Да Рымлянаў 1 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Леаніда Галяка
Паўла, слуга Ісуса Хрыста, пакліканы Апостал, прызначаны на абвяшчэнне Евангелля Божага,
якое ўжо раней абяцаў Бог праз Сваіх прарокаў у святых Пісаннях
пра Сына Свайго, Які целам стаўся з семя Давіда
і ўстаноўлены Сынам Божым у магутнасці згодна Духу Святому праз уваскрэсенне мёртвых праз Ісуса Хрыста, Госпада нашага.
Праз Яго атрымалі мы ласку і Апостальства дзеля паслухмянасці ў веры ўсіх народаў у імя Яго,
сярод якіх знаходзецеся і вы, пакліканыя Ісусам Хрыстом,
усім, што ў Рыме, улюбёным Богам, пакліканым святым: ласка вам і супакой ад Бога, Айца нашага, і Госпада Ісуса Хрыста!
Найперш дзякую Богу майму праз Ісуса Хрыста за ўсіх вас, бо пра веру вашу гавораць ва ўсім свеце;
сведка мне Бог, Якому служу духам маім, абвяшчаючы Евангелле Сына Яго, як я несупынна ўспамінаю вас,
у малітвах маіх заўсёды просячы, каб з волі Божай урэшце атрымалася аднойчы прыйсці да вас.
Я прагну бачыць вас, каб перадаць вам падарунак духоўны і падмацаваць вас,
гэта значыць суцешыцца супольна з вамі верай, вашаю і маёю.
Хачу, браты, каб вы ведалі, што я часта збіраўся наведаць вас, каб мець нейкі плод і ў вас, як і ў іншых народаў, але меў перашкоды аж дасюль.
Я даўжнік грэкаў і барбараў, як мудрых, так і неразумных.
Дык, наколькі ад мяне залежыць, я гатовы несці добрую вестку і вам, тым, што ў Рыме.
Бо не саромеюся Евангелля Хрыстова: яно ёсць моц Божая на збаўленне кожнаму верніку, перш юдэю, і грэку.
Бо ў ім аб’яўляецца справядлівасць Божая, з веры да веры, як напісана: «Справядлівы з веры жыць будзе».
Бо гнеў Божы аб’яўляецца з неба на ўсякую бязбожнасць і несправядлівасць людзей, што несправядлівасцю праўду заціскаюць,
бо, што магчыма ведаць пра Бога, ім яўна, бо Бог ім гэта аб’явіў.
Ды ад стварэння свету нябачнае Божае і спрадвечная Яго магутнасць і Боскасць выяўляюцца розуму праз тое, што створана, так што яны не могуць апраўдацца.
Бо калі Бога пазналі, не ўславілі Яго як Бога і не дзякавалі, але марнаваліся ў думках сваіх, і прыцемрылася неразумнае сэрца іх.
Кажучы аб сабе, што яны мудрыя, сталіся дурнымі,
нават славу незнішчальнага Бога замянілі на падобнасць вобразу знішчальнага чалавека, і птушак, і чатырохногіх, і гадаў.
Дзеля таго аддаў іх Бог у пажадлівасці сэрцаў іх нячыстасці, каб між сабою паганілі целы свае.
Бо праўду Божую замянілі на зман і пакланяліся і служылі стварэнню замест Творцы, Які дабраславёны навечна. Амін.
Таму аддаў іх Бог ганебным жарсцям. Жанчыны іх замянілі натуральныя зносіны на праціўныя прыродзе.
Падобна і мужчыны, кінуўшы натуральныя зносіны з жанчынай, загарэліся пажадлівасцю адзін да аднаго, мужчыны з мужчынамі сорам робячы і атрымоўваючы для саміх сябе належную адплату за сваю распусту.
А таму, што не імкнуліся пазнаць Бога, аддаў іх Бог бязглуздаму розуму, каб рабілі тое, што не належыцца,
і напоўнены яны ўсякаю нягоднасцю, чужаложствам, ліхасцю, хцівасцю, непрыстойнасцю, поўныя зайздрасці, забойства, звадкі, ашуканства, злосці,
плеткары, паклёпнікі, ненавіснікі Бога, крыўдзіцелі, самахвалы, пыхліўцы, выдумшчыкі ліхога, непаслухмяныя бацькам,
неразумныя, падступныя, бессардэчныя, бязлітасныя і неміласэрныя.
Яны, хоць ведаюць суд Божы, што тыя, якія такое робяць, вартыя смерці, ды не толькі самі так робяць, але і ўхваляюць тых, што так робяць.