Рут 4 разьдзел
Кніга Рут
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Леаніда Галяка
А Баоз пайшоў да брамы і сеў там. І калі ўбачыў, што міма праходзіць сваяк, аб якім гаварыў, сказаў яму, паклікаўшы яго па імю: «Падыдзі сюды на хвіліну і сядзь тут». Той падышоў і сеў.
Бооз выйшаў да брамы і сеў там. І вось ідзе міма сваяк, аб якім гаварыў Бооз. І сказаў яму Бооз: — зайдзі сюды і сядзь тутака. Той зайшоў і сеў.
Тады Баоз, паклікаўшы дзесяць мужчын са старэйшын горада, сказаў ім: «Сядзьце тут».
Бооз узяў дзесяць чалавек з пасярод старэйшых места і сказаў: — сядзьце тутака. І яны селі.
Калі яны селі, сказаў ён сваяку: «Частку поля брата нашага Элімэлеха прадае Наомі, якая вярнулася з зямлі Маабскай.
І сказаў Бооз сваяку: — Ноэмі вярнуўшыся з краіны Маабіцкай прадала частку поля, якая належала да брата нашага Элімелеха.
Хацеў я, каб чуў ты гэта, і табе хацеў я сказаць: перад усімі, хто сядзіць, і перад старэйшынамі народа майго, што калі хочаш мець гэтае поле па законе сваяцтва, купляй яго і валодай ім; а калі не хочаш, то паведамі мне, каб я ведаў, што маю рабіць. Няма бо іншага сваяка ў Наомі, акрамя цябе; ты — першы, а я — другі». І той адказаў: «Я куплю поле».
Вось пастанавіў я давесьці гэта да тваіх вушэй, гаворачы: — купі гэтае поле перад седзячымі тут і перад старэйшымі народу майго; хочаш выкупіць — выкупляй, а калі ня хочаш выкупіць, скажы мне і я буду ведаць, бо апрача цябе няма нікога бліжэйшага да выкупу, а я пасьля цябе. Тады той адказаў: — я выкуплю.
Сказаў яму Баоз: «Калі купіш поле з рук Наомі, мусіш узяць таксама Рут маабку, жонку памерлага, каб захаваць імя памерлага сваяка твайго ў спадчыне яго».
Бооз сказаў: — калі ты выкупіш поле ў Ноэмі, дык ты павінен атрымаць і Рут Маабіцянку, жонку памершага, і павінен узяць у замуства, каб узнавіць імя памершага ў спадчыне яго.
Ён адказаў: «Я саступаю права сваяцкасці, бо не павінен я нішчыць маёмасці сям’і сваёй. Ты скарыстайся з майго прывілею, ад якога я ахвотна адмаўляюся».
І сказаў той сваяк: — не магу выкупіць, каб ня згубіць спадчыны сваёй. Выкупі ты, бо я не магу выкупіць.
А такі быў даўнейшы звычай у Ізраэлі адносна права выкупу і абмену: каб пацвердзіць усю справу, чалавек здымаў сандалю сваю і даваў блізкаму свайму. Такое было сведчанне ўступкі ў Ізраэлі.
Раней быў такі звычай у Ізраілі пры выкупе і пры замене, для ўзмацаваньня якой-небудзь справы: адзін здымаў чаравік свой і даваў другому і гэта было довадам уступаньня права ў Ізраіля.
Дык сказаў той сваяк Баозу: «Купляй сабе». І зняў сандалю сваю з нагі сваёй.
Тады сказаў сваяк Боозу: — купі сабе; і зьняў чаравік свой і даў яму.
І Баоз сказаў старэйшынам і ўсяму народу: «Сведкі вы сёння таго, што атрымаў я з рук Наомі ўсё, што належала Элімэлеху, Хеліёну і Махалону,
Тады сказаў Бооз старэйшым і ўсяму народу: — вы цяпер сьветкамі таму, што я купляю ўсё, што было Элімелехава і ўсё Хілеёнава і Магалёнава з рук Ноэмі.
