Данііла 5 разьдзел

Кніга прарока Данііла
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Леаніда Галяка

 
 

Цар Валтасар справіў вялікую гасьціну тысячам вяльможаў і на вачах у тысячы піў віно.
 
Бальтазар, кароль, зрабіў вялікую бяседу для тысячы сваіх магнатаў і перад вачыма тысячы піў віно.

Скаштаваўшы віна, Валтасар загадаў прынесьці залаты і срэбраны посуд, які Навухаданосар, бацька ягоны, вынес з храма ў Ерусаліме, каб пілі зь яго цар, вяльможы ягоныя, ягоныя жонкі і ягоныя наложніцы.
 
А калі Бальтазар піў віно, загадаў прынесьці залатое і серабранае начыньне, якое Набухаданосар, ягоны бацька, забраў з ерусалімскай сьвятыні, каб піць з іх каралю, ягоным магнатам, ягоным жонкам і ягоным наложніцам.

Тады прынесьлі залаты посуд, які вынесьлі з храма Дома Божага ў Ерусаліме; і пілі зь яго цар і вяльможы яго, ягоныя жонкі і ягоныя наложніцы,
 
Тады прынесьлі залатое начыньне, якое было ўзятае са сьвятыні Дому Божага ў Ерусаліме і пілі з іх кароль і ягоныя магнаты, ягоныя жонкі і ягоныя наложніцы,

пілі віно, і славілі багоў залатых і срэбных, медных, жалезных, драўняных і каменных.
 
а, п’ючы віно, славілі залатых, сярэбраных, медных, зялезных, дзераўляных і каменных багоў.

У той самы час выйшлі пальцы рукі чалавечай і пісалі насупраць сьвечніка на вапне сьцяны царскіх харомаў, і цар бачыў пясьць рукі, што пісала.
 
У той-жа час выйшлі пальцы чалавечай рукі і пісалі супроць сьвечніка на вапне сьцяны каралеўскага палацу і бачыў кароль частку пішучай рукі.

Тады цар перамяніўся з твару свайго; думкі ягоныя зьбянтэжылі яго, суглобы паясьніцы ягонай паслабіліся, і калені яго біліся адно аб адно.
 
Тады кароль зьмяніўся ў твары сваім, стрывожыліся ягоныя думкі, вязаньні ягоных бёдраў аслабелі, а калены пачалі біцца адно аб другое.

Моцна закрычаў цар, каб прывялі і заклінальнікаў, Халдэяў і вяшчуноў; цар загаварыў і сказаў мудрацам Вавілонскім: «хто прачытае гэта напісанае і разгадае мне сутнасьць яго, той будзе апрануты ў пурпуру, і залаты ланцуг атрымае на шыю сваю, і трэцім валадаром будзе ў царстве».
 
З усяе сілы закрычэў кароль, каб прывялі вешчбітаў, халдэяў і варажбітоў; кароль пачаў гаварыць і сказаў Бабілёнскім мудрацом: — хто прачытае напісанае і вытлумачыць мне ягонае значэньне, той будзе апранены ў чырвоную вопратку і дадуць яму залаты ланцуг на шыю і будзе трэцім у каралеўстве, пасьля мяне.

І ўвайшлі ўсе царовыя мудрацы, але не маглі прачытаць пісаньня і разгадаць цару сутнасьць яго.
 
І ўвайшлі ўсе каралеўскія мудрацы, але не маглі прачытаць напісанага і вытлумачыць ягонае значаньне.

Цар Валтасар над меру ўстрывожыўся, і выгляд ягонага твару зьмяніўся, і вяльможы ягоныя сумеліся.
 
Кароль Бальтазар вельмі ўстрывожыўся і зьмяніўся выгляд ягонай твары і ўстрывожыліся ягоныя магнаты.

На словы цара і яго вяльможаў увайшла ў пакой гасьціны царыца; загаварыла царыца і сказала: «цару, вавекі жыві! хай цябе не бянтэжаць думкі твае, і хай не мяняецца выгляд твару твайго.
 
