Да Рымлянаў 1 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Анатоля Клышкi
Паўла, слуга Ісуса Хрыста, пакліканы Апостал, прызначаны на абвяшчэнне Евангелля Божага,
Павел, раб Ісуса Хрыста; пакліканы Апостал, выбраны для дабравешчання Божага,
якое ўжо раней абяцаў Бог праз Сваіх прарокаў у святых Пісаннях
якое Ён раней абяцаў праз Сваіх прарокаў у святых Пісаннях,
пра Сына Свайго, Які целам стаўся з семя Давіда
пра Яго Сына, які нарадзіўся целам з патомства Давідавага
і ўстаноўлены Сынам Божым у магутнасці згодна Духу Святому праз уваскрэсенне мёртвых праз Ісуса Хрыста, Госпада нашага.
і адкрыўся Сынам Божым у сіле, паводле Духу святасці праз уваскрэсення мёртвых, пра Ісуса Хрыста, нашага Госпада,
Праз Яго атрымалі мы ласку і Апостальства дзеля паслухмянасці ў веры ўсіх народаў у імя Яго,
праз Якога мы атрымалі ласку і апостальства для паслушэнства веры ва ўсіх народах дзеля Яго імя,
сярод якіх знаходзецеся і вы, пакліканыя Ісусам Хрыстом,
між якіх і вы, пакліканыя Ісусам Хрыстом, —
усім, што ў Рыме, улюбёным Богам, пакліканым святым: ласка вам і супакой ад Бога, Айца нашага, і Госпада Ісуса Хрыста!
усім, хто ў Рыме, улюбёным Божым, пакліканым святым, — ласка вам і мір ад Бога, нашага Бацькі, і Госпада Ісуса Хрыста.
Найперш дзякую Богу майму праз Ісуса Хрыста за ўсіх вас, бо пра веру вашу гавораць ва ўсім свеце;
Перш за ўсё дзякую майму Богу праз Ісуса Хрыста за ўсіх вас, таму што ваша вера абвяшчаецца ва ўсім свеце.
сведка мне Бог, Якому служу духам маім, абвяшчаючы Евангелле Сына Яго, як я несупынна ўспамінаю вас,
Бо сведка мне Бог, Якому служу сваім духам у дабравешчанні Яго Сына, як я безупынна ўспамінаю вас,
у малітвах маіх заўсёды просячы, каб з волі Божай урэшце атрымалася аднойчы прыйсці да вас.
заўсёды просячы ў маіх малітвах, ці не ўдасца мне неяк цяпер нарэшце воляю Божаю прыйсці да вас.
Я прагну бачыць вас, каб перадаць вам падарунак духоўны і падмацаваць вас,
Бо я прагну ўбачыць вас, каб перадаць вам нейкі духоўны дар дзеля вашага ўмацавання,
гэта значыць суцешыцца супольна з вамі верай, вашаю і маёю.
гэта значыць, каб разам з вамі суцешыцца агульнаю вераю, вашаю і маёю.
Хачу, браты, каб вы ведалі, што я часта збіраўся наведаць вас, каб мець нейкі плод і ў вас, як і ў іншых народаў, але меў перашкоды аж дасюль.
І я не хачу, каб вы не ведалі, браты, што я шмат разоў намерваўся прыйсці да вас, (але я дагэтуль сустракаў перашкоды), каб мець нейкі плод і ў вас, які ў астатніх народаў.
Я даўжнік грэкаў і барбараў, як мудрых, так і неразумных.
Даўжнік я і элінам, і варварам, і мудрым, і неразумным.
Дык, наколькі ад мяне залежыць, я гатовы несці добрую вестку і вам, тым, што ў Рыме.
Дык, што да мяне, то я гатовы дабравесціць і вам, якія ў Рыме.
Бо не саромеюся Евангелля Хрыстова: яно ёсць моц Божая на збаўленне кожнаму верніку, перш юдэю, і грэку.
Бо я не саромеюся дабравесця [Хрыстовага], бо яно ёсць сіла Божая да выратавання кожнаму верніку, і іудзею, па-першае, і эліну.
Бо ў ім аб’яўляецца справядлівасць Божая, з веры да веры, як напісана: «Справядлівы з веры жыць будзе».
Бо ў ім адкрываецца з веры ў веру праведнасць Божая, як напісана: «А праведны будзе жыць вераю».
Бо гнеў Божы аб’яўляецца з неба на ўсякую бязбожнасць і несправядлівасць людзей, што несправядлівасцю праўду заціскаюць,
Бо адкрываецца з неба гнеў Божы на ўсялякую бязбожнасць і няправеднасць людзей, што заглушаюць праўду няправеднасцю.
