Да Рымлянаў 1 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча
Паўла, слуга Ісуса Хрыста, пакліканы Апостал, прызначаны на абвяшчэнне Евангелля Божага,
Паўла, нявольнік Ісуса Хрыста, пагуканы апостал, апрычаны да дабравесьці Божае,
якое ўжо раней абяцаў Бог праз Сваіх прарокаў у святых Пісаннях
Каторую Ён уперад абяцаў прарокамі Сваімі ў Пісьмах сьвятых,
пра Сына Свайго, Які целам стаўся з семя Давіда
Праз Сына Свайго, Каторы прышоў подле цела з насеньня Давідавага,
і ўстаноўлены Сынам Божым у магутнасці згодна Духу Святому праз уваскрэсенне мёртвых праз Ісуса Хрыста, Госпада нашага.
Агалашаны Сынам Божым у сіле, подле Духа сьвятасьці, пераз ускрысеньне зь мертвых, празь Ісуса Хрыста, Спадара нашага,
Праз Яго атрымалі мы ласку і Апостальства дзеля паслухмянасці ў веры ўсіх народаў у імя Яго,
Пераз Каторага мы адзяржалі ласку а апосталства да паслухменства веры памеж усіх народаў дзеля імені Ягонага,
сярод якіх знаходзецеся і вы, пакліканыя Ісусам Хрыстом,
Памеж каторых і вы, пагуканыя Ісусам Хрыстом, —
усім, што ў Рыме, улюбёным Богам, пакліканым святым: ласка вам і супакой ад Бога, Айца нашага, і Госпада Ісуса Хрыста!
Усім, што ў Рыме, умілаваным Божым, пагуканым сьвятым: ласка вам і супакой ад Бога, Айца нашага, і ад Спадара Ісуса Хрыста.
Найперш дзякую Богу майму праз Ісуса Хрыста за ўсіх вас, бо пра веру вашу гавораць ва ўсім свеце;
Наўперад дзякую Богу свайму перазь Ісуса Хрыста за ўсіх вас, што вера ваша абяшчаецца па ўсім сьвеце;
сведка мне Бог, Якому служу духам маім, абвяшчаючы Евангелле Сына Яго, як я несупынна ўспамінаю вас,
Бо сьветка імне Бог, Катораму служу духам сваім у дабравесьці Сына Ягонага, што бязупынку мяную вас,
у малітвах маіх заўсёды просячы, каб з волі Божай урэшце атрымалася аднойчы прыйсці да вас.
Заўсёды просячы ў малітвах сваіх, каб як-колечы й калі-колечы з волі Божае я мог дасьпешна да вас прысьці.
Я прагну бачыць вас, каб перадаць вам падарунак духоўны і падмацаваць вас,
Бо я вельма жадаю бачыць вас, каб даць вам некатры дар духоўны дзеля ўмацаваньня вашага,
гэта значыць суцешыцца супольна з вамі верай, вашаю і маёю.
Значыцца, каб пацешыцца разам із вамі супольнай вераю вашай і маёй.
Хачу, браты, каб вы ведалі, што я часта збіраўся наведаць вас, каб мець нейкі плод і ў вас, як і ў іншых народаў, але меў перашкоды аж дасюль.
Не хачу ж, браты, каб вы ня ведалі, што я часта маніўся прыбыць да вас, (але пераказы меў аж дагэтуль,) каб мець які плод і ў вас, як запраўды і ў іншых народаў.
Я даўжнік грэкаў і барбараў, як мудрых, так і неразумных.
Я даўжбіт Грэкам і барбарам, мудрым і неразумным.
Дык, наколькі ад мяне залежыць, я гатовы несці добрую вестку і вам, тым, што ў Рыме.
Дык, паколькі ад мяне залежа, я гатоў абяшчаць дабравесьць і вам, каторыя ў Рыме.
Бо не саромеюся Евангелля Хрыстова: яно ёсць моц Божая на збаўленне кожнаму верніку, перш юдэю, і грэку.
Бо я не саромлюся дабравесьці, бо гэта ё магутнасьць Божая да спасеньня кажнаму верачаму, перш Жыду й Грэку.
Бо ў ім аб’яўляецца справядлівасць Божая, з веры да веры, як напісана: «Справядлівы з веры жыць будзе».
Бо справядлівасьць Божая аб’яўляецца ў ёй зь веры ў веру, як напісана: «Але справядлівы вераю жыў будзе».
Бо гнеў Божы аб’яўляецца з неба на ўсякую бязбожнасць і несправядлівасць людзей, што несправядлівасцю праўду заціскаюць,
Бо аб’яўляецца гнеў Божы зь неба на кажную бязбожнасьць а несправядлівасьць людзкую, што задзержуе праўду ў несправядлівасьці.
