Данііла 2 разьдзел
Кніга прарока Данііла
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017
На другі год цараваньня Навухаданосара сьніліся Навухаданосару сны, і ўстрывожыўся дух ягоны і сон адышоў ад яго.
На другі год царавання меў Набукаданосар сон; і ўстрывожыўся дух яго, што і сон не браў яго.
І загадаў цар паклікаць мудрацоў і варажбітоў, і чарадзеяў і Халдэяў, каб яны разгадалі цару ягоныя сьненьні. Яны прыйшлі і сталі перад царом.
І цар загадаў склікаць прадказальнікаў, і варажбітоў, і чараўнікоў, і халдэйцаў, каб сказалі цару сны яго; калі яны прыйшлі, то сталі перад царом.
І сказаў ім цар: «сьніўся мне сон, і трывожыцца дух мой; хачу ведаць гэты сон».
І цар сказаў ім: «Меў я сон, і дух мой занепакоены, каб зразумець сон».
І сказалі Халдэі цару па-Арамэйску: «цару! вавекі жыві! раскажы сон рабам тваім, і мы разгадаем сутнасьць яго».
І сказалі халдэйцы цару па-арамейску: «Цару, вечна жыві! Раскажы паслугачам сваім сон, ды высветлім яго сэнс».
Адказваў цар і сказаў Халдэям: «маё слова канчатковае; калі вы не раскажаце мне сну і сутнасьці яго, будзеце на кавалкі пасечаны, і дамы вашыя абернуцца ў руіны;
І ў адказ сказаў цар халдэйцам: «Вось што я гавару. Калі не высветліце мне сну і яго сэнсу, будзеце разарваны на кавалкі і дамы вашы будуць разбураны;
а як разгадаеце сон і сутнасьць яго, атрымаеце ад мяне дарункі, узнагароду і вялікую чту; дык вось, раскажэце мне сон і сутнасьць яго».
а калі высветліце мне сон і яго сэнс, атрымаеце ад мяне дары, і ўзнагароды, і вялікую пашану. Дык раскажыце мне сон і яго сэнс».
Яны другі раз адказвалі і сказалі: «хай цар раскажа сваім рабам сон, і мы разгадаем яго сутнасьць».
Адказалі паўторна і сказалі: «Хай цар раскажа сон сваім паслугачам, і мы высветлім яго сэнс».
Адказваў цар і сказаў: «добра ведаю, што вы хочаце выйграць час, бо бачыце, што слова маё канчатковае.
У адказ сказаў цар: «Разумею, канешне, добра, што хочаце мець час, ведаючы, што слова адышло ад мяне.
Як што вы не разгадаеце мне сну, дык у вас адзін намысел: вы змовіліся сказаць мне ілжу і няпраўду, пакуль зьменіцца час; дык вось раскажэце мне сон і тады я ўпэўнюся, што вы можаце разгадаць мне і сутнасьць яго».
Такім чынам, калі не высветліце мне сну — адзін ёсць для вас прысуд. І вы згаварыліся выявіць мне слова лжывае і поўнае ашуканства, пакуль не зменяцца часы; дык выявіце мне сон, каб я мог пераканацца, што можаце мне высветліць яго сэнс».
Халдэі адказвалі цару і сказалі: «няма на зямлі чалавека, які мог бы адкрыць цару гэтую справу, і ніводзін цар, вялікі і магутны, не патрабаваў такога ад ніводнага чарадзея, вяшчуна і Халдэя.
І халдэйцы адказалі цару: «Няма чалавека на зямлі, які б мог высветліць слова цара; таму ніводзін з цароў, хоць вялікіх і магутных, не выведвае такое слова ад усякага прадказальніка, і ад варажбіта, і ад халдэйца.
Чын, якога цар патрабуе, такі цяжкі, што ніхто іншы ня можа адкрыць яго цару, акрамя багоў, якія ня жывуць з плоцьцю».
Пытанне бо, якое ты, цар, ставіш, — цяжкае, і ніхто не зможа на яго адказаць цару, акрамя багоў, якія не прабываюць паміж людзей».
Разгневаўся цар і моцна раз’юшыўся за гэта і загадаў перабіць усіх Вавілонскіх мудрацоў.
Пачуўшы гэта, цар, апанаваны вялікім гневам і абурэннем, загадаў пазабіваць усіх мудрацоў бабілонскіх.
Калі выйшаў гэты загад забіваць мудрацоў, шукалі Данііла і яго сяброў, каб забіць іх.
