Данііла 2 разьдзел

Кніга прарока Данііла
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

На другі год цараваньня Навухаданосара сьніліся Навухаданосару сны, і ўстрывожыўся дух ягоны і сон адышоў ад яго.
 
Другога году дзяржавы Невухаднецара сьніў Невухаднецар сны, ад чаго дух ягоны стрывожыўся, і выбіўся ён зо сну.

І загадаў цар паклікаць мудрацоў і варажбітоў, і чарадзеяў і Халдэяў, каб яны разгадалі цару ягоныя сьненьні. Яны прыйшлі і сталі перад царом.
 
І расказаў кароль гукнуць чараўнікоў а гвездароў а варажбітоў а Хальдэяў, зьясьніць каралю сьненьне ягонае. І яны прышлі, і сталі перад каралём.

І сказаў ім цар: «сьніўся мне сон, і трывожыцца дух мой; хачу ведаць гэты сон».
 
І сказаў кароль ім: «Сьніў сон я, і дух мой стрывожыўся, каб ведаць сон».

І сказалі Халдэі цару па-Арамэйску: «цару! вавекі жыві! раскажы сон рабам тваім, і мы разгадаем сутнасьць яго».
 
І казалі Хальдэі каралю паарамску: «Каролю! жыві на векі! скажы сон слугам сваім, і значаньне яго мы зьясьнім».

Адказваў цар і сказаў Халдэям: «маё слова канчатковае; калі вы не раскажаце мне сну і сутнасьці яго, будзеце на кавалкі пасечаны, і дамы вашыя абернуцца ў руіны;
 
Адказаў кароль і сказаў Хальдэям: «Справа адышла ад мяне. Але калі вы не абесьціце імне сьненьня й значаньня, то на кавалкі будзеце пасечаны, і дамы вашы будуць абернены ў шуметнік.

а як разгадаеце сон і сутнасьць яго, атрымаеце ад мяне дарункі, узнагароду і вялікую чту; дык вось, раскажэце мне сон і сутнасьць яго».
 
Але калі сон і значаньне зьясьніце, адзяржыце ад мяне дары, надгароду а вялікую пачэсьць. Дык сон і значаньне яго пакажыце імне».

Яны другі раз адказвалі і сказалі: «хай цар раскажа сваім рабам сон, і мы разгадаем яго сутнасьць».
 
Яны ўдругава адказалі й сказалі: «Хай скажа кароль слугам сваім сьненьне, і мы зьясьнім значаньне яго».

Адказваў цар і сказаў: «добра ведаю, што вы хочаце выйграць час, бо бачыце, што слова маё канчатковае.
 
Кароль адказаў і сказаў: «Ведаю напэўна, што вы ўмысьля адвалакаеце, бо бачыце, што адышла ад мяне справа.

Як што вы не разгадаеце мне сну, дык у вас адзін намысел: вы змовіліся сказаць мне ілжу і няпраўду, пакуль зьменіцца час; дык вось раскажэце мне сон і тады я ўпэўнюся, што вы можаце разгадаць мне і сутнасьць яго».
 
Але калі вы не абесьціце імне сьненьня, адзін пастаноў ё на вас, бо вы прыгатавалі манлівыя а зводныя словы, казаць перад імною, пакуль зьменіцца час; затым скажыце імне сьненьне, і я даведаюся, што вы ўзумееце паказаць значаньне яго».

Халдэі адказвалі цару і сказалі: «няма на зямлі чалавека, які мог бы адкрыць цару гэтую справу, і ніводзін цар, вялікі і магутны, не патрабаваў такога ад ніводнага чарадзея, вяшчуна і Халдэя.
 
Хальдэі адказалі перад каралём і сказалі: «Нямаш на зямлі людзіны, што магла б абясьніць гэту справу каралеўскую; затым няма вялікага караля а дзяржаўцы, каторыя пыталіся б такога ў чараўніка, гвездара альбо Хальдэя;

Чын, якога цар патрабуе, такі цяжкі, што ніхто іншы ня можа адкрыць яго цару, акрамя багоў, якія ня жывуць з плоцьцю».
 
І гэта радкая справа, каторай кароль вымагае, і няма іншага, што мог бы паказаць яе перад каралём, з выняткам багоў, каторыя ня жывуць ізь целам».

Разгневаўся цар і моцна раз’юшыўся за гэта і загадаў перабіць усіх Вавілонскіх мудрацоў.
 
За гэта кароль загневаўся а вельма зазлаваўся і расказаў выгубіць усіх мудрыцоў бабілёнскіх.

