Рут 1 разьдзел
Кніга Рут
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Леаніда Галяка
У тыя дні, калі кіравалі судзьдзі, стаўся голад на зямлі. І пайшоў адзін чалавек зь Віфляема Юдэйскага з сваёю жонкаю і двума сынамі жыць на палях Маавіцкіх.
У тыя дні, калі кіравалі судзьдзі, здарыўся голад на зямлі. І пайшоў адзін чалавек з Бэтлеему Юдэйскага са сваёй жонкаю і двума сынамі сваймі жыць у зямлю Маабіцкую.
Імя таго чалавека Элімэлэх, імя жонкі ягонай Наэмінь, а імя двух сыноў ягоных Махлон і Хілеон; яны былі Эфрафяне зь Віфляема Юдэйскага. І прыйшлі яны на палі Маавіцкія і засталіся там.
Называўся чалавек той Элімелех, жонка ягоная Ноэмі, а імёны двух сыноў ягоных — Магалён і Хэліён. Яны былі Эфраіцяне з Бэтлеему Юдэйскага. Яны, зайшоўшы ў краіну Маабіцкую, засталіся там жыць.
І памёр Элімэлэх, муж Наэміні, і засталася яна з двума сынамі сваімі.
Потым памёр Элімелех, муж Ноэмі, і засталася яна з двума сваймі сынамі.
Яны ўзялі сабе жонак з Маавіцянак, — імя адной Орфа, а імя другой Рут, — і жылі там каля дзесяці гадоў.
Яны ўзялі сабе за жонкі Маабіцянкі: імя аднае — Орфа, а імя другой — Рут, і жылі яны там каля дзесяцёх гадоў.
Але пасьля і абодва сыны яе, Махлон і Хілеон, памерлі, і засталася тая жанчына пасьля абодвух сваіх сыноў і пасьля мужа свайго.
Потым абодва Магалён і Хэліён памерлі і засталася тая жанчына пасьля абодвух сыноў сваіх і пасьля мужа свайго.
І ўстала яна зь нявесткамі сваімі і пайшла назад з палёў Маавіцкіх, бо пачула на палях Маавіцкіх, што Бог наведаў народ Свой і даў ім хлеб.
І ўстала яна з нявесткамі сваімі і пайшла назад з зямлі Маабіцкай, бо пачула ў краіне Маабіцкай, што наведаў Бог народ свой і даў ім хлеб.
І выйшла яна з той мясьціны, у якой жыла, і абедзьве нявесткі яе зь ёю. Калі яны ішлі па дарозе, вяртаючыся ў зямлю Юдэйскую,
Тады выйшла яна з таго месца на якім жыла з тымі дзьвума нявесткамі. Калі яны былі ў дарозе, варочаючыся ў зямлю Юдэйскую,
Наэмінь сказала дзьвюм нявесткам сваім: ідзеце, вярнецеся кожная ў дом маці сваёй; хай даруе Гасподзь вам літасьць, як вы зрабілі з памерлымі і са мною!
Ноэмі сказала дзьвум нявесткам сваім: — пайдзеце, вярнецеся кожная ў дом маці сваёй; няхай учыніць вам Гаспод міласьць, як вы паступалі з памершымі і са мною.
хай дасьць вам Гасподзь, каб вы знайшлі прытулак кожная ў доме ў свайго мужа! І пацалавала іх. Але яны паднялі енк і плакалі
Няхай дасьць вам Гаспод, каб вы знайшлі прыпынак кожная ў хаце свайго мужа; і пацалавала іх, а яны ўзьнялі голас свой і плакалі
і сказалі: не, мы з табою вернемся да народу твайго.
і сказалі: — не, лепш мы вернемся да народу твайго.
А Наэмінь сказала: вярнецеся, дочкі мае; навошта вам ісьці са мною? хіба ж ёсьць у мяне яшчэ сыны ў маім чэраве, якія былі б вам мужамі?
Ноэмі жа сказала: — вяртайцеся дачкі мае; па што вам ісьці са мною. Ці-ж ёсьць яшчэ ў мяне сыны ў улоньні маім, якія былі-б вам мужамі.
