Эстэр 2 разьдзел
Кніга Эстэр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча
Так, па гэтых падзеях, калі спыніўся гнеў цара Асуэра, прыгадаў ён Васці і тое, што яна зрабіла і што ёй было прысуджана.
Просьле гэтага, як уціхамірыўся гнеў караля Агасвера, ён успомнеў праз Вашту, і праз тое, што яна зрабіла, і што было ёй рассуджана.
Ды сказалі паслугачы цара ды памочнікі яго: «Хай пашукаюць цару маладых і прыгожых дзяўчат
І сказалі маладзёны каралю, што паслугавалі яму: «Няхай бы пашукалі каралю дзявушчых пазорных дзевак,
і хай будуць вызначаны тыя, хто збярэ ва ўсіх правінцыях дзяўчат прыгажунь і прывядзе іх у горад Сузы, ды хай аддадуць жанчын у дом пад апеку Эгэя, еўнуха, які з’яўляецца кіраўніком і вартаўніком царскіх жонак; і хай атрымаюць яны жаночыя прыборы.
І хай бы прызначыў кароль назіраньнікаў да ўсіх краінаў каралеўства свайго, каторыя зьберлі б кажную дзявушчую пазорную дзеўку да Сусы сталіцы, да дому жонак пад нагляд Гэґая, каралеўскага легчанца, вартаўніка жонак, і хай даюць чысьцячыя масьці;
І тая сярод усіх, якая спадабаецца цару, будзе царыцай замест Васці». Спадабалася гэта слова цару, і, як раілі, сказаў зрабіць.
І хай дзеўка, каторую ўпадабае кароль, каралюе замест Вашты». І гэта ўпадабаў кароль, і ён зрабіў гэтак.
А ў горадзе Сузы пражываў чалавек, юдэй, на імя Мардахэй, сын Яіра, сына Сямэя, сына Кіса з пакалення Бэньяміна,
Якісь Юдэй быў у Сусе сталіцы; імя ягонае Мордэхай, сын Яіроў, сына Шымяя Кішанка, Венямінец.
які быў пераселены з Ерузаліма з палоннымі ў час высялення разам з Ёахінам, царом Юды, якога ўзяў у палон Набукаданосар, цар Бабілона.
Ён быў пераселены зь Ерузаліму разам із палоненікамі, выведзенымі зь Ехоняю, каралём Юдэйскім, каторых перасяліў Невухаднецар, кароль Бабілёнскі.
Ён быў апекуном Эдэсы, якая называлася і іншым імем Эстэр, дачкі дзядзькі свайго, і не мела ні бацькі, ні маці. Была яна прыгожага складу і мілага аблічча. І па смерці бацькі і маці Мардахэй узяў яе сабе за дачку.
І быў ён узгадавацелям Гадасы, — яна ж Естэр, — дачкі дзядзькі свайго, бо ня было ў яе айца ані маці. Дзеўка гэта была складная а пазорная. І, па сьмерці айца ейнага а маці ейнае, Мордэхай узяў яе сабе за дачку.
І сталася, калі разышлася вестка аб загадзе цара і калі па загадзе яго многа прыгожых дзяўчат было прыведзена ў Сузы і перададзена пад апеку Эгэя, таксама Эстэр была ўзята ў дом цара пад апеку Эгэя, вартаўніка жонак.
І як была агалошана справа каралеўская й права ягонае, і як зьберлі шмат дзевак да Сусы сталіцы пад нагляд Гэґая, тады ўзята была й Естэр да дому каралеўскага пад нагляд Геґая, вартаўніка жонак.
Спадабалася яна яму ды знайшла ласку перад абліччам яго; і хутка пайшоў да яе з жаночым убраннем, і даў ёй яе часткі і самых прыгожых сем дзяўчат з дому цара ў сяброўкі, і перасяліў яе і яе сябровак у самае лепшае месца ў доме жанчын.
І ўпадабаў гэтую дзеўку ён, і прыдбала ў яго ласку, і ён пабарзьдзіў выдаць ёй чысьцячыя масьці і дзелі ейныя, і прызначаных сем дзевак даць ёй із дому каралеўскага; і перамясьціў яе а дзеўкі ейныя на лепшае месца жаноцкага дому.
Яна не выявіла ані яму, ані народу паходжання свайго; бо Мардахэй загадаў ёй, каб аб гэтым яна нікому не казала зусім.
Не азнайміла Естэр люду свайго ані радні свае, бо Мордэхай расказаў ёй, каб яна не азнаймляла.
Мардахэй хадзіў штодзень каля панадворку дома, у якім пражывалі выбраныя дзяўчаты, рупячыся пра здароўе Эстэр ды жадаючы ведаць, што з ёй адбываецца.
І кажны дзень Мордэхай прыходзіў аж да панадворку жаноцкага дому, каб даведацца, як маецца Естэр, і што робяць ізь ёю.
