ёакіма, цара Юдэйскага, прыйшоў Навухаданосар, цар Вавілонскі, да Ерусаліма і атачыў яго аблогаю.
 
У трэці год царавання цара Юдэйскага Ёакіма падышоў Набукаданосар, цар Бабілонскі, пад Ерузалім і абклаў яго;

І аддаў Гасподзь у рукі ягоныя Ёакіма, цара Юдэйскага, і частку посудаў Божага дома, і ён адправіў іх у зямлю Сэнаар, у дом свайго бога, і ўнёс гэты посуд у скарбніцу бога свайго.
 
і Госпад аддаў у яго рукі цара Юдэйскага Ёакіма, і частку пасудзін дома Божага, і іх забраў ён у зямлю Сэнаар, у дом багоў сваіх, і памясціў пасудзіны ў дом скарбоўні багоў сваіх.

І сказаў цар Асфэназу, начальніку сваіх еўнухаў, каб ён з сыноў Ізраілевых, з роду царскага і княскага, прывёў
 
І цар загадаў Асфаназу, кіраўніку сваіх еўнухаў, каб прывёў з ізраэльцаў і з роду царскага, і з правіцеляў

хлопчыкаў, у якіх няма ніякай цялеснай хібы, прыгожых сабою і цямных да ўсякай мудрасьці, і здатных да навук і кемлівых і здольных служыць у царскіх харомах, і каб навучыў іх кнігам і мове Халдэйскай.
 
юнакоў без аніякай заганы, прыгожых выглядам і вывучаных ва ўсякай мудрасці, маючых веды, і выхаваных, і здатных да службы ў царскім палацы, і каб навучыць іх кнігам і мове халдэйцаў.

І прызначыў ім цар штодзённую ежу з царскага стала і віно, якое сам піў, і загадаў выхоўваць іх тры гады, па сканчэньні якіх яны меліся стаць перад царом.
 
І цар выдзеліў ім штодзённую порцыю ад страў царскіх і ад віна, якое сам піў, каб былі яны ўзгадаваны праз тры гады і пасля служылі цару.

Сярод іх былі і зь Юдавых сыноў Данііл, Ананія, Місаіл і Азарыя.
 
Такім чынам, з сыноў юдэйскіх былі сярод іх Даніэль, Ананія, Місаэль і Азарыя.

І пераназваў іх начальнік еўнухаў — Данііла Валтасарам, Ананію Сэдрахам, Місаіла Місахам і Азарыю Аўдэнагам.
 
І наглядчык еўнухаў надаў ім імёны: Даніэлю — Балтасар, і Ананію — Сэдрак, Місаэлю — Місак, і Азарыю — Абдэнага.

Данііл паклаў сабе на сэрца не апаганьвацца прысмакамі з царскага стала і віном, якое п’е цар, і таму прасіў у начальніка еўнухаў, каб не апаганьвацца яму.
 
Даніэль жа рашыў у сэрцы сваім, каб не апаганьвацца стравамі царскімі, ані віном, якое цар піў, ды папрасіў наглядчыка еўнухаў, каб не апаганьвацца.

Бог даў Даніілу ласку і добрую прыхільнасьць начальніка еўнухаў;
 
А абдарыў Бог Даніэля ласкаю і міласэрнасцю перад наглядчыкам еўнухаў,

і начальнік еўнухаў сказаў Даніілу: «баюся я гаспадара майго, цара, які сам вызначыў вам ежу і пітво: калі ён убачыць вашыя твары худзейшымі, чым у хлопчыкаў, вашых равесьнікаў, дык вы зробіце галаву маю вінаватаю перад царом».
 
і кіраўнік еўнухаў сказаў Даніэлю: «Баюся я гаспадара майго, цара, калі ўбачыць ён вашы твары худзейшымі, чым у іншых юнакоў у вашых гадах; калі гэтак, то вы выставіце маю галаву на небяспеку перад царом».

Тады сказаў Данііл Амэлсару, якога начальнік еўнухаў прыставіў да Данііла, Ананіі, Місаіла і Азарыя:
 
І Даніэль сказаў вартаўніку, якога паставіў кіраўнік еўнухаў над Даніэлем, Ананіем, Місаэлем і Азарыем:

«зрабі выпрабаваньне рабам тваім: дзесяць дзён няхай даюць нам на ежу гародніну, а піць — ваду;
 
«Прашу, аддай нас, паслугачоў тваіх, дзесяцідзённаму выпрабаванню: хай даюць нам гародніну есці і ваду піць;

і потым няхай явяцца перад табою нашыя твары і твары тых хлопчыкаў, якія кормяцца царскаю ежаю, і потым рабі з тваімі рабамі, як убачыш».
 
і ўбачыш, як мы выглядаем і як выглядаюць юнакі, якія ядуць стравы царскія, і зробіш з паслугачамі сваімі паводле таго, што ўбачыш».

Той паслухаўся іх у гэтым і выпрабоўваў іх дзесяць дзён.
 
Ён, выслухаўшы гэтыя словы, выставіў іх на дзесяцідзённае выпрабаванне.

А як прайшло дзесяць дзён, твары іх былі прыгажэйшыя, і зь цела яны былі здаравейшыя за ўсіх тых хлопчыкаў, якія карміліся царскімі прысмакамі.
 
Па дзесяці ж днях аблічча іх было лепшым і здаравейшым, чым у юнакоў, якія елі ежу царскую.

Тады Амэлсар забіраў іхнюю ежу і віно на пітво, а даваў ім гародніну.
 
А вартаўнік браў іх ежу і віно і падаваў ім гародніну.

І даў Бог чатыром гэтым падлеткам веданьне і разуменьне ўсякай кнігі і мудрасьці, а Даніілу яшчэ даў разумець і ўсякія ўявы і сны.
 
І надзяліў Бог гэтых чатырох юнакоў ведамі і ўменнем ва ўсякім пісанні і мудрасці, Даніэль жа меў разуменне ўсякіх з’яў і сноў.

Як мінуліся тыя дні, калі цар загадаў прывесьці іх, начальнік еўнухаў прывёў іх да Навухаданосара.
 
Дык калі прайшоў час, што ўстанавіў цар, каб іх прадставіць, наглядчык еўнухаў прывёў іх да Набукаданосара.

І цар гаварыў зь імі, і з усіх хлопчыкаў не знайшлося падобных на Данііла, Ананію, Місаіла і Азарыю, і пачалі яны служыць перад царом.
 
І калі цар размаўляў з імі, нельга было знайсці паміж іх усіх нікога, роўнага Даніэлю, Ананію, Місаэлю і Азарыю; ды сталі на службу пры цару.

І ў кожнай справе мудрага ўразуменьня, пра што ні пытаўся ў іх цар, ён знаходзіў іх у дзесяць разоў вышэй за ўсіх чарадзеяў і заклінальнікаў, якія былі ва ўсім яго царстве.
 
І ўсякае слова мудрасці і разумення, якое ён атрымаў ад іх, цар знайшоў у іх дзесяцікратна лепшым, чым словы ўсіх прадказальнікаў і варажбітоў, якія былі ва ўсім яго царстве.

І быў там Данііл да першага года цара Кіра.
 
А прабываў там Даніэль аж да першага года цара Кіра.