Эстэр 2 разьдзел
Кніга Эстэр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Леаніда Галяка
Так, па гэтых падзеях, калі спыніўся гнеў цара Асуэра, прыгадаў ён Васці і тое, што яна зрабіла і што ёй было прысуджана.
Пасьля гэтага, калі сьціх гнеў караля Артаксэркса, ён успомніў аб Астын, тое што яна ўчыніла і аб пастанове аб ёй.
Ды сказалі паслугачы цара ды памочнікі яго: «Хай пашукаюць цару маладых і прыгожых дзяўчат
І сказалі каралеўскія дваране, слугі яго: — няхай-бы пашукалі каралю маладых і прыгожых дзяўчатаў,
і хай будуць вызначаны тыя, хто збярэ ва ўсіх правінцыях дзяўчат прыгажунь і прывядзе іх у горад Сузы, ды хай аддадуць жанчын у дом пад апеку Эгэя, еўнуха, які з’яўляецца кіраўніком і вартаўніком царскіх жонак; і хай атрымаюць яны жаночыя прыборы.
і няхай-бы прызначыў кароль старшынаў, у кожную краіну каралеўства, якія-б сабралі ўсіх прыгожых дзяўчатаў у сталічнае места Сузан, у жаночы дом, пад нагляд Гэгая, каралеўскага скапца, вартаўніка жонак і няхай-бы давалі ім шмараваньні.
І тая сярод усіх, якая спадабаецца цару, будзе царыцай замест Васці». Спадабалася гэта слова цару, і, як раілі, сказаў зрабіць.
Дзяўчына-ж, якая спадабаецца каралеўскім вачом, няхай будзе каралеваю, замест Астын. І спадабалася такая гаворка ў каралеўскіх вачох і ён так і зрабіў.
А ў горадзе Сузы пражываў чалавек, юдэй, на імя Мардахэй, сын Яіра, сына Сямэя, сына Кіса з пакалення Бэньяміна,
Быў у Сузан, сталічным месьце, жыд імём Мардахай, сын Яіра, сына Кіса з калена Бэн’ямінавага.
які быў пераселены з Ерузаліма з палоннымі ў час высялення разам з Ёахінам, царом Юды, якога ўзяў у палон Набукаданосар, цар Бабілона.
Ён быў пераселены з Ерусаліму, разам з іншымі палоннымі, пераселенымі з Ехоніяй, каралём Юдэйскім, якіх перасяляў Набухаданосар, кароль Бабілёнскі.
Ён быў апекуном Эдэсы, якая называлася і іншым імем Эстэр, дачкі дзядзькі свайго, і не мела ні бацькі, ні маці. Была яна прыгожага складу і мілага аблічча. І па смерці бацькі і маці Мардахэй узяў яе сабе за дачку.
Ён выховываў Гэдасу, якую называлі таксама Эстэр, дачку ягонага дзядзькі, бо яна ня мела ані бацькі, ані маці. Гэтая дзяўчына была прыгожая і мела прыемны твар. Пасьля смерці бацькі яе і маці яе Мардахай узяў яе да сябе, замест дачкі.
І сталася, калі разышлася вестка аб загадзе цара і калі па загадзе яго многа прыгожых дзяўчат было прыведзена ў Сузы і перададзена пад апеку Эгэя, таксама Эстэр была ўзята ў дом цара пад апеку Эгэя, вартаўніка жонак.
Калі абвешчаны быў каралеўскі загад і ягоная пастанова, і калі сабралі многа дзяўчатаў у сталічнае места Сузан, пад нагляд Гэгая, тады ўзялі ў каралеўскі дом і Эстэр, пад нагляд Гэгая, вартаўніка жонаў.
Спадабалася яна яму ды знайшла ласку перад абліччам яго; і хутка пайшоў да яе з жаночым убраннем, і даў ёй яе часткі і самых прыгожых сем дзяўчат з дому цара ў сяброўкі, і перасяліў яе і яе сябровак у самае лепшае месца ў доме жанчын.
І спадабалася яму дзяўчына, і знайшла спадабаньне ў ягоных вачох, і ён пасьпяшаўся выдаць ёй шмараваньні і частку яе і сказаў даць ёй сем дзяўчынаў з каралеўскага дому і перавёў яе і дзяўчынаў яе ў лепшую частку жаночага дому.
Яна не выявіла ані яму, ані народу паходжання свайго; бо Мардахэй загадаў ёй, каб аб гэтым яна нікому не казала зусім.
Эстэра, аднак, не казала аб народзе сваім і сям’і сваёй, бо Мардахай наказаў ёй, каб не казала.
Мардахэй хадзіў штодзень каля панадворку дома, у якім пражывалі выбраныя дзяўчаты, рупячыся пра здароўе Эстэр ды жадаючы ведаць, што з ёй адбываецца.
І Мардахай кожны дзень прыходзіў да панадворку жаночага дому, каб даведацца аб здароў’і Эстэры і аб тым, што робіцца з ёю.
