1 У той дзень даў кароль Артаксэркс каралеве Эстэр дом Гамана, ворага жыдоў, а Мардахэй увайшоў прад каралеўскае аблічча, бо Эстэра расказала яму, што ён ёй родны.
2 Тады зьняў кароль свой пярсьцёнак, які ён адабраў ад Гамана, і аддаў яго Мардахэю; Эстэр жа паставіла Мардахэя над домам Гамана.
3 Потым Эстэр гаварыла яшчэ каралю, ўпала да ягоных ног і плакала і прасіла яго адвярнуць злосьць Гамана Агагейца і яго намер, які ён задумаў супроць жыдоў.
4 Тады выцягнуў кароль да Эстэр залаты сцэптар і ўзьнялася Эстэр і стала перад каралём
5 і сказала: — калі схоча кароль і калі я знайшла ласку перад ягоным абліччам і калі гэта здаецца каралю правільным і калі я падабаюся ягоным вачом, дык няхай напішуць, каб адкліканыя былі лісты з намерамі Гамана, сына Гамадата, Агагейца, пісаныя аб зьнішчэньні жыдоў у ўсіх каралеўскіх краінах,
6 бо як магла-б я глядзець на благое, што прыйшло-б на мой народ і як магла-б я бачыць загубу маіх родных?
7 І сказаў кароль Артаксэркс каралеве Эстэр і жыду Мардахэю: — вось я аддаў дом Гамана Эстэр, а яго самога павесілі на шыбеніцы за тое, што ўзьняў руку сваю на жыдоў.
8 Пішэце і вы да жыдоў, што вам падабаецца, ад каралеўскага імя і зяпячатайце каралеўскім пярсьцёнкам, бо лісту напісанага ад каралеўскага імя і зяпячатанага каралеўскім пярсьцёнкам нельга адклікаць.
9 І скліканыя былі тады каралеўскія пісцы ў трэцім месяцы, гэта значыць у месяцы Сіван, у дваццацьтрэці дзень яго і напісана было ўсё так, як загадаў Мардахэй — жыдом, намесьнікам, старшыням і намесьнікам над краінамі ад Індыі да Этыёпіі, у стодваццацьсем краінаў: у кожную краіну яе пісьмом і кожнаму народу ягонай мовай і жыдом іхным пісьмом і іхнай мовай.
10 А калі напісаў ад імя караля Артаксэркса і запячатаў каралеўскім пярсьцёнкам, разаслаў лісты праз ганцоў, якія ехалі на хуткіх канёх і на маладых мулах,
11 што кароль дазваляе жыдом, што знаходзяцца ў кожным месьце, сабрацца і стаць на абарону свайго жыцьця, зьнішчыць, забіць і згубіць усіх моцных у народзе і краіне, што былі ім варожыя, дзяцей іх і жонак іх, а маемасьць іх разабраць,
12 у адзін дзень, па ўсіх краінах караля Артаксэркса, у трынаццаты дзень дванаццатага месяца, гэта значыць месяца Адар.
13 Сьпісак з загаду аддаць у кожную краіну, як закон абвешчаны ўсім народам, каб жыды былі гатовыя мсьціцца на сваіх непрыяцелях.
14 Ганцы, што паехалі на хуткіх канях і мулах, паехалі, як найхутчэй з каралеўскім загадам. Абвешчаны быў загад і ў Сузан — сталічным месьце.
15 Мардахэй выйшаў ад караля ў каралеўскай вопратцы: гіацынтавай і белай, і ў вялікай залатой кароне і ў бісонным і пурпуравым плашчы, а места Сузан весялілася і радавалася.
16 І ў жыдоў быў тады сьвет, і радасьць, і вясельле, і ўрачыстасьць.
17 Таксама і ў кожнай краіне і кожным месьце, куды даходзіў каралеўскі загад і ягонае вырашэньне, была радасьць у жыдоў і вясельле, бяседы і дзень радасьці, а многія з народаў краіны зрабіліся жыдамі, бо апанаваў іх страх перад жыдамі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Кніга Эстэры, 8 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
