Данііла 5 разьдзел

Кніга прарока Данііла
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Цар Валтасар справіў вялікую гасьціну тысячам вяльможаў і на вачах у тысячы піў віно.
 
Велшазар, кароль, справіў вялікую чэсьць тысяча паном сваім і піў віно перад тысяча.

Скаштаваўшы віна, Валтасар загадаў прынесьці залаты і срэбраны посуд, які Навухаданосар, бацька ягоны, вынес з храма ў Ерусаліме, каб пілі зь яго цар, вяльможы ягоныя, ягоныя жонкі і ягоныя наложніцы.
 
Велшазар казаў, як ён паспытаўся віна, прынесьці залаты а срэбны спрат, што Невухаднецар, айцец ягоны, забраў з палацу Ерузалімскага, каб піць ізь яго каралю а князём а жонкам ягоным а мамошкам ягоным.

Тады прынесьлі залаты посуд, які вынесьлі з храма Дома Божага ў Ерусаліме; і пілі зь яго цар і вяльможы яго, ягоныя жонкі і ягоныя наложніцы,
 
Тады прынесьлі залаты спрат, што быў забраны з палацу дому Божага ў Ерузаліме, і пілі зь іх кароль а князі ягоныя а жонкі ягоныя а мамошкі ягоныя.

пілі віно, і славілі багоў залатых і срэбных, медных, жалезных, драўняных і каменных.
 
Пілі віно й хвалілі багі залатыя а срэбныя, мядзяныя, зялезныя, дзярвяныя а каменныя.

У той самы час выйшлі пальцы рукі чалавечай і пісалі насупраць сьвечніка на вапне сьцяны царскіх харомаў, і цар бачыў пясьць рукі, што пісала.
 
Тае самае гадзіны зьявіліся палцы рукі людзкое й пісалі насупроці сьветача на тынку сьцяны каралеўскага палацу, і кароль бачыў часьць рукі, што пісала.

Тады цар перамяніўся з твару свайго; думкі ягоныя зьбянтэжылі яго, суглобы паясьніцы ягонай паслабіліся, і калені яго біліся адно аб адно.
 
Тады кароль адмяніўся на відзе, і думкі ўзрушылі яго, вязі сьцёгнаў ягоных скволелі, і калені біліся адно аб адно.

Моцна закрычаў цар, каб прывялі і заклінальнікаў, Халдэяў і вяшчуноў; цар загаварыў і сказаў мудрацам Вавілонскім: «хто прачытае гэта напісанае і разгадае мне сутнасьць яго, той будзе апрануты ў пурпуру, і залаты ланцуг атрымае на шыю сваю, і трэцім валадаром будзе ў царстве».
 
Крыкнуў кароль моцна, каб прывялі гвездароў, Хальдэяў а вяшчуноў. Адказаў кароль мудрыцом бабілёнскім і сказаў: «Кажны чалавек, што прачытае гэты напіс і ізьясьніць імне значаньне яго, будзе адзеты ў шкарлат, і залаты ланцуг будзе на шыі ў яго, і трэйцім у каралеўстве будзе радзіць».

І ўвайшлі ўсе царовыя мудрацы, але не маглі прачытаць пісаньня і разгадаць цару сутнасьць яго.
 
Тады прышлі ўсі мудрыцы каралеўскія, але не маглі напісу прачытаць і значаньне яго абясьціць каралю.

Цар Валтасар над меру ўстрывожыўся, і выгляд ягонага твару зьмяніўся, і вяльможы ягоныя сумеліся.
 
Тады кароль Велшазар вельма заклапаціўся, і від быў адмяніўшыся ў яго, і панове ягоныя былі зумеўшыся.

На словы цара і яго вяльможаў увайшла ў пакой гасьціны царыца; загаварыла царыца і сказала: «цару, вавекі жыві! хай цябе не бянтэжаць думкі твае, і хай не мяняецца выгляд твару твайго.
 
З прыгоды гэтае караля а паноў ягоных караліца прышла да дому чэсьці; караліца гукала й сказала: «Каролю, жыві на векі! няхай думкі твае ня ўзрушаюць цябе ані від твой меніцца!

