Данііла 4 разьдзел

Кніга прарока Данііла
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Я, Навухаданосар, быў спакойны ў сваім доме і дабрашчасьціўся ў харомах маіх.
 
Я, Невухаднецар, быў супакойны ў доме сваім і красаваўся ў палацу сваім.

Але бачыў я сон, які напалохаў мяне, і роздум на ложку маім і ўявы маёй галавы зьбянтэжылі мяне.
 
Я меў відзень у сьне, што напалохала мяне, і думкі на ложку сваім, і ад відзені галавы свае я заклапаціў.

І дадзены быў мною загад прывесьці да мяне Вавілонскіх мудрацоў, каб яны разгадалі мне сутнасьць сну.
 
І ад мяне выдана загада прывесьці да мяне ўсіх мудрыцоў бабілёнскіх, каб яны маглі абясьціць імне зьясьненьне сну.

Тады прыйшлі чарадзеі, заклінальнікі, Халдэі і вяшчуны; я расказаў ім сон, але яны не маглі мне разгадаць сутнасьць яго.
 
Тады ўвыйшлі чараўнікі, гвездары, Хальдэі а вяшчуны, і я сказаў ім сон, але яны не абясьцілі імне зьясьненьне яго.

Нарэшце ўвайшоў да мяне Данііл, якому імя было Валтасар — як імя майго бога і ў якім дух Сьвятога Бога; якому я расказаў сон.
 
Але наапошку ўвыйшоў да мяне Данель, каторага імя Велтэшазар подле імені бога майго і ў каторага дух сьвятых багоў, і яму я паведаў сьненьне, кажучы:

«Валтасар, начальнік мудрацоў! я ведаю, што ў табе дух Сьвятога Бога, і ніякая таямніца ня цяжкая табе; растлумач мне ўявы майго сну, які бачыў я, і разгадай сутнасьць яго.
 
"Велтэшазару, начэльніча чараўнікоў! я ведаю, што ў цябе дух сьвятых багоў, і ніякая тайна не схавана ад цябе, абясьці імне відзені сну майго, што я відзеў, і зьясьненьне яго.

А ўявы маёй галавы на маім ложку былі такія: бачыў я — вось пасярод зямлі дрэва, досыць высокае.
 
Гэткія відзені галавы мае на ложку маім: я відзеў, вось, сярод зямлі дзерва, і вышыня яго вялікая.

Вялікае было гэтае дрэва і моцнае, і вышыня яго сягала да неба, і яно відно было да краёў усёй зямлі.
 
Дзерва вырасла й было моцнае, і вышыня яго дасягла неба, і было відаць яно аж да канца ўсяе зямлі.

Лісьце яго цудоўнае, і пладоў на ім мноства, і ежы на ім на ўсіх; пад ім знаходзіла цень палявая зьвярына, і ў гольлі яго гнездаваліся птушкі нябесныя, і ад яго кармілася ўсякая плоць.
 
Лісьцё яго харошае, і пладоў у яго шмат, і ўсім ежа на ім; пад ім мелі сьцень зьвяры палявыя, і жылі ў гольлю яго птушкі нябёсныя, і ад яго жывілася ўсялякае цела.

І бачыў я ва ўявах маёй галавы на маім ложку, вось, сышоў зь нябёсаў Чувальны і Сьвяты.
 
Я бачыў у відзенях галавы свае на ложку сваім, і вось, Назіраньнік а Сьвяты зышоў зь неба;

Усклікнуўшы голасна, Ён сказаў: «сьсячэце гэта дрэва, абсячэце гольле яго, абтрасеце лісьце зь яго і раскідайце плады яго; няхай сыйдуць зьвяры з-пад яго і птушкі з гольля яго;
 
Голасна гукаў і сказаў гэтак: "Сьсячыце гэтае дзерва й абатніце гольле яго, абтрасіце лісьцё яго й рассыпце плады яго; няхай зьвяры адыйдуць з-пад яго і птушкі нябёсныя з гольля яго.

але галоўны корань яго пакіньце ў зямлі, і няхай ён у кайданах жалезных і медных сярод польнай травы аброшваецца нябеснаю расою, і з жывёламі няхай будзе частка яго ў траве зямной.
 
Стаян, адылі, карэньня яго пакіньце ў зямлі ў зялезных а мядзяных ланцугох сярод травы палявое; і няхай раса нябёсная моча яго, і ізь зьвярмі дзель ягоная ў траве земнай.

Сэрца чалавечае адымецца ў яго і дасца яму сэрца зьвярынае, і сем часінаў пройдуць над ім.
 
Няхай сэрца людзкое адменяць у яго і сэрца зьверавае дадуць яму, і мінець над ім сем пораў.

Загадам Чувальнага гэта пастаноўлена, і паводле прыгавору Сьвятога назначана, каб ведалі жывыя, што Ўсявышні валадарыць над царствам чалавечым і дае яго, каму хоча, і становіць над ім нізкага зь людзей».
 
