Данііла 9 разьдзел
Кніга прарока Данііла
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Леаніда Галяка
У першы год Дарыя, сына Асуравага, з роду Мідыйскага, які пастаўлены быў царом над царствам Халдэйскім,
У першы год Дарыя, сына Асвэравага, з Мідыйскага роду, які быў устаноўлены каралём над халдэйскім каралеўствам,
у першы год яго цараваньня я, Данііл, зразумеў па кнігах лічбу гадоў, пра якую было слова Гасподняе да Ераміі прарока, што семдзесят гадоў споўняцца над руінамі Ерусаліма.
у першы год ягонага панаваньня, я, Даніла, зразумеў з кнігаў лічбу гадоў, аб якіх было слова Госпада да Ярэмы прарока, што семдзесят гадоў пройдзе над спусташэньнем Ерусаліму.
І зьвярнуў я сваё аблічча да Госпада Бога з малітваю і маленьнем, у посьце і ў вярэце і ў попеле,
І зьвярнуў я маё аблічча да Госпада Бога з малітваю і мальбою, у посьце, ў зрэб’і і попеле.
і маліўся я Госпаду Богу майму і спавядаўся і сказаў: «малю Цябе, Госпадзе Божа вялікі і дзівосны, Ахавальнік запавету і міласьці да тых, якія любяць Цябе і захоўваюць Твае запаведзі!
і маліўся я Госпаду майму і вызнаючыся сказаў: — прашу Цябе, Госпадзе Божа, вялікі і дзіўны, які сьцеражэ запавет і ласку любячых Цябе і хаваючых Твае наказы.
Грашылі мы, учынялі беззаконьне, рабілі несправядліва, упарціліся і адступалі ад запаведзяў Тваіх і ад пастановаў Тваіх
Зграшылі мы і паступалі несправядліва і дзеялі бязбожна і супраціўляліся і адступалі ад запаветаў Тваіх і ад пастановаў Тваіх
і ня прыслухаліся да рабоў Тваіх прарокаў, якія Тваім імем гаварылі царам нашым і вяльможам нашым, і бацькам нашым і ўсяму народу краіны.
і ня слухалі слугаў Тваіх, прарокаў, якія ад Твайго імя гаварылі нашым каралём і князём нашым і бацьком нашым і ўсяму народу зямлі.
У Цябе, Госпадзе, праўда, а ў нас сорам на тварах, як сёньня ў кожнага Юдэя, і ў жыхароў Ерусаліма і ва ўсяго Ізраіля, і ў блізкіх і ў далёкіх, па ўсіх краях, куды Ты іх выгнаў за паняверства іхняе, зь якім яны адступіліся ад Цябе.
У Цябе, Божа, праўда, а ў нас на тварах сорам, як гэта дзеецца сягоньня кожнаму Юдэю, жыхаром Ерусаліму і ўсяго Ізраіля; у блізкіх і далёкіх, у ўсіх краёх, куды ты выгнаў іх за злачынствы іх, якімі выступілі супроць Цябе.
Госпадзе! сорам на твары нам, царам нашым, князям нашым і нашым бацькам, бо мы зграшылі перад Табою!
Божа! У нас на тварах сорам, у каралёў нашых, у князёў нашых і ў бацькоў нашых, бо мы зграшылі перад Табою.
А Госпаду Богу нашаму — міласэрнасьць і дараваньне, бо мы бунтаваліся супроць Яго,
А ў Госпада Бога нашага міласэрдзьдзе і дараваньне, бо мы збунтаваліся супроць Яго,
і ня слухаліся голасу Госпада Бога нашага, каб хадзіць паводле законаў Яго, якія Ён даў нам праз Сваіх рабоў, прарокаў.
і ня слухалі голасу Госпада Бога нашага, каб паступаць згодна з Ягонымі законамі, якія Ён даў нам праз слугаў Сваіх прарокаў.
І ўвесь Ізраіль пераступіў праз закон Твой і адвярнуўся, каб ня слухацца голасу Твайго; і за тое выліліся на нас праклён і прысяга, якія напісаны ў законе Майсея, раба Божага; бо мы зграшылі перад Ім.