вярнецеся, дочкі мае, ідзеце, бо я ўжо старая, каб быць замужам; ды калі б я і сказала: «ёсьць мне яшчэ надзея», і нават калі б я гэтую ноч была з мужам і потым нарадзіла сыноў, —
Вярнецеся, дачкі мае, бо я ўжо састарэлася, каб быць замужам; ды калі-б я нават і сказала «ёсьць яшчэ мне надзея» і нават калі-б я ў гэтую ноч была з мужам і потым радзіла сыноў,
дык ці ж можна вам чакаць, пакуль яны вырасьлі б? ці ж можна вам марудзіць і ня выходзіць замуж? не, дочкі мае, я вельмі маркочуся за вас, бо рука Гасподняя спасьцігла мяне.
Дык ці-ж вы будзеце чакаць, пакуль яны вырастуць. Ці-ж можна вам дзеля гэтага не выходзіць замуж. Не, дачкі мае, я вельмі шкадую вас, бо рука Госпада дасягнула мяне.
Яны паднялі енк і зноў заплакалі. І Орфа разьвіталася зь сьвякроўю сваёю, а Рут засталася зь ёю.
Яны аднак узьняўшы голас ізноў пачалі плакаць. І Орфа разьвіталася са сьвякрухай сваёй, а Рут засталася пры ёй.
Наэмінь сказала Руце: вось, ятроўка твая вярнулася да народу свайго і да сваіх багоў; вярніся і ты сьледам за ятроўкаю тваёю,
Ноэмі сказала Рут: — вось сваячка твая вярнулася да народу свайго і да багоў сваіх, вяртайся і ты ўсьлед за сваячкай сваёю.
але Рут сказала: ня прымушай мяне пакідаць цябе і вяртацца ад цябе; а куды ты пойдзеш, туды і я пайду, і дзе ты жыць будзеш, там і я жыць буду; народ твой будзе маім народам, і твой Бог — маім Богам;
На гэта адказала Рут: — не прымушай мяне пакінуць цябе і вярнуцца ад Цябе, але куды ты пойдзеш, туды і я пайду і дзе ты жыць будзеш, там і я буду жыць; народ твой будзе маім народам і твой Бог — маім Богам.
і дзе ты памрэш, там і я памру і пахаваная буду; хай тое і тое зробіць мне Гасподзь, і яшчэ болей зробіць: адна сьмерць разьвядзе нас з табою.
І дзе ты памрэш, там і я памру і буду пахаваная; гэта няхай учыніць мне Гаспод і яшчэ больш, каб толькі сьмерць разлучыла мяне з табою.
Наэмінь, бачачы, што яна цьвёрда рашылася ісьці зь ёю, перастала ўгаворваць яе.
Ноэмі бачучы, што яна цьвёрда пастанавіла ісьці з ёю, перастала ўгаварываць яе.
І ішлі абедзьве яны, пакуль ня прыйшлі ў Віфляем. Калі яны прыйшлі ў Віфляем, увесь горад прыйшоў у рух ад іх, і казалі: гэта Наэмінь?
І йшлі яны абедзьве, пакуль не прыйшлі ў Бэтлеем. І калі прыйшлі яны ў Бэтлеем, усё места прыйшло ў рух ад іх і гаварылі: — Ці-ж гэта не Ноэмі.
Яна сказала ім: не называйце мяне Наэмінь, а называйце мяне Мараю, бо Ўсемагутны спаслаў мне вялікую гароту;
Яна сказала ім: — не называйце мяне Ноэмі, а называйце Мара, дзеля таго, што Ўсемагутны паслаў мне вялікае гора;
я выйшла адсюль у дастатку, а вярнуў мяне Гасподзь з пустымі рукамі; навошта называць мяне Наэміньню, калі Гасподзь прымусіў мяне пакутаваць, і Ўсемагутны паслаў мне няшчасьце?
Я выйшла адсюль з дастаткам, вярнуў мяне з пустымі рукамі: пашто называць Ноэмі, калі Гаспод змусіў мяне цярпець, а Ўсемагутны паслаў мне няшчасьце.
І вярнулася Наэмінь, і зь ёю нявестка яе Рут Маавіцянка, якая прыйшла з палёў Маавіцкіх, і прыйшлі яны ў Віфляем на пачатку жніва ячменю.
І вярнулася Ноэмі і з ёю нявестка яе Рут Маабіцянка; вярнулася з краіны Маабіцкай, а прыйшлі яны ў Бэтлеем на пачатку ячменнага жніва.