бо, што магчыма ведаць пра Бога, ім яўна, бо Бог ім гэта аб’явіў.
бо тое, што вядома пра Бога, яўна для іх, бо ім Бог выявіў гэта.
Ды ад стварэння свету нябачнае Божае і спрадвечная Яго магутнасць і Боскасць выяўляюцца розуму праз тое, што створана, так што яны не могуць апраўдацца.
Бо Яго нябачнае — і Яго вечная сіла і Боскасць — ясна відаць ад стварэння свету праз разважанне над тварэннямі, так што няма ім выбачэння,
Бо калі Бога пазналі, не ўславілі Яго як Бога і не дзякавалі, але марнаваліся ў думках сваіх, і прыцемрылася неразумнае сэрца іх.
таму што, спазнаўшы Бога, яны Яго як Бога не праславілі і не падзякавалі Яму, а сталі марнымі ў сваіх разважаннях, і запамарочылася іх нецямлівае сэрца.
Кажучы аб сабе, што яны мудрыя, сталіся дурнымі,
Сцвярджаючы, што яны мудрыя, яны падурнелі,
нават славу незнішчальнага Бога замянілі на падобнасць вобразу знішчальнага чалавека, і птушак, і чатырохногіх, і гадаў.
і памянялі славу нятленнага Бога на падабенства вобраза тленнага чалавека, птушак, чатырохногіх і паўзуноў.
Дзеля таго аддаў іх Бог у пажадлівасці сэрцаў іх нячыстасці, каб між сабою паганілі целы свае.
Таму Бог перадаў іх у пажадлівасці іх сэрцаў нечысціні, так што яны апаганьваюць свае целы між сабою;
Бо праўду Божую замянілі на зман і пакланяліся і служылі стварэнню замест Творцы, Які дабраславёны навечна. Амін.
яны замянілі Божую праўду маною і пакланіліся і служылі стварэнню замест Творцы, Які добраславёны навекі, амін.
Таму аддаў іх Бог ганебным жарсцям. Жанчыны іх замянілі натуральныя зносіны на праціўныя прыродзе.
З-за гэтага Бог перадаў іх ганебным пажадлівасцям: бо і іх жанчыны перамянілі натуральныя зносіны на ненатуральныя;
Падобна і мужчыны, кінуўшы натуральныя зносіны з жанчынай, загарэліся пажадлівасцю адзін да аднаго, мужчыны з мужчынамі сорам робячы і атрымоўваючы для саміх сябе належную адплату за сваю распусту.
а гэтак і мужчыны, пакінуўшы натуральныя зносіны з жанчынаю, распаліліся ў сваёй пажадлівасці адзін да аднаго, мужчыны з мужчынамі, чынячы сорам і атрымліваючы ў саміх сабе належную адплату за сваю аблуду.
А таму, што не імкнуліся пазнаць Бога, аддаў іх Бог бязглуздаму розуму, каб рабілі тое, што не належыцца,
І як яны не ўважалі за патрэбнае мець Бога ў пазнанні, Бог перадаў іх перакручанаму розуму — чыніць непрыстойнае;
і напоўнены яны ўсякаю нягоднасцю, чужаложствам, ліхасцю, хцівасцю, непрыстойнасцю, поўныя зайздрасці, забойства, звадкі, ашуканства, злосці,
яны напоўненыя ўсялякай няправеднасцю, подласцю, хцівасцю, зласлівасцю, поўныя зайздрасці, забойства, сваркі, ашуканства, благіх звычаяў, нашэптванняў,
плеткары, паклёпнікі, ненавіснікі Бога, крыўдзіцелі, самахвалы, пыхліўцы, выдумшчыкі ліхога, непаслухмяныя бацькам,
паклёпнікі, боганенавіснікі, крыўдзіцелі, ганарліўцы, самахвалы, выдумшчыкі ліхога, непаслухмяныя бацькам,
неразумныя, падступныя, бессардэчныя, бязлітасныя і неміласэрныя.
неразумныя, падступныя, непрыязныя, неміласэрныя,
Яны, хоць ведаюць суд Божы, што тыя, якія такое робяць, вартыя смерці, ды не толькі самі так робяць, але і ўхваляюць тых, што так робяць.
якія, пазнаўшы праведны суд Божы1 — што тыя, хто робіць такое, вартыя смерці — не толькі гэта чыняць, але і ўхваляюць тых, хто гэта робіць.