Каралева-ж з прычыны словаў караля і магнатаў увайшла ў бяседнае памешканьне, пачала гаварыць і сказала: — кароль, жыві вечна! Няхай і цябе ня трывожаць твае думкі і няхай не зьмяняеца выгляд твайго твару;

Ёсьць у тваім царстве муж, у якім дух сьвятога Бога; у дні твайго бацькі былі ў ім яснасьць, розум і мудрасьць, роўная мудрасьці багоў, і цар Навухаданосар, твой бацька, паставіў яго начальнікам чарадзеяў, Халдэяў і вяшчуноў, — сам бацька твой, цар,
 
ёсьць у тваім каралеўстве муж у якім дух сьвятога Бога. За часоў твайго бацькі былі ў ім знойдзены сьвет і розум і мудрасьць, падобная мудрасьць багоў і кароль Набухаданосар, твой бацька, паставіў яго на чале ўсіх мудрацоў, вешчбітаў, халдэяў і варажбітоў, сам бацька твой кароль,

бо ў ім, у Данііле, якога цар пераназваў Валтасарам, выявіліся высокі дух, веданьне і розум, здольны разгадваць сны, тлумачыць загадкі і разблытваць вузлы. Дык вось, няхай паклічуць Данііла, — і ён разгадае сутнасьць».
 
бо ў нім, у Даніле, якога кароль назваў Бальтазарам, аказаўся высокі дух, веда і розум, здольныя тлумачыць сны, выясьняць загадковыя і разьвязываць цяжкія рэчы. Дык няхай паклічуць Данілу і ён вытлумачыць значаньне.

Тады ўведзены быў Данііл да цара, і цар пачаў слова і сказаў Даніілу: «ці ты Данііл, адзін з палонных сыноў Юдэйскіх, якіх мой бацька, цар, прывёў зь Юдэі?
 
Тады быў прыведзены Даніла да караля і кароль гаворачы сказаў: — Ці ты Даніла, адзін з палоных сыноў Юдэйскіх, якіх бацька мой, кароль, прывёў з Юдэі?

Я чуў пра цябе, што дух Божы ў табе і сьвятло і розум, і высокая мудрасьць выяўлена ў табе.
 
Я чуў аб табе, што Дух Божы ў табе і сьвет і розум і вялікая мудрасьць знойдзеныя ў табе.

І вось, прыведзены былі да мяне мудрацы і заклінальнікі, каб прачытаць гэта напісанае і разгадаць мне сутнасьць яго; але яны не маглі абвясьціць мне гэтага.
 
Вось прыведзеныя былі да мяне мудрацы і варажбіты, каб прачытаць гэтае напісанае, але яны не маглі вытлумачыць мне гэтага.

І я чуў пра цябе, што ты можаш тлумачыць загадкі і разблытваць вузлы; дык вось, калі можаш прачытаць гэта пісаньне і разгадаць мне сутнасьць яго, дык будзеш апрануты ў пурпуру, і залаты ланцуг атрымаеш на шыю сваю, і трэцім валадаром будзеш у царстве».
 
А аб табе я чуў, што ты можаш тлумачыць значаньне і разьвязываць цяжкія рэчы, дык калі можаш прачытаць гэтае напісанае і вытлумачыць мне ягонае значаньне, дык будзеш апранены ў чырвоную вопратку і залаты ланцуг будзе на тваёй шыі і трэцім валадаром будзеш па мне ў каралеўстве.

Тады адказваў Даніііл і сказаў цару: «дары твае хай будуць табе, і пашану аддай каму іншаму; а пісаньне я прачытаю цару і разгадку скажу яму.
 
Тады адказаў Даніла і сказаў каралю: — дары твае няхай застануцца ў цябе і чэсьць аддай іншаму, напісанае я прачытаю каралю і вытлумачу значаньне.

Цару! Усявышні Бог даў твайму бацьку Навухаданосару царства, веліч, гонар і славу.
 
Кароль! Найвышэйшы Бог дараваў бацьку твайму Набухаданосару каралеўства, веліч, чэсьць і славу.

Перад веліччу, якую Ён даў яму, усе народы, плямёны і роды трымцелі і баяліся яго; каго ён хацеў, забіваў, і каго хацеў, пакідаў жывога; каго хацеў, узвышаў, і каго хацеў, паніжаў.
 
