Данііла 7 разьдзел
Кніга прарока Данііла
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча
У першы год Валтасара, цара Вавілонскага, бачыў Данііл сон і прарочыя ўявы галавы сваёй на сваім ложку. Тады ж ён запісаў гэты сон, сказаўшы самае сутнае.
Першага году Велшазара, караля Бабілёнскага, Данель сьніў сон і відзеў відзені галавы свае на ложку сваім; тады ён запісаў гэны сон і расказаў істасьць справы.
Данііл загаварыў і сказаў: бачыў я ў начной уяве маёй, і вось, чатыры вятры нябесныя ўдарылі на вялікае мора,
Данель адказаў і сказаў: «Я відзеў у сваёй відзені ночы, і вось, чатыры вятры нябёсныя ваявалі на вялікім мору,
і чатыры вялікія зьвяры выйшлі з мора, не падобныя адзін на аднаго.
І чатыры вялізманыя зьвяры вышлі з мора, розныя адзін ад аднаго.
Першы — як леў, а ў яго крылы арліныя; і вось вырвалі ў яго крылы, і ён быў падняты ад зямлі і пастаўлены на ногі, як чалавек, і сэрца чалавечае было дадзена яму.
Першы як леў, але ў яго арліныя крылы. Як я глядзеў, крылы ягоныя былі адарваныя, і ён быў падняты ізь зямлі, і пастаноўлены на дзьве нагі, як людзіна, і сэрца людзкое было дана яму.
І вось, яшчэ зьвер, другі, падобны да мядзьведзя, стаяў на адным баку, і тры іклы ў яго ў пашчы, паміж зубамі ягонымі; яму сказана так: «устань, еж многа мяса!»
І во яшчэ другі зьвер, падобны да медзьвядзя, падняўся з аднаго боку, і тры скабы ў роце ў яго, меж зубоў ягоных; і гэтак сказалі яму: "Устань, жары шмат мяса".
Потым бачыў я: вось — яшчэ зьвер, як барс; на сьпіне ў яго чатыры птушыныя крылы, і чатыры галавы былі ў таго зьвера, і была яму дадзена ўлада.
Адлі я глянуў і бачу — яшчэ адзін, як леапард, у каторага на хрыбце чатыры птушыныя крылы; у зьвера былі таксама чатыры галавы, і ўлада была дана яму.
Пасьля бачыў я ў начных уявах, і вось — зьвер чацьвёрты, страшэнны і жудасны і бязь меры моцны; у яго — вялікія жалезныя зубы; ён пажырае і трушчыць, а рэшту топча нагамі; ён адрозьніваўся ад усіх ранейшых зьвяроў, і дзесяць рагоў было ў яго.
Потым я відзеў у ночных відзенях, і во — чацьверты зьвер, жахлівы а страшны а дужы надзвычайна; у яго вялікія зялезныя зубы; ён жэр а ірваў, астачу ж таптаў нагамі сваімі; ён быў накшы ад іншых зьвяроў, што былі перад ім, і дзесяць рог у яго.
Я глядзеў на гэтыя рогі, і вось, выйшаў паміж імі яшчэ адзін невялікі рог, а тры ранейшыя рогі былі з коранем вырваны перад ім, і вось, у гэтым розе былі вочы, як вочы чалавечыя, і вусны, якія гаварылі пагардліва.
Я назіраў рогі, і вось, адзін рог малы зьявіўся меж іх, перад каторым тры першыя рогі былі вырваны з карэньням, і вось, у гэтага рогу вочы, як вочы людзіны, і рот, што вымаўляў вялікія словы.
Бачыў я нарэшце, што пастаўленыя былі троны, і сеў Спрадвечны днямі; адзеньне на Ім было белае, як сьнег, і валасы на галаве Яго — як чыстая воўна, трон Яго — як вогненнае полымя, колы ў ім — палымяны агонь.
Назіраў я, аж пастаноўлены пасады, і Спрадвечны дзён сеў; адзецьце на Ім белае, як сьнег, і валасы на галаве Ягонай — як чыстая воўна; пасад Ягоны — агняное полымя, колы ягоныя — палаючае цяпло.
Агнявая рака плыла і праходзіла перад Ім; тысяча тысяч служылі Яму і цьма цьмоў стаялі перад Ім; судзьдзі селі, і разгарнуліся кнігі.
Агняны цурэй выцек а разьліўся перад Ім; тысяча тысячаў служылі Яму, і дзесяць тысячаў дзесяткоў тысячаў стаялі перад Ім; суд сеў, і рашчыніліся кнігі.
Бачыў я тады, што за маўленьне пагардлівых слоў, якія гаварыў рог, зьвер быў забіты на маіх вачах, і цела ягонае струшчана і аддадзена на спаленьне агню.
У відзені відзеў я тады, што за вялікія словы, каторыя гукаў рог; відзень відзеў я, што зьвер быў забіты, і зьнішчана цела ягонае, і перадана полымені цяпла.
І ў астатніх зьвяроў адабрана ўлада іхняя, і абсяг жыцьця дадзены ім толькі на час і на гадзіны.
Што да засталых зьвяроў, то ўлада ў іх была адабрана, але жыцьцё іхнае працягнена да року а часу.
Бачыў я ў начных уявах, вось, з аблокамі нябеснымі ішоў як бы Сын Чалавечы, дайшоў да Спрадвечнага днямі і падведзены быў да Яго.
Бачыў я ў ночных відзенях, і вось, болкамі нябёснымі быццам Сын людзкі быў прышоўшы да Старога Днямі, да Яго.