Калі выйшаў гэты загад забіваць мудрацоў, шукалі Данііла і яго сяброў, каб забіць іх.
 
І пастаноў вышаў, каб мудрыцы былі забіты; і шукалі Данеля а сяброў ягоных, каб забіць іх.

Тады Данііл зьвярнуўся разважна і мудра да Арыоха, начальніка царскіх целаахоўцаў, які выйшаў забіваць Вавілонскіх мудрацоў,
 
Тады Данель адказаў радаю а мудрасьцю Арэху, начэльніку катаў каралеўскіх, каторы вышаў забіваць мудрыцоў бабілёнскіх;

і спытаўся ў Арыоха, уладнага пры цары: «чаму такі жорсткі загад ад цара?» Тады Арыох расказаў Даніілу ўсю справу.
 
Ён адказаў і сказаў Арэху, начэльніку каралеўскаму: «Чаму такое пасьпешнае права ад караля?» Тады Арэх абясьціў гэтую справу Данелю.

І Данііл увайшоў і ўпрасіў цара даць яму часу, і ён аб’явіць цару разгадку сну.
 
Тады Данель увыйшоў і папрасіў караля даць яму час, і ён дасьць зьясьненьне каралю.

Данііл прыйшоў у свой дом і расказаў справу Ананію, Місаілу і Азарыю — сябрам сваім,
 
Адлі прышоў да дому свайго і Ганані, Місайлу а Азары, сябром сваім, абясьціў справу гэтую,

каб яны прасілі міласьці ў Бога Нябеснага на гэтую таямніцу, каб Данііл і сябры яго не загінулі з астатнімі Вавілонскімі мудрацамі.
 
Каб яны прасілі спагады ў Бога нябёснага што да тайны гэтае, каб не загінулі Данель а сяброве ягоныя із засталымі мудрыцамі бабілёнскімі.

Тады адкрыта была Даніілу таямніца начное ўявы, і Данііл уславіў Нябеснага Бога.
 
Тады Данелю ў ночнай відзені тайна была аб’яўлена, тады Данель дабраславіў Бога нябёснага.

І сказаў Данііл: «хай будзе дабраславёна імя Госпада ад веку і да веку, бо ў Яго мудрасьць і сіла;
 
Адказаў Данель і сказаў: «Будзь дабраславёна імя Божае ад веку да веку, бо мудрасьць і сіла ў Яго;

Ён мяняе часіны і поры, скідае цароў і ставіць цароў, дае мудрасьць мудрым і спазнаньне разумным;
 
І Ён мяняе часы а поры; аддаляе каралёў і ўзносе каралёў; даець мудрасьць мудрым і веданьне тым, што маюць розум;

Ён адкрывае глыбокае і схаванае, ведае, што ў мораку, і сьвятло жыве зь Ім.
 
Ён аб’яўляе глыбокае а тайнае; ведае, што ў цемрадзі, і сьвятліня жывець ізь Ім.

Слаўлю і вялічаю Цябе, Божа бацькоў маіх, што Ты даў мне мудрасьць і сілу і адкрыў мне і тое, пра што мы малілі Цябе; бо Ты адкрыў нам царовую справу».
 
Дзякую Табе й хвалю Цябе, Божа айцоў маіх, што мудрасьць і сілу даў імне і цяпер абясьціў імне, чаго прасілі мы ў Цябе, бо Ты абясьціў нам каралеўскую справу».

Пасьля гэтага Данііл прайшоў да Арыоха, якому цар загадаў перабіць Вавілонскіх мудрацоў, прыйшоў і сказаў Яму: «не забівай мудрацоў Вавілонскіх; увядзі мяне да цара, і я адкрыю разгадку сну».
 
Тады Данель пашоў да Арэха, катораму кароль загадаў выгубіць мудрыцоў бабілёнскіх; ён прышоў і сказаў яму гэтак: «Ня губі мудрыцоў бабілёнскіх; увядзі мяне да караля, і я пакажу каралю зьясьненьне».

Тады Арыох без адкладу прывёў Данііла да цара і сказаў яму: «я знайшоў сярод палонных сыноў Юдэі чалавека, які можа адкрыць цару разгадку сну».
 
Тады Арэх ўборзьдзе прывёў Данеля да караля і сказаў яму гэтак: «Я знайшоў людзіну із сыноў палону зь Юдэяў, каторы каралю зьясьненьне абесьце.

Цар сказаў Даніілу, які названы быў Валтасарам: «ці можаш ты расказаць мне сон, які я бачыў, і разгадку яго?»
 
Кароль адказаў і сказаў Данелю, каторага імя Велтэшазар: «Ці можаш ты абясьціць імне сон, што імне аб’явіўся, і зьясьненьне яго?»

