Юда 1 разьдзел
Пасланьне Юды
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча
Юда, слуга Ісуса Хрыста, брат Якуба, пакліканым, асвечаным Богам Айцом і захаваным Ісусам Хрыстом:
Юда, нявольнік Ісуса Хрыста, а брат Якаваў, пагуканым, умілаваным у Богу Айцу і захаваным Ісусу Хрысту:
хай памножыцца вам міласэрнасць, і супакой, і любоў.
Ласка вам а супакой а міласьць няхай памножацца.
Улюбёныя, прыкладаючы ўсю стараннасць, каб напісаць вам пра супольнае наша збаўленне, я палічыў неабходным напісаць вам, каб заахвоціць змагацца за веру, аднойчы перададзеную святым.
Умілаваныя! улегліва стараючыся напісаць вам праз наша супольнае спасеньне, я быў абавязаны напісаць вам захочаньне рупатліва ходацца за веру, аднойчы паданую сьвятым.
Пракраліся бо да вас нейкія людзі, якія здаўна прызначаны на гэтае асуджэнне, бязбожныя, каторыя ласку Бога нашага пераварочваюць на распусту і выракаюцца адзінага Валадара Бога і Госпада нашага Ісуса Хрыста.
Бо прыцікаліся некатрыя людзі, здаўна наканаваныя на гэта засуджэньне, бязбожныя, каторыя абарачаюць ласку Бога нашага ў распусту і адхінаюць адзінага Валадара а Спадара нашага Ісуса Хрыста.
Хачу вам прыпомніць, хоць вы ўсё ведаеце, што Госпад найперш вызваліў народ з зямлі Егіпецкай, а пасля выгубіў тых, што не верылі;
Вось жа я манюся дамяніць вам, зналым гэта, што Спадар, выбавіўшы люд ізь зямлі Ягіпецкае, потым загубіў тых, каторыя ня верылі,
анёлаў жа, што не збераглі сваёй дастойнасці, але пакінулі сваё жыллё, звязаных вечнымі путамі, затрымаў у цемрадзі да вялікага суднага дня.
І ангілаў, каторыя не захавалі свайго спачатнага стану, але пакінулі сялібу сваю, дзяржыць у вечных путах, пад цемрадзяю, на суд вялікага дня.
Таксама Садом, і Гамора, і суседнія гарады, што падобным чынам аддаваліся распусце і пайшлі за чужым целам, сталіся прыкладам, церпячы кару вечнага агню.
Як Содома а Ґомора а акалічныя месты, што падобна да іх прагавіта бязулілі і хадзілі за іншым целам, падпаўшы пад суд агню вечнага, пастаноўлены як прыклад, —
Падобна будзе і тым легкадумным, што паганяць цела, зневажаюць улады ды блюзняць супраць вышэйшых.
Таксама падобна й тыя лятукі брудзяняць цела, і грэбуюць уладаю, і блявузґаюць на славутых.
Калі арханёл Міхал гаварыў з д’яблам, спрачаючыся пра цела Майсея, не адважыўся кінуць блюзнячага асуджэння, але сказаў: «Хай Госпад табе забароніць».
Міхайла архангіл, як, ходаючыся зь дзявалам, сьперачаўся за цела Масеява, ня важыўся вымавіць лайлівага рассудку на яго, але сказаў: «Спадар згане цябе».
Гэтыя ж блюзняць на тое, чаго не ведаюць, а што па прыродзе ведаюць, як неразумныя жывёліны, гэтым самі сябе знішчаюць.
А гэтыя лаяць тое, чаго ня знаюць; а што з прыроды знаюць, як неразумная жывёла, тым псуюцца.
Гора ім, бо пайшлі яны дарогай Каіна, і паддаліся ашуканству за плату, як Балаам, і ў бунце, як Корэ, загінулі.
Бяда ім! бо пайшлі дарогаю Каінавай, і ўдаюцца ў вабмылу Валаамову за заплату, і гінуць у праціўленьню Коравым.