Ёсьць у тваім царстве муж, у якім дух сьвятога Бога; у дні твайго бацькі былі ў ім яснасьць, розум і мудрасьць, роўная мудрасьці багоў, і цар Навухаданосар, твой бацька, паставіў яго начальнікам чарадзеяў, Халдэяў і вяшчуноў, — сам бацька твой, цар,
 
Ё муж у каралеўстве тваім, у каторага дух сьвятых багоў; і за дзён айца твайго знойдзены былі ў ім асьвета а розум а мудрасьць, як мудрасьць багоў, і кароль Невухаднецар, айцец твой, каролю, айцец твой, быў прызначыўшы яго за начэльніка чараўнікоў, гвездароў, Хальдэяў, вяшчуноў,

бо ў ім, у Данііле, якога цар пераназваў Валтасарам, выявіліся высокі дух, веданьне і розум, здольны разгадваць сны, тлумачыць загадкі і разблытваць вузлы. Дык вось, няхай паклічуць Данііла, — і ён разгадае сутнасьць».
 
Бо дасканальны дух а веданьне а цямленьне зьясьняць сны, разьвязаваць загадкі і разблытаваць вузлы былі знойдзены ў тым самым Данелю, каторага кароль назваў Велтэшазар. Дык цяпер няхай гукнуць Данеля, і ён дасьць зьясьненьне».

Тады ўведзены быў Данііл да цара, і цар пачаў слова і сказаў Даніілу: «ці ты Данііл, адзін з палонных сыноў Юдэйскіх, якіх мой бацька, цар, прывёў зь Юдэі?
 
Тады прывялі Данеля да караля. Кароль гукаў і сказаў Данелю: «Ці ты тый Данель, што із сыноў палону Юдэйскага, каторага кароль, айцец мой, прывёў зь Юдэі?

Я чуў пра цябе, што дух Божы ў табе і сьвятло і розум, і высокая мудрасьць выяўлена ў табе.
 
Я чуў празь цябе, што дух багоў у табе, і асьвета а розум а дасканальная мудрасьць знойдзены ў табе.

І вось, прыведзены былі да мяне мудрацы і заклінальнікі, каб прачытаць гэта напісанае і разгадаць мне сутнасьць яго; але яны не маглі абвясьціць мне гэтага.
 
І цяпер былі ўзьведзены да мяне мудрыцы, гвездары, каб прачыталі гэты напіс і зьясьнілі імне яго, але не маглі значаньне гэтага слова зьясьніць імне.

І я чуў пра цябе, што ты можаш тлумачыць загадкі і разблытваць вузлы; дык вось, калі можаш прачытаць гэта пісаньне і разгадаць мне сутнасьць яго, дык будзеш апрануты ў пурпуру, і залаты ланцуг атрымаеш на шыю сваю, і трэцім валадаром будзеш у царстве».
 
І я чуў празь цябе, што ты можаш даваць зьясьненьні і разьвязаваць вузлы. Дык калі можаш прачытаць гэты напіс і абясьціць імне зьясьненьне, то ты будзеш адзеты ў шкарлат, і залаты ланцуг будзе на шыі ў цябе, і трэйцім у каралеўстве будзеш радзіць».

Тады адказваў Даніііл і сказаў цару: «дары твае хай будуць табе, і пашану аддай каму іншаму; а пісаньне я прачытаю цару і разгадку скажу яму.
 
Тады Данель адказаў і сказаў каралю: «Няхай дары твае будуць табе, надгароду ж іншаму дай, усе ж напіс прачытаю каралю і абяшчу табе зьясьненьне.

Цару! Усявышні Бог даў твайму бацьку Навухаданосару царства, веліч, гонар і славу.
 
Ты, каролю! найвышшы Бог даў Невухаднецару, айцу твайму, каралеўства а вялічча а славу а пазор.

Перад веліччу, якую Ён даў яму, усе народы, плямёны і роды трымцелі і баяліся яго; каго ён хацеў, забіваў, і каго хацеў, пакідаў жывога; каго хацеў, узвышаў, і каго хацеў, паніжаў.
 