Данііл адказваў цару і сказаў: «таямніцы, пра якую пытаецца цар, ня могуць адкрыць цару ні мудрацы, ні заклінальнікі, ні чарадзеі, ні вяшчуны.
 
Данель адказаў каралю і сказаў: «Тайны, каторае кароль вымагаў, ня могуць мудрыцы, гвездары, чараўнікі, вяшчуны зьясьніць каралю.

Але ёсьць на нябёсах Бог, Які адкрывае таямніцы; і Ён паведаміў цару Навухаданосару, што будзе ў апошнія дні. Сон твой і ўявы тваёй галавы на ложку былі такія:
 
Але ё Бог на небе, што аб’яўляе тайны, і Ён абяшчае каралю Невухаднецару, што мае быць у вапошяія дні. Сон твой а відзень галавы твае на ложку гэткія:

ты, цару, на тваім ложку думаў пра тое, што будзе потым, і Адкрывальнік таямніц паказаў табе тое, што будзе.
 
Што да цябе, каролю: думкі твае на ложку тваім прышлі, што мае быць просьле гэтага; і Тый, што аб’яўляе тайны, паказуе табе, што мае стацца.

А мне таямніца гэтая адкрыта ня дзеля таго, каб я быў мудрэйшы за ўсіх жывых, а дзеля таго, каб адкрыць цару разгадку, і каб ты пазнаў намыслы свайго сэрца.
 
Але што да мяне: тайна гэтая аб’яўлена імне ня з прычыны якое мудрасьці, што я меў бы болей за ўсіх жывучых, але дзеля таго, каб зьясьненьне каралю наказаць, і каб ты мог ведаць думкі сэрца свайго.

Табе, цару, была такая ўява: вось, нейкі вялікі ідал; вялізарны быў гэты ідал, у нязвычайным бляску стаяў ён перад табою, і страшны быў выгляд у яго.
 
Ты, каролю, глядзеў, і вось — вялікі выразаны абраз, каторага бліск быў надзвычайны, стаяў перад табою, і выгляд ягоны быў страшны.

У гэтага ідала галава была з чыстага золата, грудзі ў яго і рукі ў яго — з срэбра, чэрава ў яго і клубы ў яго — медныя,
 
Галава абраза з чыстага золата, грудзі а рукі яго із срэбра, жывот а сьцёгны яго зь медзі,

галені ў яго жалезныя, часткова гліняныя.
 
Галёнкі яго ізь зялеза, ступні яго часткава ізь зялеза, а часткава з гліны.

Ты бачыў яго, пакуль не адарваўся камень ад гары, сам бяз рук, ударыў ідала, у жалезныя і гліняныя ногі яго, і раструшчыў іх.
 
Ты глядзеў яшчэ, пакуль камень не адарваўся бяз рукі і ўдырыў у вабраз, у ногі яго зялезныя й гліняныя, і разьбіў іх на кавалкі.

Тады ўсё разам раструшчылася: жалеза, гліна, медзь, срэбра і золата зрабіліся як пыл на летніх гумнах, і вецер разьвеяў іх, што і сьледу не засталося ад іх; а камень, які разьбіў ідала, зрабіўся вялікаю гарою і напоўніў усю зямлю.
 
Тады разьбілася на кавалкі зялеза, гліна, медзь, срэбра а золата разам і сталіся як ўмецьце летнае такаўні, вецер панёс іх, каб на ніякім месцу не знайшлі іх; а камень, што разьбіў абраз, стаў вялікаю гарою і напоўніў усю зямлю.

Вось той сон! Скажам перад царом і разгадку яго.
 
Гэта сон. Скажам і зьясьненьне яго перад каралём.

Ты, цару, цар над царамі, якому Бог Нябесны даў царства, уладу і славу,
 
Ты, каролю, кароль каралёў, бо Бог нябёсны даў табе каралеўства, моц, сілу а славу;

і ўсіх сыноў чалавечых, дзе б яны ні жылі, зьвярыну зямную і птушак нябесных Ён аддаў у твае рукі і паставіў цябе Ўладаром над усімі імі; ты — гэтая залатая галава!
 
І ўсюдых, ідзе дзеці людзкія жывуць, Ён аддаў у руку тваю зьвера палявога і птуства нябёснае і пастанавіў цябе дзяржаўцаю над усімі імі. Ты — гэна залатая галава.

Пасьля цябе паўстане другое царства, ніжэйшае за тваё, і яшчэ трэцяе царства, меднае, якое будзе панаваць над усёю зямлёю.
 
