Біблія » Пераклады » Пераклад Леаніда Галяка

Эстэры 9 Кніга Эстэры 9 разьдзел

1 Потым у дванаццатым месяцы, гэта значыць у месяцы Адар, у ягоны трынаццаты дзень, калі прыйшоў час выканаць загад караля і ягонае вырашэньне, у той дзень, калі ворагі жыдоў спадзяваліся запанаваць над імі, выйшла наадварот, бо жыды запанавалі над сваімі ворагамі.
2 Сабраліся жыды ў сваіх местах, па ўсіх краінах караля Артаксэркса, каб узьняць руку на іх ворагаў і ніхто ня мог ім супроцьстаяць, бо страх перад імі апанаваў усе народы.
3 Усе-ж намесьнікі краінаў, князі і старшыні і выканаўцы каралеўскіх справаў падтрымлівалі жыдоў, бо апанаваў іх страх перад Мардахэем,
4 бо быў Мардахэй вялікі ў каралеўскім доме, а ягоная слава разыходзілася па ўсіх краінах, бо гэты муж Мардахэй узьнімаўся вышэй і вышэй.
5 І нішчылі жыды ўсіх сваіх ворагаў, сякучы мячом, забіваючы і губячы, і паступалі з непрыяцелямі паводле сваёй волі.
6 Нават у Сузан, сталічным месьце, забілі і загубілі жыды пяцьсот чалавек:
7 і Паршандата, і Далфона, і Асфата;
8 і Парата, і Адаля, і Арыдата;
9 і Пармоста, і Арысая, і Арыдая, і Ваезата, –
10 дзесяцярох сыноў Гамана, сына Гамадата, ворага жыдоў, забілі яны, але не паднялі руку на маемасьць.
11 У той-жа дзень паведамілі караля аб лічбе забітых у Сузан, сталічным месьце.
12 І сказаў кароль каралеве Эстэр: — у Сузан, сталічным месьце, забілі жыды і загубілі пяцьсот чалавек і дзесяцярох сыоў Гамана, дык што-ж яны зрабілі ў іншых каралеўскіх краінах? Якое яшчэ тваё пажаданьне? Яно будзе здаволенае. Якая яшчэ просьба твая? Яна будзе выкананая.
13 І сказала Эстэр: — калі кароль схоча, дык няхай-бы дазволіў жыдом, што ў Сузан, і заўтра рабіць тое, што сягоньня, а дзесяць сыноў Гамана няхай-бы павесілі на шыбеніцы.
14 І загадаў кароль, каб было так. І даны загад у Сузан і павесілі дзесяцёх сыноў Гамана.
15 І сабраліся жыды, што былі ў Сузан, таксама і ў чатырнаццаты дзень месяца Адар і забілі ў Сузан трыста чалавек, а на дабычу не паднялі рукі.
16 Таксама іншыя жыды, што жылі ў каралеўскіх краінах, сабраліся, каб стаць у абароне жыцьця свайго і каб мець супакой ад сваіх ворагаў і забілі семдзесят пяць тысячаў, а на дабычу не паднялі рукі.
17 Пачалі ў трынаццаты дзень месяца Адар, а ў чатырнаццаты дзень гэтага-ж месяца перасталі і зрабілі гэты дзень днём бяседаў і вясельля.
18 Жыды-ж, што былі ў Сузан, зьбіраліся ў трынаццаты і чатырнаццаты дзень гэтага-ж месяца, а перасталі ў пятнаццаты дзень гэтага-ж месяца і зрабілі яго днём бяседаў і вясельля.
19 Дзеля гэтага, жыды што жывуць на сяле, праводзяць чатырнаццаты дзень месяца Адар у вясельлі і бяседах, пасылаючы з добрай думкай адзін другому падаркі.
20 І апісаў Мардахэй гэтыя выпадкі і паслаў лісты ўсім жыдом, што жылі па ўсіх краінах караля Артаксэркса, блізкім і далёкім,
21 пастанаўляючы, каб сьвяткаваць чатырнаццаты дзень месяца Адар і пятнаццаты дзень яго,
22 як тыя дні, у якіх жыды адпачылі ад ворагаў сваіх, і як месяца, у якім сум абярнуўся ў вясельле, а плач у радасьць, каб сьвяткавалі гэтыя дні з бяседамі і вясельлем, пасылаючы адзін другому падаркі і падаянкі бедным.
23 І прынялі жыды тое, што ўжо самыя пачалі рабіць і аб чым пісаў ім Мардахэй,
24 як Гаман, сын Гамадата, Агагеец, думаў згубіць жыдоў і кідаў пур, гэта значыць лёс аб зьнішчэньні і згубе іх,
25 і як Эстэр дайшла да караля і як кароль загадаў новым лістом, каб благі намер Гамана, які ён меў супроць жыдоў, абярнуўся на ягоную галаву і як павесілі яго і ягоных сыноў на шыбеніцы.
26 Дзеля гэтага і назвалі гэтыя дні Пурым, ад назову Пур. Дзеля гэтага згодна з усімі словамі гэтага лісту і з тым, што самыя бачылі і што дайшло да іх,
27 пастанавілі жыды і прынялі на сябе і нашчадкаў сваіх і на ўсіх, што да іх далучацца, каб не парушалі гэтага, але каб сьвяткавалі гэтыя два дні згодна з іхным прызначэньнем, у ўстаноўлены час, кожны год.
28 Каб-жа гэтыя дні былі памятныя і слаўныя ад веку да веку ў кожным племені ў кожнай краіне і ў кожным месьце, і каб гэтыя дні і Пурым не адмяняліся ў жыдоў і памяць аб іх не загінула ў дзяцей іх.
29 Напісала таксама каралева Эстэр, дачка Абіхайла, і жыд Мардахэй з усёй настойлівасьцяй, каб выконывалі гэты новы ліст аб Пурыме,
30 і разаслаў Мардахэй гэты ліст да ўсіх жыдоў у стодваццацьсем краінаў караля Артаксэркса са словамі міру і праўды,
31 каб цьвёрда пільнавалі ў свой час гэтых дзён Пурым, як устанавіў аб іх жыд Мардахэй і каралева Эстэр і як яны самыя забавязалі сябе і нашчадкаў сваіх на памятку посту і нараканьня.
32 Так наказ Эстэр пацьвердзіў гэтае слова аб Пурыме і яго ўпісанае ў кнігу.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Эстэры, 9 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.