Перад велічай, якую Ён даў яму, усе народы, плямёны і языкі дрыжэлі і баяліся яго, каго хацеў забіваў ён, каго хацеў пакідаў у жывых; каго хацеў узвышаў, а каго хацеў паніжаў.

Але калі сэрца ягонае заганарылася і дух ажарсьцвеў да дзёрзкасьці, ён быў скінуты з царскага трона свайго і пазбаўлены славы сваёй,
 
Калі аднак сэрца ягонае зрабілася вельмі гордым і дух ягоны зрабіўся пышны, ён быў скінуты з свайго каралеўскага пасаду і пазбаўлены славы сваёй,

і адлучаны быў ад сыноў чалавечых, і сэрца яго прыпадобнілася да зьвярынага, і жыў ён зь дзікімі асламі; кармілі яго травою, як вала, і цела яго аброшана было нябеснаю расою, пакуль ён ня ўведаў, што над царствам чалавечым валадарыць Усявышні Бог і становіць над ім, каго хоча.
 
і адлучаны ён быў ад сыноў чалавечых і сэрца ягонае сталася падобным зьвярынаму і жыў ён з дзікімі асламі, пасьвіўся травою, як вол, і нябесная раса крапіла ягонае цела, пакуль ён не пазнаў, што над каралеўствам чалавечым пануе найвышэйшы Бог і ўстанаўляе над ім каго хоча.

І ты, сыне яго Валтасар, не ўпакорыў сэрца твайго, хоць ведаў усё гэта,
 
Ты, сын ягоны Бальтазар, не ўпакорыў свайго сэрца, хаця ведаў усё гэтае,

узьнёсься супроць Госпада нябёсаў, і посуд храма Яго прынесьлі табе, і ты і твае вяльможы і наложніцы твае пілі зь яго віно, і ты славіў багоў срэбраных і залатых, медных, жалезных, драўляных і каменных, якія ня бачаць, і ня чуюць, і не разумеюць; а Бога, у руцэ ў Якога душа твая і ў Якога твае ўсе шляхі, ты не праславіў.
 
але узьняўся супроць Госпада нябёс і начыньне Ягонага Дому прынесьлі да цябе і ты, і магнаты твае, жонкі твае і наложніцы твае пілі з іх віно і ты славіў сярэбраных, залатых, медных, зялезных, дзеравяных і каменных багоў, якія ня бачаць, ня чуюць, не разумеюць, а Бога, у руцэ Якога дыханьне тваё, ты не праславіў.

За гэта і паслана ад Яго пясьць рукі, і накрэсьлена гэта пісаньне.
 
За гэта пасланая была ад яго частка рукі і напісаныя пісьмёны.

І вось што накрэсьлена: мэнэ, мэнэ, тэкэл, упарсін.
 
І вось што напісана: мэнэ, мэнэ, тэкэль, упарсін.

Вось і разгадка слоў: мэнэ — вылічыў Бог царства тваё і паклаў канец яму;
 
Вось і значаньне словаў: мэнэ — зьлічыў Бог каралеўства тваё і пастанавіў скончыць яго;

тэкэл — ты ўзважаны на вагах і важыш вельмі мала;
 
Тэкэль — ты ўзважаны і знойдзены вельмі лёгкім;

пэрэс — падзелена царства тваё і аддадзена Мідзянам і Персам».
 
Пэрэс — разьдзелена тваё каралеўства і адданае мідам і пэрсам.

Тады па загадзе Валтасара апранулі Данііла ў пурпуру і павесілі залаты ланцуг на шыю яму і абвясьцілі яго трэцім валадаром у царстве.
 
Тады па загаду Бальтазара апранулі Данілу ў чырвоную вопратку і ўзлажылі на ягоную шыю залаты ланцуг і абвесьцілі яго трэцім валадаром у каралеўстве.

Тае самае ночы Валтасар, цар Халдэйскі, быў забіты,
 
У тую-ж ноч Бальтазар, кароль халдэйскі, быў забіты

і Дарый Мідзянін, якому было шэсьцьдзясят два гады, прыняў царства.
 
і Дары мідзянін прыняў каралеўства, маючы шэсьцьдзесят два гады.