І калі выйшаў загад, каб загубіць мудрацоў, шукаліся Даніэль і сябры яго, каб разам былі забіты.
Тады Данііл зьвярнуўся разважна і мудра да Арыоха, начальніка царскіх целаахоўцаў, які выйшаў забіваць Вавілонскіх мудрацоў,
Звярнуўся тады Даніэль з парадай і разважлівасцю да Арыёха, кіраўніка варты царскай, які выбраўся, каб загубіць мудрацоў бабілонскіх;
і спытаўся ў Арыоха, уладнага пры цары: «чаму такі жорсткі загад ад цара?» Тады Арыох расказаў Даніілу ўсю справу.
сказаў ён Арыёху, які атрымаў паўнамоцтвы ад цара: «Чаму такі строгі загад царскі?» Такім чынам, калі Арыёх прадставіў Даніэлю справу,
І Данііл увайшоў і ўпрасіў цара даць яму часу, і ён аб’явіць цару разгадку сну.
Даніэль, пайшоўшы, папрасіў цара, каб вызначыў ён яму час на выяўленне сэнсу сну цару;
Данііл прыйшоў у свой дом і расказаў справу Ананію, Місаілу і Азарыю — сябрам сваім,
і вярнуўся Даніэль дадому, і расказаў справу сваім сябрам Ананію, Місаэлю і Азарыю,
каб яны прасілі міласьці ў Бога Нябеснага на гэтую таямніцу, каб Данііл і сябры яго не загінулі з астатнімі Вавілонскімі мудрацамі.
каб прасілі міласэрнасці перад абліччам Бога нябеснага аб гэтай таямнічай справе і каб Даніэль са сваімі сябрамі не загінулі разам з другімі мудрацамі бабілонскімі.
Тады адкрыта была Даніілу таямніца начное ўявы, і Данііл уславіў Нябеснага Бога.
Тады Даніэль у начным бачанні атрымаў выяўленне таямніцы, дык дабраслаўляў Даніэль Бога неба і казаў:
І сказаў Данііл: «хай будзе дабраславёна імя Госпада ад веку і да веку, бо ў Яго мудрасьць і сіла;
«Хай будзе дабраславёна імя Бога ва ўсе векі вечныя, бо мудрасць і ўсемагутнасць ёсць у Яго;
Ён мяняе часіны і поры, скідае цароў і ставіць цароў, дае мудрасьць мудрым і спазнаньне разумным;
і Ён змяняе часы і вякі, устараняе і ўстанаўляе цароў, дае мудрасць мудрым і разумнасць разумным.
Ён адкрывае глыбокае і схаванае, ведае, што ў мораку, і сьвятло жыве зь Ім.
Ён аб’яўляе глыбокае і схаванае і ведае, што знаходзіцца ў цемры, ды святло жыве з Ім.
Слаўлю і вялічаю Цябе, Божа бацькоў маіх, што Ты даў мне мудрасьць і сілу і адкрыў мне і тое, пра што мы малілі Цябе; бо Ты адкрыў нам царовую справу».
Цябе, Божа маіх бацькоў, слаўлю і Цябе ўхваляю! Бо даў мне мужнасць і мудрасць і выявіў мне зараз тое, аб чым мы малілі Цябе, бо слова царскае выявіў нам».
Пасьля гэтага Данііл прайшоў да Арыоха, якому цар загадаў перабіць Вавілонскіх мудрацоў, прыйшоў і сказаў Яму: «не забівай мудрацоў Вавілонскіх; увядзі мяне да цара, і я адкрыю разгадку сну».
Таму Даніэль пайшоў да Арыёха, якога паставіў цар, каб пазабіваць мудрацоў бабілонскіх, ды так сказаў яму: «Не забівай мудрацоў бабілонскіх; завядзі мяне да цара, і я раскажу цару сэнс сну».
Тады Арыох без адкладу прывёў Данііла да цара і сказаў яму: «я знайшоў сярод палонных сыноў Юдэі чалавека, які можа адкрыць цару разгадку сну».
Тады Арыёх хутка завёў Даніэля да цара і сказаў яму: «Знайшоў я чалавека сярод выселеных з Юды, які выявіць цару сэнс сну».
Цар сказаў Даніілу, які названы быў Валтасарам: «ці можаш ты расказаць мне сон, які я бачыў, і разгадку яго?»
Цар звярнуўся і сказаў Даніэлю, якога імя было Балтасар: «Ці сапраўды можаш выявіць мне сон, які я бачыў, і раскрыць яго сэнс?»