Яны — прыхаваная небяспека на вашых агапах, што банкетуюць у вас без страху і пасвяць саміх сябе; воблакі без вады, што ветрам гоняцца, дрэвы асеннія бясплодныя, двойчы мёртвыя, выкарчаваныя,
Гэткія бываюць скаламі падводнымі на вашых гасьцінах міласьці: гасьцюючы з вамі, бяз страху пасуць сябе; булакі бязводныя, ношаныя вятрамі, восенскія дзервы, бясплодныя, двойчы памерлыя, выкараненыя;
раз’юшаныя віры марскія, што пеняцца сваёю брыдотаю, блукаючыя зоркі, для якіх бясконцасць цемрадзі навек захавана.
Шалёныя хвалі морскія, што шумуюць сорамамі сваімі, зоры блудныя, каторым захавана цемрадзь цямноты на вечнасьць.
Вось жа, пра іх праракаваў Гэнох, сёмы па Адаме, кажучы: «Вось ідзе Госпад з мноствам Сваіх святых,
Празь іх праракаў Энох, сёмы ад Адама, кажучы: «Вось, ідзець Спадар ізь мірыядамі сьвятых Сваіх,
каб учыніць суд над усімі ды выкрыць кожную душу ва ўсіх яе нягодных учынках, у якіх яны чынілі бязбожнасць, і ва ўсіх ліхіх словах супраць Яго, якія яны, бязбожныя грэшнікі, прамаўлялі».
Учыніць суд над усімі і вінаваць усіх бязбожных ізь іх за ўсі ўчынкі бязбожнасьці, каторыя яны ўчынілі бязбожна, і за ўсі каляныя словы, што мовілі на Яго бязбожныя грэшнікі».
Яны наракальнікі нездаволеныя ды жывуць згодна сваёй пажадлівасці, і вусны іх гавораць напышліва, і дзеля карысці бываюць ліслівыя да людзей.
Гэта мурмялі, нараканьнікі, подле сваіх жадлівасьцяў ходзячыя, вусны іхныя вымаўляюць велягурыстыя словы, падлыгуючы асобам дзеля карысьці.
Вы ж, улюбёныя, майце ў памяці словы, сказаныя Апосталамі Госпада нашага Ісуса Хрыста,
Але вы, умілаваныя, памятуйце словы, сказаныя наперад апосталамі Спадара нашага Ісуса Хрыста,
якія казалі вам: «У апошні час аб’явяцца насмешнікі, якія будуць жыць паводле бязбожнай пажадлівасці сваёй».
Каторыя казалі вам, што ў вапошнім часе будуць насьміханьнікі, подле сваіх собскіх жадлівасьцяў ходзячыя ў бязбожнасьці.
Гэта тыя, што самі сябе адлучаюць, душэўныя; яны не маюць Духа.
Гэта тыя, што аддзяляюць сябе, душэўныя, духа ня маючыя.
Вы ж, улюбёныя, грунтуючыся на найсвяцейшай веры вашай, молячыся ў Духу Святым,
Але вы, умілаваныя, будуючы сябе на найсьвятшай веры сваёй, у Духу Сьвятым молячыся,
у любові Божай захоўвайце саміх сябе, чакаючы міласэрнасці Госпада нашага Ісуса Хрыста на жыццё вечнае.
Заховуйце сябе ў міласьці Божай, спадзяючыся міласэрдзя ад Спадара нашага Ісуса Хрыста да вечнага жыцьця.
І да адных будзьце міласэрнымі, разважаючы,
І адным, што сумляюцца, спагадайце;
а іншых ратуйце страхам, выхопліваючы з агню, брыдзячыся нават адзеннем, апаганеным целам.
А другіх спасайце страхам, выхапляючы з агню, ненавідзячы нават адзецьце, сплямленае целам.
А Таму, Хто можа ўсцерагчы вас ад падзення і паставіць беззаганнымі і ў радасці на віду Сваёй славы,
А Таму, Каторы можа захаваць вас без спатыкненьня і пастанавіць перад славаю Сваёй беззаганнымі з радасьцяй,
адзінаму мудраму Богу, Збаўцы нашаму, праз Ісуса Хрыста, Госпада нашага, — слава, веліч, моц ды ўлада перад усімі вякамі, і цяпер, і на ўсе вякі. Амін.
Адзінаму, мудраму Богу, Спасу нашаму перазь Ісуса Хрыста Спадара нашага, слава, вялічча, сіла а ўлада перш усяго веку і цяпер і на ўсі вякі. Амін.