Да Рымлянаў 5 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча
Дык, апраўданыя вераю, мы маем мір з Богам праз Госпада нашага Ісуса Хрыста,
Дык, аправіўшыся вераю, мы маем мір із Богам пераз Спадара нашага Ісуса Хрыста,
праз Якога вераю маем доступ да той ласкі, у якой трываем, ды пахваляемся надзеяй славы Божай.
Пераз Каторага вераю й адзяржалі мы прыступ да тае ласкі, у каторай стаім і хвалімся надзеяю славы Божае.
Ды не толькі гэтым, але пахваляемся таксама прыгнётам, ведаючы, што прыгнёт спараджае цярплівасць,
І не адно ёю, але хвалімся й атугаю, ведаючы, што атуга вытварае цярплівосьць,
а цярплівасць — досвед, а досвед — надзею.
Ад цярплівосьці ўзумеласьць, ад узумеласьці надзея,
А надзея не ганьбіць, бо любоў Божая вылілася ў сэрцы нашы праз Духа Святога, Які нам дадзены.
А надзея не засароме, бо міласьць Божая вылілася ў сэрцы нашыя Духам Сьвятым, даным нам.
Бо і Хрыстос памёр за бязбожнікаў у вызначаны час, калі мы былі яшчэ нямоглымі.
Бо, як мы яшчэ млявыя былі, Хрыстос у належным часе памер за бязбожных.
Бо і за справядлівага наўрад ці хто памірае; хіба за дабрадзея, можа быць, хто і адважыўся памерці.
Бо за справядлівага бадай ніхто не памрэць, яшчэ бо за добрага можа хто й адважыўся б памерці.
Бог жа даказвае Сваю любоў да нас тым, што, калі мы былі яшчэ грэшнікамі, Хрыстос памёр за нас.
Але Бог Сваю міласьць да нас даводзе тым, што, як мы былі яшчэ грэшнікамі, Хрыстос памер за нас.
Дык тым больш цяпер, апраўданыя Крывёй Яго, будзем збаўлены праз Яго ад гневу.
Затым пагатове цяпер, будучы аправеныя Крывёю Ягонай, спасемся Ім ад гневу.
Бо калі мы, будучы ворагамі, пагадзіліся з Богам праз смерць Сына Яго, дык тым больш, ужо пагадзіўшыся, атрымаем збаўленне ў жыцці Яго.
Бо, калі, будучы непрыяцелямі, мы былі пагоджаны з Богам сьмерцю Сына Ягонага, дык пагатове, пагадзіўшыся, спасемся жыцьцём Ягоным.
І не толькі гэта, але пахваляемся Богам праз Госпада нашага Ісуса Хрыста, праз Якога мы атрымалі цяпер прымірэнне.
І ня толькі гэтак, але й хвалімся Богам пераз Спадара нашага Ісуса Хрыста, пераз Каторага мы адзяржалі цяпер пагаджэньне.
З гэтай прычыны, як праз аднаго чалавека грэх увайшоў у свет і праз грэх — смерць, гэтак і смерць перайшла на ўсіх людзей, бо ўсе людзі зграшылі.
Затым, як пераз аднага чалавека ўвыйшоў на сьвет грэх, а пераз грэх — сьмерць, так увыйшла сьмерць на ўсіх людзёў, бо ў ім усі ізграшылі.
Бо і да закону быў грэх на свеце, але грэх не залічваецца, калі закон адсутнічае.
Бо й да Закону быў грэх на сьвеце; але грэх не залічаецца, як няма Закону.
Аднак ад Адама да Майсея смерць панавала нават над тымі, што не зграшылі на падабенства граху Адама, які ёсць узор будучыні.
Сьмерць, адылі, радзіла ад Адама аж да Масея і тых, што не грашылі падобна да выступу Адамовага, каторы ёсьць абраз прыйдучага.
Але не так з дарам, як са злачынствам. Бо калі злачынства аднаго выклікала смерць многіх, то намнога большая ласка Божая, і дар ласкі ад аднаго чалавека, Ісуса Хрыста, на многіх распаўсюдзіўся.
Але не як выступ, быў свабодны дар. Бо калі пераз выступ аднаго шмат памерла, шмат балей ласка Божая а дар із ласкі тае аднае Людзіны Ісуса Хрыста шчодра выліты на шмат.
І дар не такі, што за аднаго [чалавека], што зграшыў, бо прысуд за аднаго — на пакаранне, а ласка — на апраўданне за многія злачынствы.
І дар не як дзеяньне грэху таго аднаго чалавека; бо суд за адзін выступ на засуджэньне, а дар на аправеньне ад шмат выступаў.
І калі за злачынства аднаго смерць запанавала праз аднаго, то непараўнальна больш тыя, што атрымоўваюць шчодрасць ласкі і дару справядлівасці, панаваць будуць у жыцці праз аднаго, Ісуса Хрыста.
Калі, з прычыны выступу аднаго чалавека сьмерць радзіла пераз аднаго таго чалавека, шмат больш тыя, што прыймуць багацьце ласкі і дар справядлівасьці, будуць радзіць у жыцьцю пераз таго аднаго Ісуса Хрыста.
Дык як праз злачынства аднаго пакаранне на ўсіх людзей, так праз справядлівасць аднаго — апраўданне жыцця на ўсіх людзей.
Затым, як выступ аднаго прыводзе на ўсіх людзёў засуджэньне, так учынак справядлівасьці прыводзе ўсіх людзёў да аправеньня жыцьця.
І як праз непаслухмянасць аднаго чалавека сталіся грэшнікамі многія, так праз паслухмянасць аднаго многія стануцца справядлівымі.
Бо, як непаслухменствам аднаго чалавека шмат хто стаў грэшным, так і паслухменствам Аднаго стане справядлівым шмат хто.
Закон жа прыйшоў пасля, так што злачынствы памнажаліся; а дзе памножыўся грэх, там празмерна памножылася ласка,
Закон прышоў пасьлей, і памнажыўся выступ; але йдзе грэх збытна памнажыўся, тым больш была збытная ласка,
каб, як грэх запанаваў на смерць, так і ласка праз справядлівасць запанавала на жыццё вечнае праз Ісуса Хрыста, Госпада нашага.
Каб, як грэх радзіў у сьмерці, так і ласка радзіла пераз справядлівасьць да жыцьця вечнага перазь Ісуса Хрыста, Спадара нашага.