Рут 4 разьдзел

Кніга Рут
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Леаніда Галяка

 
 

Ваоз пайшоў да брамы і сядзеў там. І вось, ідзе міма родзіч, пра якога казаў Ваоз. І сказаў яму Ваоз: зайдзі сюды і сядзь тут. Той зайшоў і сеў.
 
Бооз выйшаў да брамы і сеў там. І вось ідзе міма сваяк, аб якім гаварыў Бооз. І сказаў яму Бооз: — зайдзі сюды і сядзь тутака. Той зайшоў і сеў.

Ваоз узяў дзесяць чалавек з старэйшынаў горада і сказаў: сядзьце тут. І яны селі.
 
Бооз узяў дзесяць чалавек з пасярод старэйшых места і сказаў: — сядзьце тутака. І яны селі.

І сказаў Ваоз родзічу: Наэмінь, якая вярнулася з палёў Маавіцкіх, прадае частку поля, што належыць брату нашаму Элімэлэху;
 
І сказаў Бооз сваяку: — Ноэмі вярнуўшыся з краіны Маабіцкай прадала частку поля, якая належала да брата нашага Элімелеха.

я рашыўся давесьці да вушэй тваіх і сказаць: купі пры ўсіх, што сядзяць тут, і пры старэйшынах народу майго; калі хочаш выкупіць, выкупляй; а калі ня хочаш выкупіць, скажы мне, і я буду ведаць; бо апрача цябе няма каму выкупіць, а пасьля цябе я. Той сказаў: я выкупаю.
 
Вось пастанавіў я давесьці гэта да тваіх вушэй, гаворачы: — купі гэтае поле перад седзячымі тут і перад старэйшымі народу майго; хочаш выкупіць — выкупляй, а калі ня хочаш выкупіць, скажы мне і я буду ведаць, бо апрача цябе няма нікога бліжэйшага да выкупу, а я пасьля цябе. Тады той адказаў: — я выкуплю.

Ваоз сказаў: калі ты купіш поле ў Наэміні, ты павінен купіць і ў Рут Маавіцянкі, жонкі памерлага, і павінен узяць яе замуж, каб узнавіць імя памерлага ў надзеле ягоным.
 
Бооз сказаў: — калі ты выкупіш поле ў Ноэмі, дык ты павінен атрымаць і Рут Маабіцянку, жонку памершага, і павінен узяць у замуства, каб узнавіць імя памершага ў спадчыне яго.

І сказаў той родзіч: не магу я ўзяць яе сабе, каб не парушыць свайго надзелу: прымі яе ты, бо я не магу прыняць.
 
І сказаў той сваяк: — не магу выкупіць, каб ня згубіць спадчыны сваёй. Выкупі ты, бо я не магу выкупіць.

Раней быў такі звычай у Ізраіля пры выкупе і пры абмене дзеля пацьвярджэньня якой-небудзь справы: адзін здымаў бот свой і даваў другому, і гэта было сьведчаньнем у Ізраіля.
 
Раней быў такі звычай у Ізраілі пры выкупе і пры замене, для ўзмацаваньня якой-небудзь справы: адзін здымаў чаравік свой і даваў другому і гэта было довадам уступаньня права ў Ізраіля.

І сказаў той родзіч Ваозу: купі сабе. І зьняў бот свой.
 
Тады сказаў сваяк Боозу: — купі сабе; і зьняў чаравік свой і даў яму.

І сказаў Ваоз старэйшынам і ўсяму народу: вы цяпер сьведкі таго, што я купляю ў Наэміні ўсё Элімэлэхавае і ўсё Хілеонавае і Махлонавае:
 
Тады сказаў Бооз старэйшым і ўсяму народу: — вы цяпер сьветкамі таму, што я купляю ўсё, што было Элімелехава і ўсё Хілеёнава і Магалёнава з рук Ноэмі.

таксама і Рут Маавіцянку, жонку Міхлонаву, бяру сабе за жонку, каб пакінуць імя памерлага ў надзеле ягоным і каб ня зьнікла імя памерлага сярод братоў ягоных і каля брамы месца, дзе ён жыў: вы сёньня сьведкі таго.
 
