Эстэр 1 разьдзел

Кніга Эстэр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

У другі год царавання Артаксэркса, вялікага цара, у першы дзень месяца Нісан бачыў сон Мардахэй, сын Яіра, сына Сэмэя, сына Кіса з пакалення Бэньяміна, юдэй, знакаміты чалавек; пражываў ён у горадзе Сузы і спаўняў службу пры царскім двары. І быў у яго сон такі: пачуліся крыкі, гоман і грымоты, і землятрус, і замяшанне страшэннае на зямлі. І вось, два вялікія драконы прыйшлі, гатовыя да бою між сабой; і пачалася страшная бойка іх, і сабраліся народы ў дзень цёмны і ліхі, і паўстала страшэннае замяшанне ў жыхароў зямлі. І забаяліся яны пагібелі, ды прызвалі Бога. І дзеля гэтага іх клічу ўзнікла крыніца невялікая, якая вырасла ў вельмі вялікую раку і расцяклася ў найбагацейшыя воды. З’явілася святло і сонца, і прыніжаныя былі ўзвышаны і знішчылі магутных. Калі Мардахэй убачыў гэты сон, устаўшы з ложка, ён разважаў, што хоча Бог зрабіць; і залегла гэта ў яго душы, пакуль не выявілася.
 
І сталася за дзён Агасвера, — гэты Агасвер гаспадарстваваў ад Інды й аж да Ефіопы над сто дваццаць сяма краямі, —

І было гэта ў дні Асуэра, які цараваў ад Індыі аж да Егіпта над ста дваццаццю сямю правінцыямі,
 
Таго часу, як кароль Агасвер сядзеў на каралеўскім пасадзе сваім, каторы ў Сусе, сталіцы,

калі ён сядзеў на пасадзе свайго царства ў горадзе Сузы, дык вось, ён у трэці год свайго валадарання справіў вялікае застолле для ўсіх сваіх князёў і паслугачоў, для наймужнейшых персаў і мідзян, магнатаў і правіцеляў правінцый, якія разам з ім былі,
 
Трэйцяга году дзяржавы свае, ён справіў чэсьць усім князём сваім а служцом сваім, валадаром Пэрсі а Міды, паном а князём краёў, што былі перад ім,

каб паказаць багацці слаўнага царства свайго, а таксама бляск і веліч магутнасці сваёй на працягу доўгага часу, а менавіта на працягу ста васьмідзесяці дзён.
 
Паказуючы вялікае багацьце славутага каралеўства свайго і чэсьць харашыні вялічча свайго, шмат дзён, сто асьмідзясят дзён.

І па заканчэнні дзён застолля запрасіў ён увесь народ, які знаходзіўся ў Сузах, ад найбольшага аж да найменшага; і ён загадаў прыгатаваць сямідзённае застолле на панадворку саду царскага палаца.
 
Па гэтых днёх, кароль справіў чэсьць усяму люду, што быў прытомны ў сталіцы Сусе, ад вялікага аж да малога, сем дзён у садовым панадворку каралеўскага палацу.

І з кожнага боку віселі тканіны, якія служылі для будавання палатак: і палатняныя, і гіяцынтавыя, якія падтрымліваліся вісонавымі і пурпуровымі вяроўкамі, што былі прасунуты ў срэбраныя кольцы і падпіраліся мармуровымі калонамі; таксама залатыя і срэбраныя лыжкі стаялі на ізумруднай падлозе, высланай пароскім каменем і іншымі камянямі рознага колеру.
 
Белыя, зялёныя а сінія запоны былі прымацаваны паварозамі выборнага лёну а пурпуры да срэбных колцаў і мрамарных стаўпоў. І былі ложкі залатыя а срэбныя на мосьце з алябастры а белага мрамару а пэрлы а чорнага мрамару.

А тыя, што запрошаны былі, пілі з залатых і рознакаляровых чар цудоўнае віно, — бо яно было варта царскай велічы, — было яго вельмі шмат ды асабліва падавалася.
 
І напікі ў залатым судзьдзю, — судзьдзе розьнілася адно ад аднаго, — і множасьць каралеўскага віна, пакаралеўску.

І да піцця ніхто не змушаў, бо так загадаў цар усім загадчыкам дому свайго, каб кожны дзейнічаў па сваёй волі.
 
А да піценьня подле права ня было прынукі; бо кароль паручыў усім старшым дому свайго, каб яны рабілі подле зычаньня кажнага.

Таксама царыца Васці справіла жаночае застолле ў палацы царскім жанчынам, дзе звычайна цар Асуэр прабываў.
 
Таксама караліца Вашты справіла чэсьць жанкам у каралеўскім доме караля Агасвера.

Такім чынам, на сёмы дзень, калі цар развесяліўся піццём віна, загадаў Маўману, і Базату, і Гарбону, і Багату, і Абгату, і Зэтару, і Хархасу — сямі еўнухам, якія цару Артаксэрксу паслугавалі,
 
Сёмага дня, як разьвесялілася сэрца каралёва ад віна, ён расказаў Мегуману, Бізфе, Гарбоне, Біґфе а Анаґфе, Зэфару а Каркасу — сямём легчанцом, што служылі перед Агасверам,

каб прывялі царыцу Васці перад цара, узлажыўшы ёй на галаву царскую дыядэму, каб паказаць усім народам і князям яе прыгажосць: бо вызначалася надта вялікай прыгажосцю.
 