А калі прыходзіла пара на кожную па парадку дзяўчыну, каб пайсці ёй да цара, выканаўшы ўсё, што тычыцца жаночага прыбірання, па дванаццаці месяцах, — бо было так, што націраліся яны міравым алеем шэсць месяцаў ды другія шэсць месяцаў карысталіся жаночымі зёлкамі ды духмянасцямі, —
Калі прыходзіў час кожнай дзяўчыне ўваходзіць да караля Артаксэркса, пасьля таго, як на працягу дванаццацёх месяцаў было выкананае над ёю ўсё азначанае жанчынам — бо толькі часу трывалі дні іх шмараваньняў: шэсьць месяцаў алеем з мірры і шэсьць месяцаў пахнасьцямі і іншымі жаночымі шмараваньнямі, –
тады толькі дзяўчаты ішлі да цара; і ўсё, чаго пажадалі, атрымлівалі яны, каб узяць з сабой з жаночай паловы ў дом цара.
тады дзяўчына ўваходзіла да караля. Чаго-б яна не патрабавала, ўсё давалася ёй да выхада з жаночага дому ў дом караля.
І якая вечарам ішла, тая раніцай зноў прыводзілася ў пакой дома жанчын пад апеку Сасагазі, еўнуха, які кіраваў наложніцамі. І не прыходзіла яна больш да цара, хіба што цар пажадаў бы і пазваў бы яе па імі прыйсці.
Увечары яна ўваходзіла і раніцою вярталася ў другі жаночы дом, пад нагляд Шаазгаза, каралеўскага скапца, вартаўніка каралеўскіх наложніцаў; больш не ўваходзіла да караля, але, калі спадабалася каралю, была выкліканая іменна.
А калі прайшоў час і надышоў дзень, у які Эстэр, дачка Абігайля, дзядзькі Мардахэя, якую ўзяў ён сабе за дачку, па парадку павінна пайсці да цара, не патрабавала яна анічога, адно толькі тое, што паручыў Эгэй, еўнух, вартаўнік жанчын, і яна вачам усіх здавалася прыгожай і мілай.
Калі прыйшоў час Эстэры, дачкі Амінадаба, дзядзькі Мардахэя, які ўзяў яе да сябе замест дачкі, увайсьці да караля, тады яна не прасіла нічога, апрача таго, аб чым сказаў ёй Гэгай, каралеўскі скапец, вартаўнік жонаў. І здабыла Эстэр ласку ў вачох усіх, што яе бачылі.
Такім чынам, яна забрана была ў пакой цара Асуэра ў дзесяты месяц, што завецца Тэбэт, у дзесяты год яго царавання.
І ўзятая была Эстэра да караля Артаксэркса, у ягоны каралеўскі дом, у дзесятым месяцы, гэта значыць у месяцы Табэт, у сёмы год ягонага панаваньня.
І палюбіў яе цар болей, чым усіх іншых жанчын, і яна знайшла ласку і прыхільнасць у яго больш, чым усе іншыя дзяўчаты, і ён усклаў на галаву ёй царскі вянец і ўстанавіў яе царыцай на месца Васці.
І пакахаў кароль Эстэру болей усіх жанчынаў і здабыла яна ласку і любоў болей усіх дзяўчатаў, і ён усклаў каралеўскую карону на ейную галаву, і зрабіў яе каралеваю на месца Астын.
І загадаў справіць багатае застолле ўсім князям і ўрадоўцам сваім, застолле для Эстэр; дый вызваліў ад падатку ўсе правінцыі і даў шчодрыя дары з царскай веліччу.
Апрача гэтага кароль зрабіў вялікую бяседу для ўсіх сваіх князёў і слугаў сваіх у чэсьць Эстэры і даў палёгку краінам і раздаў дары з каралеўскай шчодрасьцяй.
Мардахэй жа заставаўся пры браме цара,
І калі другі раз сабраныя былі дзяўчаты і Мардахай сядзеў каля каралеўскай брамы,
і Эстэр яшчэ не прызнавалася ў сваім паходжанні і пра народ, так як ёй гэта загадаў Мардахэй, бо Эстэр выконвала, што толькі загадваў ён, як звычайна рабіла ў той час, калі ён гадаваў яе, маленькую.
Эстэр усё яшчэ не казала аб сваёй сям’і і сваім народзе, як наказаў Мардахай, бо была паслухмяная наказам Мардахая таксама, як тады, калі ён выховываў яе.
Вось, у той час, у які Мардахэй прабываў пры браме цара, два еўнухі цара, Багата і Тарэс, якія былі прыдзвернымі, разгневаліся за тое і хацелі падняць рукі на цара.
У той час, як Мардахай сядзеў каля каралеўскай брамы, скапцы Гават і Тарра, з пасярод тых, што сьцерагуць парог, разгневаліся і мелі намер налажыць руку на караля Артаксэркса.
Дайшла гэтая вестка да Мардахэя, і ён зараз жа перадаў Эстэр, і яна — цару ад імя Мардахэя.
Даведаўшыся аб гэтым, Мардахай паведаміў каралеву Эстэр, а Эстэра паведаміла ад імя Мардахая, караля.
Справа была праверана і выкрыта, і абодва яны былі павешаны на шыбеніцы, і запісана гэта было ў кнізе аналаў у прысутнасці цара.
Справа была дасьледавана і знойдзена так; іх абаіх павесілі на шыбеніцы і было запісана ў кнігу дзённых запісаў аб Мардахаі.