Дагэтага і Рут Маабіцянку, жонку Магалёна, бяру сабе за жонку, каб пакінуць імя памершага ў спадчыне ягонай і каб ня зьнікла імя памершага паміж братамі яго і з брамаў места гэтага. Вы гэтага сёньня сьветкамі.

І сказаў увесь народ, які каля брамы, і старэйшыны: мы сьведкі; хай створыць Гасподзь жонку, што ўваходзіць у дом твой, як Рахіль і як Лію, якія абедзьве заснавалі дом Ізраілеў; набывай багацьце ў Эфрафе, і хай славіцца імя тваё ў Віфляеме;
 
І сказаў увесь народ, што быў пры браме і старэйшыя: — мы сьветкамі. Няхай дасьць табе Гаспод жонку, якая ўзыходзіць у дом твой, як Рахіль і як Лію, якія абедзьве збудавалі дом Ізраільскі. Набывай багацьце ў Эфрафе і няхай славіцца імя тваё ў Бэтлееме.

і хай будзе дом твой, як дом Фарэса, якога нарадзіла Тамар Юду, ад таго семя, якое дасьць табе Гасподзь ад гэтай маладзіцы.
 
Няхай будзе дом твой, як дом Фарэса, якога радзіла Тамар Юдзе з насеньня таго, якое дасьць табе Гаспод ад гэтай жанчыны.

І ўзяў Ваоз Рут, і яна зрабілася яго жонкаю. І ўвайшоў ён да яе, і Гасподзь даў ёй цяжарнасьць, і яна нарадзіла сына.
 
І ўзяў Бооз Рут і была яму за жонку. І ўвайшоў ён да яе і Гаспод даў ёй цяжарнасьць і яна радзіла сына.

І казалі жанчыны Наэміні: дабраславёны Гасподзь, што ён не пакінуў цябе сёньня без нашчадка! і хай славіцца імя яго ў Ізраілі!
 
І гаварылі жанчыны да Ноэмі: — багаслаўлены Гаспод, што Ён не пакінуў цябе цяпер бяз спадкаемцы! Няхай будзе слаўным імя яго ў Ізраэлі.

ён будзе радасьцю і кармільцам у старасьці тваёй, бо яго нарадзіла нявестка твая, якая любіць цябе, якая табе лепей за семярых сыноў.
 
Ён будзе табе пацехай і будзе харчаваць цябе ў старасьці, бо яго радзіла нявестка твая, якая любіць цябе, якая лепшая для цябе ад сямёх сыноў.

І ўзяла Наэмінь дзіця гэтае, і насіла яго ў абдымках сваіх, і была яму за няньку.
 
І ўзяла Ноэмі гэтае дзіцё, узяла яго на ўзлоньне сваё і была яму пястункай.

Суседкі далі яму імя і казалі: «у Наэміні нарадзіўся сын», і далі імя яму: Авід. Ён бацька Есэя, бацькі Давідавага.
 
Суседкі далі яму імя, гаворачы: — у Ноэмі радзіўся сын і назвалі яго Абідам. Ён — бацька Есея, бацькі Давідавага.

І вось род Фарэсаў: Фарэс спарадзіў Эсрома;
 
А вось род Фарэса: Фарэс радзіў Гэсрона;

Эсром спарадзіў Арама; Арам спарадзіў Амінадава;
 
А Гэсрон радзіў Рама, а Рам радзіў Амінадаба;

Амаінадаў спарадзіў Наасона; Наасон спарадзіў Салмона;
 
А Амінадаб радзіў Наасона, а Наасон радзіў Сальмона;

Салмон спарадзіў Ваоза; Ваоз спарадзіў Авіда;
 
А Сальмон радзіў Бооза, а Бооз радзіў Абеда;

Авід спарадзіў Есэя; Есэй спарадзіў Давіда.
 
А Абед радзіў Есея, а Есей радзіў Давіда.