бо, што магчыма ведаць пра Бога, ім яўна, бо Бог ім гэта аб’явіў.
Бо што можна ведаць праз Бога, яўна ім, бо Бог аб’явіў ім;
Ды ад стварэння свету нябачнае Божае і спрадвечная Яго магутнасць і Боскасць выяўляюцца розуму праз тое, што створана, так што яны не могуць апраўдацца.
Бо нявідомыя Ягоныя, вечная сіла Ягоная а Боства, ясна відомыя ад стварэньня сьвету пераз разгляданьня стварэньняў, так што няма ім выбачаньня.
Бо калі Бога пазналі, не ўславілі Яго як Бога і не дзякавалі, але марнаваліся ў думках сваіх, і прыцемрылася неразумнае сэрца іх.
Бо, пазнаўшы Бога, ня сьцілі Яго як Бога і ня дзякавалі Яму, але сталі марныя ў падумках сваіх, і зацемнена нямудрае сэрца іхнае:
Кажучы аб сабе, што яны мудрыя, сталіся дурнымі,
Маючы сябе за мудрых, сталі неразумныя,
нават славу незнішчальнага Бога замянілі на падобнасць вобразу знішчальнага чалавека, і птушак, і чатырохногіх, і гадаў.
І адмянілі славу нязьнішчальнага Бога на абразы падобнасьці сьмяротнага чалавека а птушак а чацьвераногіх а паўзуноў.
Дзеля таго аддаў іх Бог у пажадлівасці сэрцаў іх нячыстасці, каб між сабою паганілі целы свае.
Затым і выдаў іх Бог у жадах сэрцаў іхных нечысьці, зганьбіць целы свае мяжсобку.
Бо праўду Божую замянілі на зман і пакланяліся і служылі стварэнню замест Творцы, Які дабраславёны навечна. Амін.
Яны адмянілі праўду Божую на ману, і сьцілі, і служылі стварэньню замест Стварыцелю, дабраславёнаму на векі. Амін.
Таму аддаў іх Бог ганебным жарсцям. Жанчыны іх замянілі натуральныя зносіны на праціўныя прыродзе.
Затым выдаў іх Бог на саромныя жады, ажно жанкі іхныя адмянілі прыроднае ўжываньне на праціўнае прыродзе;
Падобна і мужчыны, кінуўшы натуральныя зносіны з жанчынай, загарэліся пажадлівасцю адзін да аднаго, мужчыны з мужчынамі сорам робячы і атрымоўваючы для саміх сябе належную адплату за сваю распусту.
Падобна й мужчыны, пакінуўшы прыроднае ўжываньне жонкі, загараліся ў сваёй жадзе адзін да аднаго, мужчына з мужчынам робячы нягожае і адзержуючы самы ў сабе заплату, іхнаму аблуду адказуючую.
А таму, што не імкнуліся пазнаць Бога, аддаў іх Бог бязглуздаму розуму, каб рабілі тое, што не належыцца,
А як яны не ўважалі за патрэбнае мець Бога ў сваім розуме, дык выдаў іх Бог бязульнаму розуму, рабіць неналежачае.
і напоўнены яны ўсякаю нягоднасцю, чужаложствам, ліхасцю, хцівасцю, непрыстойнасцю, поўныя зайздрасці, забойства, звадкі, ашуканства, злосці,
Яны напоўненыя ўсялякай несправядлівасьцяй, бязулствам, нягоднасьцяй, прагавітасьцяй, злосьцяй, поўныя завідасьці, забіўства, сьпярэчкі, хітрыні, благіх абычаёў, удаваньнікі,
плеткары, паклёпнікі, ненавіснікі Бога, крыўдзіцелі, самахвалы, пыхліўцы, выдумшчыкі ліхога, непаслухмяныя бацькам,
Абмоўцы, ненавісьнікі Бога, начэпныя, пыхатыя, хвалькі, вынаходнікі на ліха, непаслухменыя бацьком,
неразумныя, падступныя, бессардэчныя, бязлітасныя і неміласэрныя.
Неразважныя, Няверныя, бяз прыродных пачуцьцяў, нязгодлівыя, неміласэрныя.
Яны, хоць ведаюць суд Божы, што тыя, якія такое робяць, вартыя смерці, ды не толькі самі так робяць, але і ўхваляюць тых, што так робяць.
Яны, ведаючы праз справядлівы суд Божы, што гэтак чынячыя гожыя сьмерці, ня толькі робяць гэта, але й захапляюцца тымі, што робяць гэта.