і таксама Рут маабку, жонку Махалона бяру сабе за жонку, каб захаваць імя памерлага ў спадчыне яго, каб не знікла імя яго паміж братоў і ў браме месца яго. Вы, — кажу я, — сведкі сёння ў гэтай справе».
Дагэтага і Рут Маабіцянку, жонку Магалёна, бяру сабе за жонку, каб пакінуць імя памершага ў спадчыне ягонай і каб ня зьнікла імя памершага паміж братамі яго і з брамаў места гэтага. Вы гэтага сёньня сьветкамі.
Увесь народ, які быў у браме, і старэйшыны адказалі: «Мы з’яўляемся сведкамі; хай Госпад зробіць гэтую жанчыну, якая ўвойдзе ў дом твой, падобнай да Ракель і Ліі, якія абедзве збудавалі дом Ізраэля. Набывай багацце ў Эфраце і зрабі слаўным імя тваё ў Бэтлехэме!
І сказаў увесь народ, што быў пры браме і старэйшыя: — мы сьветкамі. Няхай дасьць табе Гаспод жонку, якая ўзыходзіць у дом твой, як Рахіль і як Лію, якія абедзьве збудавалі дом Ізраільскі. Набывай багацьце ў Эфрафе і няхай славіцца імя тваё ў Бэтлееме.
І хай дом твой станецца, як дом Пэрэса, якога нарадзіла Юдзе Тамар, з семені, якое дасць табе Госпад ад гэтай маладой дзяўчыны!»
Няхай будзе дом твой, як дом Фарэса, якога радзіла Тамар Юдзе з насеньня таго, якое дасьць табе Гаспод ад гэтай жанчыны.
І ўзяў Баоз Рут за жонку; і ўвайшоў ён да яе, і Госпад даў ёй пачаць і нарадзіць сына.
І ўзяў Бооз Рут і была яму за жонку. І ўвайшоў ён да яе і Гаспод даў ёй цяжарнасьць і яна радзіла сына.
І казалі жанчыны Наомі: «Хай будзе дабраславёны Госпад, Які не дапусціў, каб у цябе сёння не было таго, хто б вызваліў тваю сям’ю. Няхай будзе слаўным імя яго ў Ізраэлі,
І гаварылі жанчыны да Ноэмі: — багаслаўлены Гаспод, што Ён не пакінуў цябе цяпер бяз спадкаемцы! Няхай будзе слаўным імя яго ў Ізраэлі.
і хай ён будзе суцяшэннем для душы тваёй і карміцелем у старасці; бо нарадзіла яго нявестка твая, якая любіць цябе і якая для цябе значна больш дарагая, чым сем сыноў».
Ён будзе табе пацехай і будзе харчаваць цябе ў старасьці, бо яго радзіла нявестка твая, якая любіць цябе, якая лепшая для цябе ад сямёх сыноў.
І Наомі абняла ўзятае на рукі дзіця і была для яго нянькаю.
І ўзяла Ноэмі гэтае дзіцё, узяла яго на ўзлоньне сваё і была яму пястункай.
А суседкі далі імя яму і казалі: «Нарадзіўся сын для Наомі»; далі яму імя Абэд. Ён бацька Ясэя, бацькі Давіда.
Суседкі далі яму імя, гаворачы: — у Ноэмі радзіўся сын і назвалі яго Абідам. Ён — бацька Есея, бацькі Давідавага.
Гэта нашчадкі Пэрэса: Пэрэс быў бацькам Эсрома.
А вось род Фарэса: Фарэс радзіў Гэсрона;
Эсром быў бацькам Арама, Арам быў бацькам Амінадаба,
А Гэсрон радзіў Рама, а Рам радзіў Амінадаба;
Амінадаб быў бацькам Наасона, Наасон быў бацькам Салмона,
А Амінадаб радзіў Наасона, а Наасон радзіў Сальмона;
Салмон быў бацькам Баоза, Баоз быў бацькам Абэда.
А Сальмон радзіў Бооза, а Бооз радзіў Абеда;
Абэд быў бацькам Ясэя, Ясэй быў бацькам Давіда.
А Абед радзіў Есея, а Есей радзіў Давіда.