Данііл адказваў цару і сказаў: «таямніцы, пра якую пытаецца цар, ня могуць адкрыць цару ні мудрацы, ні заклінальнікі, ні чарадзеі, ні вяшчуны.
І ў адказ Даніэль сказаў перад абліччам цара: «Таямніцу, пра якую цар пытае, не змогуць выявіць ані мудрацы, ані прадказальнікі, ані варажбіты, ані астролагі;
Але ёсьць на нябёсах Бог, Які адкрывае таямніцы; і Ён паведаміў цару Навухаданосару, што будзе ў апошнія дні. Сон твой і ўявы тваёй галавы на ложку былі такія:
але ёсць Бог у небе, Які адкрывае таямніцы, і Ён выяўляе цару Набукаданосару, што станецца ў апошнія дні. Твой сон і бачанні галавы тваёй, якія ты меў на сваім ложку, ёсць наступныя:
ты, цару, на тваім ложку думаў пра тое, што будзе потым, і Адкрывальнік таямніц паказаў табе тое, што будзе.
цябе, цару, на тваім ложку ахапілі думкі аб тым, што мае пазней надысці; і Той, Хто раскрывае таямніцы, выявіў табе, што станецца.
А мне таямніца гэтая адкрыта ня дзеля таго, каб я быў мудрэйшы за ўсіх жывых, а дзеля таго, каб адкрыць цару разгадку, і каб ты пазнаў намыслы свайго сэрца.
Таксама, што да мяне, таямніца гэта стала мне вядомай не дзеля мудрасці, якой у мяне больш, чым ва ўсіх жывучых, але каб даць выясненне цару і каб ты разумеў думкі свайго сэрца.
Табе, цару, была такая ўява: вось, нейкі вялікі ідал; вялізарны быў гэты ідал, у нязвычайным бляску стаяў ён перад табою, і страшны быў выгляд у яго.
Ты, цару, бачыў: і вось, адна статуя вельмі вялікая, статуя гэтая, вялікая і высокая, стаяла перад табой, і выгляд яе быў страшны.
У гэтага ідала галава была з чыстага золата, грудзі ў яго і рукі ў яго — з срэбра, чэрава ў яго і клубы ў яго — медныя,
Галава гэтае статуі была з чыстага золата, грудзі ж яе і плечы — са срэбра, а жывот і клубы — з медзі,
галені ў яго жалезныя, часткова гліняныя.
ногі ж — з жалеза, ступні яе — часткова з жалеза, а часткова з гліны.
Ты бачыў яго, пакуль не адарваўся камень ад гары, сам бяз рук, ударыў ідала, у жалезныя і гліняныя ногі яго, і раструшчыў іх.
Так бачыў ты, што, вось, адарваўся камень, хаця не дакранулася да яго рука людская, і ўдарыў статую ў яе ногі з жалеза і гліны, і паламаў іх;
Тады ўсё разам раструшчылася: жалеза, гліна, медзь, срэбра і золата зрабіліся як пыл на летніх гумнах, і вецер разьвеяў іх, што і сьледу не засталося ад іх; а камень, які разьбіў ідала, зрабіўся вялікаю гарою і напоўніў усю зямлю.
тады зараз жа паламаны былі жалеза, гліна, медзь, срэбра і золата, ды сталі яны, як мякіна на таку летам, і падняў іх вецер, так што не застаўся па іх след; камень жа, які ўдарыў статую, стаў вялікай гарою і запоўніў усю зямлю.
Вось той сон! Скажам перад царом і разгадку яго.
Такі вось сон; яго сэнс таксама скажам табе, цару.
Ты, цару, цар над царамі, якому Бог Нябесны даў царства, уладу і славу,
Ты цар цароў, і Бог неба даў табе царства, і сілу, і моц, і славу,
і ўсіх сыноў чалавечых, дзе б яны ні жылі, зьвярыну зямную і птушак нябесных Ён аддаў у твае рукі і паставіў цябе Ўладаром над усімі імі; ты — гэтая залатая галава!
і ў тваю руку даў усё, дзе жывуць людзі, і звяры палявыя, і птушкі нябесныя, і цябе зрабіў валадаром над імі ўсімі, ты — галава залатая.
Пасьля цябе паўстане другое царства, ніжэйшае за тваё, і яшчэ трэцяе царства, меднае, якое будзе панаваць над усёю зямлёю.