А калі прыходзіла пара на кожную па парадку дзяўчыну, каб пайсці ёй да цара, выканаўшы ўсё, што тычыцца жаночага прыбірання, па дванаццаці месяцах, — бо было так, што націраліся яны міравым алеем шэсць месяцаў ды другія шэсць месяцаў карысталіся жаночымі зёлкамі ды духмянасцямі, —
Як настаў рад кажнай дзеўцы ўходзіць да караля Агасвера, пры канцу двананцацёх месяцаў таго, што сталася ёй подле права жонак, — бо толькі часу цягнуцца дні ачышчэньня іх: шэсьць месяцаў міравым алеям і шэсьць месяцаў пахнючымі а чысьцячымі масьцямі жаноцкімі, —
тады толькі дзяўчаты ішлі да цара; і ўсё, чаго пажадалі, атрымлівалі яны, каб узяць з сабой з жаночай паловы ў дом цара.
Дык во з чым дзеўка ўходзіла да караля: чаго б яна не сказала, ёй давалі ўсе да выхаду із жаноцкага дому да дому каралёвага.
І якая вечарам ішла, тая раніцай зноў прыводзілася ў пакой дома жанчын пад апеку Сасагазі, еўнуха, які кіраваў наложніцамі. І не прыходзіла яна больш да цара, хіба што цар пажадаў бы і пазваў бы яе па імі прыйсці.
Увечары яна ўходзіла, а нараніцы зварачалася да другога дому жаноцкага, пад нагляд Шаашґаза, легчанца каралеўскага, вартаўніка мамошак; і ўжо ня ўходзіла да караля, хіба толькі кароль пажадаў бы яе, і гукалі яе наймя.
А калі прайшоў час і надышоў дзень, у які Эстэр, дачка Абігайля, дзядзькі Мардахэя, якую ўзяў ён сабе за дачку, па парадку павінна пайсці да цара, не патрабавала яна анічога, адно толькі тое, што паручыў Эгэй, еўнух, вартаўнік жанчын, і яна вачам усіх здавалася прыгожай і мілай.
Як настаў рад ісьці да карала Естэры, дачцы Абігаіла, дзядзькі Мордэхаёвага, каторую ён быў узяўшы сабе за дачку, тады яна не прасіла нічога, апрача тога, праз што сказаў ёй Геґай, легчанец каралеўскі, вартаўнік жонак. І прыдбала Естэр зычлівасьць у вачох усіх, што бачылі яе.
Такім чынам, яна забрана была ў пакой цара Асуэра ў дзесяты месяц, што завецца Тэбэт, у дзесяты год яго царавання.
І ўзялі Естэр да караля Агасвера, да каралеўскага дому ягонага, дзясятага месяца, значыцца месяца Тэбефа, сёмага году дзяржавы ягонае.
І палюбіў яе цар болей, чым усіх іншых жанчын, і яна знайшла ласку і прыхільнасць у яго больш, чым усе іншыя дзяўчаты, і ён усклаў на галаву ёй царскі вянец і ўстанавіў яе царыцай на месца Васці.
І палюбіў кароль Естэр над усі жанкі, і яна прыдбала ў яго ласку а зычлівасьць над усі дзяўчаты; і ён узлажыў карону каралеўскую на галаву ёй, і ўчыніў яе караліцаю замест Вашты.
І загадаў справіць багатае застолле ўсім князям і ўрадоўцам сваім, застолле для Эстэр; дый вызваліў ад падатку ўсе правінцыі і даў шчодрыя дары з царскай веліччу.
І справіў кароль вялікую чэсьць усім князём сваім а служцом сваім — чэсьць дзеля Естэры, і зрабіў палёгку краём, і раздаў дары пакаралеўску.
Мардахэй жа заставаўся пры браме цара,
І як другім наваратам зьберты былі дзеўкі, і Мордэхай сядзеў ля брамы каралеўскае,
і Эстэр яшчэ не прызнавалася ў сваім паходжанні і пра народ, так як ёй гэта загадаў Мардахэй, бо Эстэр выконвала, што толькі загадваў ён, як звычайна рабіла ў той час, калі ён гадаваў яе, маленькую.
Естэр не азнаймляла радні свае а люду свайго, як расказаў ёй Мордэхай; а слова Мордэхаёва Естэр паўніла таксама, як тады, як была ў яго на ўзгадаваньню.
Вось, у той час, у які Мардахэй прабываў пры браме цара, два еўнухі цара, Багата і Тарэс, якія былі прыдзвернымі, разгневаліся за тое і хацелі падняць рукі на цара.
Таго часу, як Мордэхай сядзеў ля брамы каралеўскае, два каралеўскія легчанцы, Біґфан а Ферэш, з тых, што сьцераглі парог, узлаваліся й задумлялі налажыць руку на караля Агасвера.
Дайшла гэтая вестка да Мардахэя, і ён зараз жа перадаў Эстэр, і яна — цару ад імя Мардахэя.
І, даведаўшыся праз гэта, Мордэхай наказаў караліцы Естэры, а Естэр наказала каралю ад Мордэхая.
Справа была праверана і выкрыта, і абодва яны былі павешаны на шыбеніцы, і запісана гэта было ў кнізе аналаў у прысутнасці цара.
І прасачылі справу і знайшлі, і іх абодвых засілілі на дзерве. І ўпісалі да кнігі летапісу ў караля.