І просьле цябе паўстане іншае каралеўства, ніжшае за цябе, і іншае трэйцяе каралеўства, зь медзі, каторае будзе мець уладу над усёю зямлёю.

А чацьвёртае царства будзе моцнае, як жалеза; бо як жалеза разьбівае і трушчыць усё, так і яно падобна да жалеза, якое ўсё зьнішчае, будзе трушчыць і нішчыць.
 
А чацьвертае каралеўства будзе моцнае, як зялеза; бо, як зялеза ломе й кволе ўсе, і як зялеза мяжджуле ўсе, так будзе яно ламіць а мяжджуліць.

А што ты бачыў ногі і пальцы на нагах часткова з гліны ганчарнай, а часткова з жалеза, то будзе падзеленае царства, і ў ім застанецца крыху жалезнае моцы, бо ты бачыў жалеза, зьмяшанае з ганчарнаю глінаю.
 
Яшчэ, як ты бачыў, ногі а палцы часткава з ганчаровае гліны, а часткава ізь зялеза, — каралеўства будзе падзеленае, але там будзе ў ім штось із мацніні зялеза, бо, як ты бачыў, зялеза было зьмешанае з балотнаю глінаю.

І як пальцы ног былі часткова з жалеза, а часткова з гліны, так і царства будзе часткова моцнае, часткова крохкае.
 
І як палцы ног часткава ізь зялеза, а часткава з гліны, так каралеўства будзе часткава моцнае, а часткава крохкае.

А што ты бачыў жалеза, зьмяшанае з ганчарнаю глінаю, гэта азначае, што яны зьмяшаюцца празь семя чалавечае, але ня зьліпнуцца адно з адным, як жалеза ня зьмешваецца з глінаю.
 
І, як ты бачыў зялеза, зьмешанае з балотнаю глінаю, яны будуць злучаны насеньням людзкім, але ня будуць моцна дзяржацца адно з адным, як зялеза не мяшаецца з глінаю.

І ў дні тых царстваў Бог Нябесны паставіць царства, якое вавек ня зруйнуецца, і царства гэтае ня будзе перададзена другому народу; яно струшчыць і разбурыць усе царствы, а самое будзе стаяць вечна,
 
І за дзён тых каралёў Бог нябёсны ўзбудзе каралеўства вечнае, што ніколі ня будзе зьнішчана, і гэна каралеўства ня будзе пераходзіць да люду іншага; яно патрышча а абура ўсі гэныя каралеўствы, а само будзе стаяць на векі;

бо ты бачыў, што камень адарваўся ад гары сам, не рукамі, і струшчыў жалеза, медзь, гліну, срэбра і золата. Вялікі Бог даў знак цару, што станецца пасьля гэтага. І гэты сон пэўны, і разгадка яго правільная!»
 
Бо, як ты бачыў, што ад гары адарваўся камень бяз рук і разламіў зялеза, медзь, гліну, срэбра а золата. Вялікі Бог наказаў каралю, што станецца просьле гэтага. І сьненьне пэўнае, і зьясьненьне яго пэўнае».

Тады цар Навухаданосар упаў на аблічча сваё і пакланіўся Даніілу і загадаў прынесьці яму дарункі і ўсякія пахошчы;
 
Тады кароль Невухаднецар паў на від свой і пакланіўся Данелю, і загадаў, каб прынесьлі яму дар а прыемныя пахі.

і сказаў цар Даніілу: «сапраўды ваш Бог ёсьць Бог над багамі і Валадар над царамі, Які адкрывае таямніцы, калі ты здолеў адкрыць гэтую таямніцу!»
 
Кароль адказаў Данелю й сказаў: «Праўда, што Бог ваш — Бог багоў і Спадар каралёў, і аб’яўляе тайны, бо ты мог аб’явіць гэтую тайну».

Тады ўзвысіў цар Данііла і даў яму многа вялікіх дарункаў і паставіў яго над усім Вавілонскім краем і галоўным начальнікам над усімі мудрацамі Вавілонскімі.
 
Тады кароль учыніў Данеля вялікім і даў яму шмат вялікіх дароў, і прызначыў яго за дзяржаўцу над усім краям Бабілёнскім і галоўным начэльнікам над усімі мудрыцамі бабілёнскімі.

Але Данііл прасіў у цара, і ён паставіў Сэдраха, Місаха і Аўдэнага над справамі Вавілонскага краю, а Данііл застаўся пры царскім двары.
 
Тады Данель прасіў караля, і ён пастанавіў на службу каралеўства Бабілёнскага Шадраха, Мішага а Авед-Неґо, але Данель застаўся ў браме каралеўскай.