І па табе ўзнікне іншае царства, меншае, чым тваё, і надыдзе трэцяе царства, меднае, якое будзе валадарыць над усёй зямлёй.
А чацьвёртае царства будзе моцнае, як жалеза; бо як жалеза разьбівае і трушчыць усё, так і яно падобна да жалеза, якое ўсё зьнішчае, будзе трушчыць і нішчыць.
І чацвёртае царства будзе трывалае, як жалеза; як жалеза, што ўсё крышыць і ламае на кавалкі, і як жалеза, што, разбіваючы, знішчае ды крышыць усё гэта.
А што ты бачыў ногі і пальцы на нагах часткова з гліны ганчарнай, а часткова з жалеза, то будзе падзеленае царства, і ў ім застанецца крыху жалезнае моцы, бо ты бачыў жалеза, зьмяшанае з ганчарнаю глінаю.
Затым тое, што ты ўбачыў ногі і пальцы, часткова зробленыя з гліны і часткова — з жалеза, значыць, што царства будзе падзелена; і будзе ў яго трываласць жалеза паводле таго, што ўбачыў ты жалеза, змяшанае з глінай.
І як пальцы ног былі часткова з жалеза, а часткова з гліны, так і царства будзе часткова моцнае, часткова крохкае.
І пальцы ног часткова з жалеза і часткова з гліны, — гэта значыць, што царства будзе часткова трывалае, часткова — крохкае.
А што ты бачыў жалеза, зьмяшанае з ганчарнаю глінаю, гэта азначае, што яны зьмяшаюцца празь семя чалавечае, але ня зьліпнуцца адно з адным, як жалеза ня зьмешваецца з глінаю.
А тое, што ты ўбачыў жалеза, змяшанае з глінай, значыць да таго ж, што змяшаюцца яны праз людское семя, але не будуць прымацаваны адзін да аднаго, падобна як жалеза не можа злучыцца з глінаю.
І ў дні тых царстваў Бог Нябесны паставіць царства, якое вавек ня зруйнуецца, і царства гэтае ня будзе перададзена другому народу; яно струшчыць і разбурыць усе царствы, а самое будзе стаяць вечна,
А ў часы гэтых царстваў Бог Неба ўзбудзіць Валадарства, якое вытрывае вечна ды ўлада яго не пяройдзе на другі народ: сатрэ і знішчыць яно ўсе гэтыя царствы і само будзе трываць вечна.
бо ты бачыў, што камень адарваўся ад гары сам, не рукамі, і струшчыў жалеза, медзь, гліну, срэбра і золата. Вялікі Бог даў знак цару, што станецца пасьля гэтага. І гэты сон пэўны, і разгадка яго правільная!»
Як ты гэта ўбачыў, калі камень адарваўся ад гары, хоць не дакранулася да яго рука людская, і знішчыў жалеза, і медзь, і гліну, і срэбра, і золата; вялікі Бог выявіў цару, што станецца пазней: і праўдзівы ёсць сон, і выясненне яго вернае».
Тады цар Навухаданосар упаў на аблічча сваё і пакланіўся Даніілу і загадаў прынесьці яму дарункі і ўсякія пахошчы;
Тады Набукаданосар упаў на твар свой, і пакланіўся Даніэлю, і загадаў зрабіць яму ахвяры з ежы і духмянае каджэнне.
і сказаў цар Даніілу: «сапраўды ваш Бог ёсьць Бог над багамі і Валадар над царамі, Які адкрывае таямніцы, калі ты здолеў адкрыць гэтую таямніцу!»
Такім чынам, звярнуўся цар да Даніэля і сказаў: «Ваш Бог ёсць сапраўды Бог багоў і Валадар цароў, Які выяўляе таямніцы, бо змог ты выявіць гэту таямніцу».
Тады ўзвысіў цар Данііла і даў яму многа вялікіх дарункаў і паставіў яго над усім Вавілонскім краем і галоўным начальнікам над усімі мудрацамі Вавілонскімі.
Потым узвысіў цар Даніэля і даў яму многа багатых дароў ды зрабіў яго кіраўніком намеснікаў над усімі правінцыямі бабілонскімі і кіраўніком над усімі мудрацамі Бабілона.
Але Данііл прасіў у цара, і ён паставіў Сэдраха, Місаха і Аўдэнага над справамі Вавілонскага краю, а Данііл застаўся пры царскім двары.
Даніэль жа папрасіў цара і паставіў над справамі правінцыі бабілонскай Сэдрака, Місака і Абдэнагу; Даніэль жа прабываў пры царскай браме.