Пастаноў вартаўнікоў казаньне гэтае, і подле слова сьвятых вымаганьне гэтае станецца, каб жывучыя даведаліся, што Навышні радзе каралеўства людзкое і даець яго, каму хоча, і найніжшага меж людзёў садзе на яго’.

Такі сон бачыў я, цар Навухаданосар; а ты, Валтасару, скажы разгадку яго, бо ніхто з мудрацоў у маім царстве ня мог растлумачыць яго сэнсу, а ты можаш, бо ў табе дух сьвятога Бога.
 
Гэта сьненьне ў відзені меў я, кароль Невухаднецар. Дык ты, Велтэшазару, паведай зьясьненьне, бо ніхто з мудрыцоў у каралеўстве маім ня можа зьясьненьня абясьціць імне, а ты можаш, бо дух сьвятых багоў у табе".

Тады Данііл, якому імя Валтасар, каля гадзіны быў у зьдзіўленьні, і думкі яго бянтэжылі яго. Цар загаварыў і сказаў: «Валтасару! хай не бянтэжыць цябе гэты сон і разгадка яго». Валтасар адказваў і сказаў: «гаспадару мой! каб жа на тваіх ненавісьнікаў гэты сон, і на ворагаў тваіх разгадка яго!
 
Тады Данель, каторага імя Вэлтэшазар, быў гадзіну зумеўшыся, і думкі ягоныя немарасьцілі яго. Адказаў кароль і сказаў: "Велтэшазару, сон альбо зьясьненьне яго хай не палохае цябе". Адказаў Велтэшазар і сказаў: "Спадару мой, няхай сон гэты тым, што ненавідзяць цябе, і зьясьненьне яго непрыяцелям тваім.

Дрэва, якое ты бачыў, якое было вялікае і моцнае, вышынёю сваёю сягала да нябёсаў і відно было на ўсю зямлю,
 
Дзерва, што ты бачыў, каторае расло й было моцнае, каторага вышыня дасягла нябёс, і відаць было на ўсёй зямлі,

а лісьце было цудоўнае, і мноства пладоў і ежа на ўсіх, а пад ім жыла зьвярына польная і ў гольлі гнездаваліся птушкі нябесныя,
 
Каторага лісьцё харошае, і пладоў на ім шмат, і на ім ежа ўсім, пад каторым зьвяры палявыя жылі, і на каторага гольлю птушкі нябёсныя мелі сялібу,

гэта — ты, цару, які ўзьвялічаны і магутны, і веліч твая вырасла і сягнула да нябёсаў і ўлада твая — да краёў зямлі.
 
Гэта — ты, каролю, што вырас а стаў магучым, бо вялікасьць твая вырасла й дасягла неба, і дзяржава твая да канца зямлі.

А што цар бачыў Чувальнага і Сьвятога, Які сыходзіў зь нябёсаў і Які сказаў: сьсячэце дрэва і зьнішчыце яго, толькі галоўны корань яго пакіньце ў зямлі, і няхай ён у кайданах жалезных і медных сярод польнай травы арашаецца расою нябеснаю, і з польнай зьвярыною няхай будзе частка яго, пакуль ня пройдуць над ім сем часінаў,
 
А што кароль бачыў Назіраньніка а Сьвятога, зь нябёс зыходзячага й кажучага: ’Сьсячыце гэтае дзерва й зьнішчыце яго; Пакіньце, адылі, стаян карэньня яго ў зямлі ў зялезных а мядзяных ланцугох сярод травы палявое, і няхай раса нябёсная моча яго, і дзель ягоная ізь зьвярмі палявымі, аж пакуль сем пораў мінець над ім’, —

дык вось сутнасьць гэтага, цару, і вось вызначэньне Ўсявышняга, якое спасьцігне гаспадара майго, цара:
 
Гэта зьясьненьне, каролю, і гэта пастаноў Навышняга, каторы прыйдзе на спадара майго, караля.

цябе адлучаць ад людзей, і пражываньне тваё будзе з польнай зьвярыною; травою карміцьмуць цябе, як вала, расою нябеснаю ты будзеш аброшаны, і сем часінаў пройдзе над табою, пакуль уведаеш, што Ўсявышні валадарыць над царствам чалавечым і дае яго, каму хоча.
 
І пражануць цябе ад людзёў, і ізь зьвярмі палявымі будзе гаспода твая, і будуць даваць тэ есьці траву, як валом, і мачыць цябе расою нябёснага, і сем пораў мінець над табою, пакуль ты даведаешся, што Навышні радзе каралеўства людзкое й даець яго, каму хоча.

А што загадана было пакінуць галоўны корань дрэва, гэта азначае, што царства тваё застанецца пры табе, калі ты спазнаеш над сабою ўладу нябесную.
 
А што яны расказалі пакінуць стаян-карэнь дзерва — каралеўства твае будзе пэўнае табе просьле тога, як ты даведаешся, што нябёсы маюць уладу.