І ўвесь Ізраіль парушыў закон Твой і адвярнуўся, каб ня слухаць Твайго голасу і за гэта вылілася на нас зласлоў’е і праклён, напісаныя ў законе Масея, слугі Божага, бо мы зграшылі перад Ім
І Ён стрымаў Сваё слова, якое сказаў на нас і на судзьдзяў нашых, што судзілі нас, каб навесьці на нас вялікае ліха, якога ня бывала пад небам і якое сталася ў Ерусаліме.
І Ён споўніў словы свае, якія гаварыў супроць нас і супроць судзьдзяў нашых, якія судзілі нас і прывялі на нас вялікае зло, якога ня было пад нябёсамі і якое сталася ў Ерусаліме.
Як напісана ў законе Майсеевым, так усё гэта ліха спадобіла нас; але мы не ўпрасілі Госпада Бога нашага, каб вярнуцца нам ад правінаў нашых і паразумнець у ісьціне Тваёй.
Як напісана ў законе Масея, так уся гэтая бяда прыйшла на нас, але мы не прасілі Госпада Бога нашага, каб нам адвярнуцца ад несправядлівасьцяў нашых і зразумець Тваю праўду.
Бачыў Гасподзь ліха і навёў яго на нас, бо справядлівы Гасподзь Бог наш ва ўсіх чынах Сваіх, якія робіць, але мы ня слухалі голасу Ягонага.
Не адвалакаў Гаспод гэтай бяды і навёў яе на нас, бо справядлівы Гаспод Бог наш у ўсіх справах Сваіх, якія робіць, але мы ня слухалі Ягонага голасу.
А цяпер, Госпадзе Божа наш, Які вывеў народ Свой зь зямлі Егіпецкай моцнаю рукою і явіў славу Сваю, як сёньня! зграшылі мы, рабілі несправядліва.
І цяпер Госпад Бог наш, вывеўшы народ Твой з зямлі Эгіпскай моцнай рукою і паказаўшы славу Тваю, як гэты дзень! Зграшылі мы, паступалі бязбожна.
Госпадзе! па ўсёй праўдзе Тваёй хай адвернецца гнеў твой і абурэньне Тваё ад Твайго горада Ерусаліма, ад сьвятой гары Тваёй; бо за грахі нашыя і правіны бацькоў нашых Ерусалім і народ Твой у паганьбеньні ва ўсіх, хто нас атачае.
О Госпад, паводле ўсёй праўды Тваёй, няхай адвернецца гнеў Твой, абурэньне Тваё ад гораду Твайго Ерусаліму, ад сьвятой Тваёй гары, бо за грахі нашыя і за бязпраў’і бацькоў нашых, Ерусалім і народ Твой у ганьбе ў усіх, якія навокал нас.
І сёньня пачуй, Божа наш, малітву раба Твайго і маленьне яго і паглядзі прасьветлым абліччам Тваім на спустошаную сьвятыню Тваю, дзеля Цябе, Госпадзе!
І цяпер пачуй, Божа наш, малітву слугі Твайго і просьбу яго і раз’ясьні аблічча Тваё на спустошаную сьвятарню Тваю, дзеля Цябе, Госпад.
Прыхілі, Божа мой, вуха Тваё і паслухай, расплюшчы вочы Свае і паглядзі на спусташэньні нашыя і на горад, дзе названа імя Тваё; бо мы кладзем свае маленьні перад Табою, спадзяючыся не на справядлівасьць нашую, а на Тваю вялікую міласэрнасьць.
Схілі, Божа мой, вуха Тваё, адчыні вочы Твае на нашыя просьбы і на горад, які названы ад імені Твайго, бо мы складаем малітвы нашыя перад Табою, паклаўшы надзею не на справядлівасьць нашую, але на вялікае Тваё міласэрдзьдзе.
Госпадзе, выслухай! Госпадзе, даруй! Госпадзе, уважы і зьдзейсьні, не спазьніся дзеля Цябе Самога, Божа мой, бо Тваё імя названа над горадам Тваім і над народам Тваім!»
