1 Пасьля гэтага, калі сьціх гнеў караля Артаксэркса, ён успомніў аб Астын, тое што яна ўчыніла і аб пастанове аб ёй.
2 І сказалі каралеўскія дваране, слугі яго: — няхай-бы пашукалі каралю маладых і прыгожых дзяўчатаў,
3 і няхай-бы прызначыў кароль старшынаў, у кожную краіну каралеўства, якія-б сабралі ўсіх прыгожых дзяўчатаў у сталічнае места Сузан, у жаночы дом, пад нагляд Гэгая, каралеўскага скапца, вартаўніка жонак і няхай-бы давалі ім шмараваньні.
4 Дзяўчына-ж, якая спадабаецца каралеўскім вачом, няхай будзе каралеваю, замест Астын. І спадабалася такая гаворка ў каралеўскіх вачох і ён так і зрабіў.
5 Быў у Сузан, сталічным месьце, жыд імём Мардахай, сын Яіра, сына Кіса з калена Бэн’ямінавага.
6 Ён быў пераселены з Ерусаліму, разам з іншымі палоннымі, пераселенымі з Ехоніяй, каралём Юдэйскім, якіх перасяляў Набухаданосар, кароль Бабілёнскі.
7 Ён выховываў Гэдасу, якую называлі таксама Эстэр, дачку ягонага дзядзькі, бо яна ня мела ані бацькі, ані маці. Гэтая дзяўчына была прыгожая і мела прыемны твар. Пасьля смерці бацькі яе і маці яе Мардахай узяў яе да сябе, замест дачкі.
8 Калі абвешчаны быў каралеўскі загад і ягоная пастанова, і калі сабралі многа дзяўчатаў у сталічнае места Сузан, пад нагляд Гэгая, тады ўзялі ў каралеўскі дом і Эстэр, пад нагляд Гэгая, вартаўніка жонаў.
9 І спадабалася яму дзяўчына, і знайшла спадабаньне ў ягоных вачох, і ён пасьпяшаўся выдаць ёй шмараваньні і частку яе і сказаў даць ёй сем дзяўчынаў з каралеўскага дому і перавёў яе і дзяўчынаў яе ў лепшую частку жаночага дому.
10 Эстэра, аднак, не казала аб народзе сваім і сям’і сваёй, бо Мардахай наказаў ёй, каб не казала.
11 І Мардахай кожны дзень прыходзіў да панадворку жаночага дому, каб даведацца аб здароў’і Эстэры і аб тым, што робіцца з ёю.
12 Калі прыходзіў час кожнай дзяўчыне ўваходзіць да караля Артаксэркса, пасьля таго, як на працягу дванаццацёх месяцаў было выкананае над ёю ўсё азначанае жанчынам — бо толькі часу трывалі дні іх шмараваньняў: шэсьць месяцаў алеем з мірры і шэсьць месяцаў пахнасьцямі і іншымі жаночымі шмараваньнямі, –
13 тады дзяўчына ўваходзіла да караля. Чаго-б яна не патрабавала, ўсё давалася ёй да выхада з жаночага дому ў дом караля.
14 Увечары яна ўваходзіла і раніцою вярталася ў другі жаночы дом, пад нагляд Шаазгаза, каралеўскага скапца, вартаўніка каралеўскіх наложніцаў; больш не ўваходзіла да караля, але, калі спадабалася каралю, была выкліканая іменна.
15 Калі прыйшоў час Эстэры, дачкі Амінадаба, дзядзькі Мардахэя, які ўзяў яе да сябе замест дачкі, увайсьці да караля, тады яна не прасіла нічога, апрача таго, аб чым сказаў ёй Гэгай, каралеўскі скапец, вартаўнік жонаў. І здабыла Эстэр ласку ў вачох усіх, што яе бачылі.
16 І ўзятая была Эстэра да караля Артаксэркса, у ягоны каралеўскі дом, у дзесятым месяцы, гэта значыць у месяцы Табэт, у сёмы год ягонага панаваньня.
17 І пакахаў кароль Эстэру болей усіх жанчынаў і здабыла яна ласку і любоў болей усіх дзяўчатаў, і ён усклаў каралеўскую карону на ейную галаву, і зрабіў яе каралеваю на месца Астын.
18 Апрача гэтага кароль зрабіў вялікую бяседу для ўсіх сваіх князёў і слугаў сваіх у чэсьць Эстэры і даў палёгку краінам і раздаў дары з каралеўскай шчодрасьцяй.
19 І калі другі раз сабраныя былі дзяўчаты і Мардахай сядзеў каля каралеўскай брамы,
20 Эстэр усё яшчэ не казала аб сваёй сям’і і сваім народзе, як наказаў Мардахай, бо была паслухмяная наказам Мардахая таксама, як тады, калі ён выховываў яе.
21 У той час, як Мардахай сядзеў каля каралеўскай брамы, скапцы Гават і Тарра, з пасярод тых, што сьцерагуць парог, разгневаліся і мелі намер налажыць руку на караля Артаксэркса.
22 Даведаўшыся аб гэтым, Мардахай паведаміў каралеву Эстэр, а Эстэра паведаміла ад імя Мардахая, караля.
23 Справа была дасьледавана і знойдзена так; іх абаіх павесілі на шыбеніцы і было запісана ў кнігу дзённых запісаў аб Мардахаі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Кніга Эстэры, 2 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