І Яму дадзена ўлада, слава і царства, каб усе народы, плямёны і роды служылі Яму; валадарства Ягонае — валадарства вечнае, яно ня мінецца, і царства Ягонае не разбурыцца.
І была дана Яму ўлада а слава а каралеўства, каб усі люды, народы й мовы служылі Яму; ўлада Ягоная — улада вечная, каторая ня мінець, і каралеўства Ягонае ня будзе зьнішчана.
Затрапятаў дух мой, Даніілаў, ува мне, у целе маім, і ўявы галавы маёй зьбянтэжылі мяне.
Я, Данель, зьнемарасьціўся ў духу сваім у целе, і відзені галавы мае парушылі мяне.
Я падышоў да аднаго, што стаяў наперадзе, і спытаўся ў яго пра сапраўдную сутнасьць усяго гэтага, і ён пачаў гаварыць са мною і растлумачыў мне сэнс сказанага:
Я дабліжыўся да аднаго з тых, што блізка стаялі, і папытаўся ў яго праўды праз усе гэта, і ён гутарыў з імною, і абясьціў імне значаньне гэтых рэчаў:
«гэтыя вялікія зьвяры, якіх чатыры, азначаюць, што чатыры царствы паўстануць зь зямлі.
"Гэтыя вялікія зьвяры, каторых чатыры — чатыры караля, што паўстануць ізь зямлі.
Потым прымуць царства сьвятыя Ўсявышняга і будуць валодаць царствам вавек і вавекі вякоў».
Але адзяржаць каралеўства сьвятыя Навышняга і будуць дзяржаці каралеўства на векі, на векі а векі".
Тады пажадаў я дакладнага тлумачэньня пра чацьвёртага зьвера, які адрозьніваўся ад усіх і быў вельмі страшны, з зубамі жалезнымі і пазурамі меднымі, жэр і трушчыў, а рэшту таптаў нагамі,
Тады я хацеў даведацца праўды праз чацьвертага зьвера, што розьніўся ад усіх іншых, быў надзвычайна страшны, ізь зялезнымі зубамі а бранзовымі капцюрамі, жэр а трышчыў, астачу ж таптаў нагамі сваімі,
і пра дзесяць рагоў, якія былі на галаве ў яго, і пра другі, што зноў выйшаў, перад якім выпалі тры, — пра той самы рог, у якога былі вочы і вусны, што гаварылі пагардліва, і які з выгляду стаў большы за астатнія.
І зь дзесяцьма рагамі на галаве сваёй, і праз другога, што прышоў, і перад каторым палі тры, у каторага розе былі вочы й рот, што гукаў вялікае, каторы выглядаў дужшым за сяброў сваіх.
Я бачыў, як гэты рог вёў лаянку са сьвятымі і адольваў іх,
Я глядзеў, як гэны рог пачаў вайну ізь сьвятымі і перамагаў іх,
пакуль ня прыйшоў Спрадвечны днямі, і суд дадзены быў сьвятым Усявышняга, і настаў час, каб царствам авалодалі сьвятыя.
Пакуль ня прышоў Стары Днямі, і суд быў даны сьвятым Навышняга, і настала пара, каб сьвятыя адзяржалі каралеўства.
Пра гэта ён сказаў: «зьвер чацьвёрты — на зямлі будзе чацьвёртае царства, якое адрозьніваецца ад усіх царстваў, яно будзе пажыраць усю зямлю, таптаць і трушчыць яе.
Гэтак ён сказаў: "Чацьверты зьвер — чацьвертае каралеўства будзе на зямлі, накшае ад усіх каралеўстваў, і будзе жэрці ўсю зямлю, і таптаць яе, і мяжджуліць.
А дзесяць рагоў азначаюць, што з гэтага царства паўстануць дзесяць цароў, і пасьля іх паўстане іншы, не такі як ранейшыя, і зьнішчыць трох цароў,
А дзесяць рог значаць, што з гэнага каралеўства паўстане дзесяць каралёў, просьле іх паўстане адзін, накшы ад першых, і паніжа трох каралёў.
і супроць Усявышняга будзе гаварыць словы і прыгнятаць сьвятых Усявышняга; нават задумае адмяніць у іх сьвяты і закон, і яны аддадзены будуць у руку яго да часу і часоў і паўчасу.
І будзе гукаць словы на Навышняга, і нікбіць сьвятых Навышняга, і падумае адмяніць поры а права, і яны будуць адданы ў руку яму на час, часы а паў часу.
Потым засядуць судзьдзі і адбяруць у яго ўладу губіць і зьнішчаць да канца,
Але сядзе суд, і адыймуць у яго ўладу, каб згубіць а зьнішчыць да канца.
а царства і ўлада і веліч царская ва ўсёй паднябеснай дадзена будзе народу сьвятых Усявышняга, царства Якога — царства вечнае, і ўсе ўладары будуць служыць і слухацца Яго».
Каралеўства ж а ўлада а вялічча каралеўства пад цэлым небам будзе люду сьвятых Навышняга, Каторага каралеўства — каралеўства вечнае, і ўсі дзяржавы будуць служыць Яму і слухаць Яго".
Тут канец слова. Мяне, Данііла, моцна турбавалі развагі мае, і аблічча маё зьмянілася на мне; але слова я захаваў у сэрцы маім.
Дагэтуль канец справе. Што да мяне, Данеля: думкі мае вельма палохалі мяне, і від мой адмяніўся ў імне; але я захаваў справу ў сэрцу сваім».