Божа, пачуй! Божа, даруй! Божа, пабач і зрабі; не адвалакай дзеля Цябе самога, Божа мой, бо ад Твайго імені названы і горад і народ Твой.
І калі я яшчэ гаварыў і маліўся і спавядаўся ў грахах маіх і грахах народу майго, Ізраіля, і клаў маленьне маё перад Госпадам Богам маім за сьвятую гару майго Бога,
І калі я яшчэ гаварыў і маліўся і вызнаваў грахі мае і грахі народу майго Ізраіля і складаў просьбы перад Госпадам, Богам маім, аб сьвятой гары Бога майго;
калі я яшчэ гаварыў на малітве, а муж Гаўрыіл, якога бачыў я раней ва ўяве, хутка прыляцеўшы, дакрануўся да мяне ў часіну вячэрняй ахвяры
калі я яшчэ маліўся, муж Гаўрыла, якога я бачыў у відзежы на пачатку, хутка лецючы, дакрануўся да мяне, каля часу вячорнай ахвяры
і настаўляў на розум мяне, гаварыў са мною і сказаў: «Данііле! цяпер я прыйшоў, каб умудрыць цябе ў разуменьні.
і выясьняючы гаварыў са мною і сказаў: — Даніла, цяпер я прыйшоў, каб навучыць цябе разуменьня.
На пачатку маленьня твайго выйшла слова, і я прыйшоў абвясьціць яго табе, бо ты — муж жаданьняў; дык вось, пранікні ў слова і ўразумей уяву.
На пачатку тваіх малітваў выйшла слова і я прыйшоў аб’весьціць, бо ты вельмі прыемны, дык унікні ў словы і зразумей відзеж.
Семдзесят тыдняў вызначана твайму народу і сьвятому гораду твайму, каб пакрыта было злачынства, мера грахоў перапоўнілася і спакутавана віна, і каб прыведзена была вечная праўда і спраўдзіліся ўява і прарок і каб памазаны быў Сьвяты Сьвятых.
Семдзесят тыдняў азначана для твайго народу і сьвятога твайго гораду на скасаваньне злачынстваў і сканчэньне грахоў, ачышчэньне бязпраў’я і каб была прыведзеная вечная справядлівасьць і запячатаныя былі відзежы і прароцтвы і памазаны быў Сьвяты сьвятых.
Дык ведай і разумей: ад часу, як выйдзе загад, каб адбудаваць Ерусалім, да Хрыста Ўладара сем тыдняў і шэсьцьдзясят два тыдні; і вернецца народ і адбудуюцца вуліцы і муры, але ў цяжкія часіны.
Дык ведай і разумей: з таго часу, як выйдзе загад аб узнаўленьні Ерусаліму, да мэсыі правадыра пройдзе шэсьцьдзесятдва тыдні; калі ізноў будзе збудаваная вуліца і муры, але ў цяжкія часы.
І як скончацца шэсьцьдзясят два тыдні, аддадзены будзе на сьмерць Хрыстос, і ня будзе; а горад і сьвятыню разбурыць народ правадыра, які прыйдзе, і канец яго будзе як ад паводкі, і да канца вайны будуць спусташэньні.
А пасьля зыходу шэсьцідзесяцёх двох тыдняў мэсыя будзе забіты, ня будзе, а горад і сьвятаркі будуць зруйнаваныя народам будучага правадыра, так што канец яго будзе з паводкаю і аж да канца вайны будуць спусташэньні.
І зацьвердзіць запавет многім адзін тыдзень, а за паўтыдня спыніцца ахвяра і прынашэньне, і на крыле сьвятыні будзе гідота запусьценьня, пакуль канчатковая вызначаная пагібель не спадобіць спусташальніка».
І пацьвердзіць запавет для многіх у апошнія тыдні, а ў палове тыдня спыніцца ахвяра і прынашэньне і на частцы будынку будзе агіда пусташы і аканчальная, раней прызначаная згуба спаткае пусташыцеля.