Каб яны прывялі перад від караля караліцу Вашты ў кароне каралеўскай, каб паказаць людам а вайводам харашыню яе, бо яна была надта пазорвая.

Яна не згадзілася і па загадзе цара, які ён перадаў праз еўнухаў, прыйсці не пажадала; дык цар, загневаўшыся ды надта ўзгарэўшыся абурэннем,
 
І адмовілася караліца Вашты прысьці на расказаньне каралеўскае легчанцамі. І засердаваў кароль надта, і гнеў ягоны загарэўся ў ім.

запытаў у мудрацоў, якія ведалі даўнейшыя часы, бо справы цара разбіраліся перад усімі абазнанымі ў законе і судзе продкаў, —
 
І сказаў кароль мудрыцом, што зналі часы, — бо такі быў звычай каралеўскі да ўсіх ведамцаў права а суду, —

а блізкімі яму былі Харсэна, і Сэтар, і Адмата, і Тарсіс, і Марэс, і Марсана, і Мамухан, — сем князёў персаў і мідзян, якія бачылі аблічча цара ды займалі першыя месцы ў царстве:
 
І блізкому да сябе Каршэне, Шэфару, Адмафе, Фаршышу, Мерэсу, Марсэне, Мемухану, — сямём князём Пэрскім а Мідзкім, каторыя маглі бачыць від каралёў і сядзелі першымі ў каралеўстве:

«Як па законе належыць абысціся з царыцай Васці, якая не захацела споўніць загад Асуэра цара, які быў перададзены праз еўнухаў?»
 
«Што зрабіць подле права з караліцаю Вашты за тое, што яна не зрабіла подле слова караля Агасвера легчанцамі?»

І ў прысутнасці цара і князёў Мамухан адказаў: «Не толькі цара абразіла царыца Васці, але і ўсіх князёў і ўсе народы, якія пражываюць ва ўсіх правінцыях цара Асуэра.
 
І сказаў Мемухан перад відам караля а вайводцаў: «Не перад адным каралём вінна караліца Вашты, а перад усімі вайводамі і перад усімі людзьмі, каторыя па ўсіх краінах караля Агасвера;

Калі бо слова царыцы разыдзецца паміж усіх жанчын, дык яны пагрэбуюць сваімі мужамі ды скажуць ім: “Цар Асуэр загадаў прывесці да яго царыцу Васці, і яна не захацела”.
 
Бо дойдзе ўчынак караліцы да ўсіх жонак, і яны будуць улегцы мець мужоў сваіх, і казаць: "Кароль Агасвер расказаў прывесьці караліцу Вашты перад від свой, і яна не пайшла".

Вось, у гэты самы дзень усе жонкі князёў персаў і мідзян, пачуўшы, што сказала царыца, скажуць тое самае князям царскім; адсюль пагарда і гнеў.
 
Цяпер княгіні Пэрскія а Мідзкія, каторыя пачуюць праз учынак каралічын, будуць тое ж казаць усім князём каралёвым; і будзе досыць улегцыменьня а злосьці.

Калі табе, валадару, падабаецца, дык няхай выйдзе эдыкт ад цябе ды хай будзе напісана між законаў персаў і мідзян, якія нельга змяніць, што Васці не можа больш уваходзіць да цара Артаксэркса ды няхай яе годнасць царскую аддасць цар яе сяброўцы, больш вартай, чым яна.
 
Калі гэта зьлюб каралю, няхай выйдзе каралеўскае расказаньне ад яго, і няхай будзе ўпісана ў правы Пэрскія а Мідзкія і не касуецца, што наперад Вашты ня прыйдзе да караля Агасвера; і няхай кароль аддасьць каралеўскую годнасьць ейную другой, лепшай за яе.

І гэта хай распаўсюдзяць ва ўсіх правінцыях царства твайго, якое вельмі вялікае, і ўсе жанчыны, ад найбольшай да найменшай, хай аддадуць пашану сваім мужам».
 
Як пачуюць праз гэту загаду каралёву, каторую ён зробе па ўсім каралеўстве сваім, — а яно вялікае, — усі жонкі будуць сьціць мужоў сваіх, ад вялікага аж да малога».

Спадабалася яго парада цару і князям, і зрабіў цар па парадзе Мамухана.
 
І сказанае было добрым у ваччу караля а вайводаў ягоных, і ён зрабіў подле слова Мемухана;

І паслаў ён лісты ва ўсе правінцыі царства свайго, каб кожны народ мог пачуць і прачытаць на розных мовах з [рознымі] літарамі, што мужы ёсць князі і старэйшыны ў сваіх дамах і што жонкі ўсе, якія з імі, павінны быць ім паслухмянымі.
 
Бо ён паслаў лісты да ўсіх краёў каралеўскіх, да кажнага краю пісьмом яго і да кажнага народу моваю яго, каб кажны муж быў спадаром у сваім доме і каб ён гукаў моваю народу свайго.