І з прычыны вялічча, што Ён даў яму, усі люды, народы й мовы лякаліся а дрыжэлі перад ім: каго хацеў, забіваў, і каго хацеў, таго пакідаў жывога; і каго хацеў, таго вывышаў, і каго хацеў, таго паніжаў.

Але калі сэрца ягонае заганарылася і дух ажарсьцвеў да дзёрзкасьці, ён быў скінуты з царскага трона свайго і пазбаўлены славы сваёй,
 
Але як сэрца ягонае ўзьнялося, і дух ягоны скалянеў у пысе, ён зьведзены з каралеўскага пасаду свайго, і слава ягоная адабрана ад яго;

і адлучаны быў ад сыноў чалавечых, і сэрца яго прыпадобнілася да зьвярынага, і жыў ён зь дзікімі асламі; кармілі яго травою, як вала, і цела яго аброшана было нябеснаю расою, пакуль ён ня ўведаў, што над царствам чалавечым валадарыць Усявышні Бог і становіць над ім, каго хоча.
 
І ад сыноў людзкіх быў прагнаны, і сэрца ягонае зраўнавалася ізь зьверавым, і зь дзікімі асламі жыў; кармілі яго травою, як валы, і ад расы нябёснае цела ягонае мокла, пакуль ён не даведаўся, што радзе навышшы Бог каралеўства людзкое і каго хоча прызначае на яго.

І ты, сыне яго Валтасар, не ўпакорыў сэрца твайго, хоць ведаў усё гэта,
 
А ты, сыну ягоны Велшазару, не ўкарыў сэрца свайго, хоць ты ведаў усе гэта;

узьнёсься супроць Госпада нябёсаў, і посуд храма Яго прынесьлі табе, і ты і твае вяльможы і наложніцы твае пілі зь яго віно, і ты славіў багоў срэбраных і залатых, медных, жалезных, драўляных і каменных, якія ня бачаць, і ня чуюць, і не разумеюць; а Бога, у руцэ ў Якога душа твая і ў Якога твае ўсе шляхі, ты не праславіў.
 
Але супроці Спадара нябёс ты падняўся, і прынесьлі да цябе спрат дому Ягонага, і ты а панове твае, жонкі твае а мамошкі твае пілі віно зь іх, і ты хваліў багі срэбныя а залатыя, бранзовыя, зялезныя, дзярвяныя а каменныя, што ня бачаць ані чуюць, ані ведаюць; а Бога, у Каторага ў руццэ дых твой, і ў Каторага ўсі дарогі твае, ты ня ўславіў.

За гэта і паслана ад Яго пясьць рукі, і накрэсьлена гэта пісаньне.
 
Тады была часьць рукі паслана ад Яго, і гэты напіс быў нарысаваны.

І вось што накрэсьлена: мэнэ, мэнэ, тэкэл, упарсін.
 
І гэта напіс, што напісаны: "Мене, Мене, Тэкел, Уфарсын".

Вось і разгадка слоў: мэнэ — вылічыў Бог царства тваё і паклаў канец яму;
 
Гэта зьясьненьне словаў: "Мене" — палічыў Бог каралеўства тваё і скончыў яго;

тэкэл — ты ўзважаны на вагах і важыш вельмі мала;
 
"Тэкел" — ты зважаны на вазе і знойдзены недастатным;

пэрэс — падзелена царства тваё і аддадзена Мідзянам і Персам».
 
"Перэс" — падзелена каралеўства тваё і дана Мідзянам а Пэрсам».

Тады па загадзе Валтасара апранулі Данііла ў пурпуру і павесілі залаты ланцуг на шыю яму і абвясьцілі яго трэцім валадаром у царстве.
 
Тады расказаў Велшазар, і адзелі Данеля ў шкарлат, і ўзлажылі залаты ланцуг на шыю ягоную, і агаласілі ўзглядам яго, што ён будзе трэйцім параднікам у каралеўстве.

Тае самае ночы Валтасар, цар Халдэйскі, быў забіты,
 
Тае ж ночы Велшазар, кароль Хальдэйскі, забіты.

і Дарый Мідзянін, якому было шэсьцьдзясят два гады, прыняў царства.
 
І Дар Мід заняў караяеўства ў веку шасьцьдзясят двух год.