Таму, цару, хай будзе даспадобы табе парада мая: акупі грахі твае праўдаю і твае правіны мілажалем да бедных; вось, чым можа падоўжыцца мір твой».
 
Затым, каролю, няхай рада мая будзе ў прыгодзе табе, і перарві грахі свае справядлівасьцяй і бяспраўе свае міласэрдзям да бедных; вось, чым прадоўжыцца красаваньне твае".

Усё гэта збылося ў цара Навухаданосара.
 
Усе гэта спраўдзілася на каралю Невухаднецару.

Як прайшло дванаццаць месяцаў, пахаджаючы па царскіх харомах у Вавілоне,
 
У канцы двананцацёх месяцаў ён праходжаваўся па палацу каралеўскім у Бабілёне.

цар сказаў: «ці ня гэта велічны Вавілон, які пабудаваў я домам царства моцай маёй магутнасьці і на славу маёй велічы!»
 
Адказаў кароль і сказаў: "Ці не вялікі гэта Бабілён, каторы я пастанавіў на дом каралеўства моцаю сілы свае дзеля сьці вялічча свайго?".

Яшчэ гэтыя словы былі на вуснах у цара, калі быў зь неба голас: «табе кажуць, цару Навухаданосар: царства адышло ад цябе!
 
Як яшчэ слова было ў вуснах каралеўскіх, паў голас ізь неба: "Табе кажацца, каролю Невухаднецару: каралеўства аднята ад цябе;

І адлучаць цябе ад людзей, і будзе пражываньне тваё з польнай зьвярыною; травою карміцьмуць цябе, як вала, і сем часінаў пройдуць над табою, аж пакуль ня ўведаеш, што Ўсявышні валадарыць над царствам чалавечым і дае яго, каму хоча!»
 
І пражануць цябе ад людзёў, і ізь зьвярмі палявымі гаспода твая, будуць даваць табе есьці траву, як валом, і сем пораў мінець над табою, пакуль ты даведаешся, што Навышні радзе каралеўства людзкое і даець яго, каму хоча".

Адразу ж і спраўдзілася гэта слова над Навухаданосарам, і адлучаны быў ён ад людзей, еў траву, як вол, і аброшвалася цела ягонае расою нябеснаю, так што валасы ў яго вырасьлі як у льва, і пазногці яго — як у птушкі.
 
Тае ж гадзіны выпаўнілася гэта над Невухаднецарам: і ён быў прагнаны ад людзёў, і еў траву, як валы, і цела ягонае мокла ад расы нябёснай, пакуль валасы ягоныя ня вырасьлі, як пер’е арла, і ногці, як капцюры птушак.

А як скончыліся тыя дні, я, Навухаданосар, узьвёў вочы мае да неба, і мой розум вярнуўся да мяне; і дабраславіў я Ўсявышняга, пахваліў і праславіў Вечнаіснага, валадарства Якога — валадарства вечнае і царства Якога — у роды і роды.
 
І ў канцу гэтых дзён я, Невухаднецар, узьняў вочы свае да неба, і розум мой зьвярнуўся імне, і я дабраславіў Навышняга, выхваляў а сьціў Таго, Каторы жывець на векі, чыя ўлада ё ўладаю вечнаю, і каралеўства ягонае ад пакаленьня да пакаленьня.

І ўсе жывыя на зямлі ня значаць нічога; па волі Сваёй Ён чыніць як у нябесным войску, так і сярод жывых на зямлі, і няма нікога, хто мог бы ўсупрацівіцца Ягонай руцэ і сказаць Яму: што Ты зрабіў?
 
І ўсі жыхары зямлі нічога ня значаць, і Ён дзее подле волі Свае ў войску нябёсным і меж жыхараў зямлі; і ніхто ня можа задзяржаць рукі Ягонае альбо сказаць яму: "Што Ты робіш?"

У той час вярнуўся да мяне мой розум, і я вярнуўся да славы царства свайго, і вярнуліся да мяне самавітасьць і ранейшы мой выгляд; і знайшлі мяне мае радцы і вяльможы мае, і я быў зноў пастаўлены на царства маё, і веліч мая яшчэ больш узвысілася.
 
У тым самым часе розум мой зьвярнуўся да мяне, і чэсьць каралеўства майго, вялічча маё а зьзяньне зьвярнуліся імне; і шукалі мяне райцы мае і панове мае, і я ўмацаваўся на каралеўстве сваім, і супоўнае вялічча было дадана імне.

Цяпер я, Навухаданосар, слаўлю, узношу і вялічаю Цара Нябеснага, у Якога ўсе дзеі ў ісьціне і шляхі праведныя, і Які Мае сілу ўпакорыць тых, якія ходзяць ганарыста».
 
Цяпер я, Невухаднецар, выхваляю, вывышаю а ўслаўляю Караля нябёс, Каторага ўсі ўчынкі праўдзівыя і дарогі Ягоныя — суд, і можа паніжаць Ён тых, што ходзяць пыхата».