Біблія » Пераклады » Пераклад Леаніда Галяка

Эстэры 4 Кніга Эстэры 4 разьдзел

1 Калі Мардахэй даведаўся аб усім, што сталася, дык разьдзёр свае вопраткі, апрануўся ў зрэб’е і пасыпаўшыся попелам выйшаў на сярэдзіну места і клікаў вялікім і жалобным голасам.
2 І дайшоў да каралеўскай брамы, бо нельга было ўваходзіць у каралеўскую браму ў зрэб’і.
3 Таксама і ў кожнай краіне і месцы, куды даходзіў каралеўскі загад і пастанова, быў вялікі жаль пасярод жыдоў: пост і плач і нараканьне. Зрэб’е і попел былі пасьцельлю для шмат каго.
4 І прыйшлі служанкі Эстэр і скапцы яе, і расказалі ёй, і каралева вельмі ўстрывожылася. І паслала вопратку, каб Мардахэй апрануў яе і зьняў з сябе зрэб’е, але той ня прыняў.
5 Тады паклікала Эстэр Гатаха, аднаго з каралеўскіх скапцоў, які быў прыстаўлены да яе і паслала яго да Мардахэя даведацца: што гэта і дзеля чаго?
6 Тады выйшаў Гэтах да Мардахэя на вуліцу, што была перад каралеўскай брамай,
7 і расказаў яму Мардахэй аб усім, што яму здарылася і аб колькасьці серабра, якую абяцаў Гаман адважыць у каралеўскі скарб, за жыдоў, якія мелі быць зьнішчаныя.
8 Апрача гэтага даў яму спісак з наказу абвешчанага ў Сузан аб зьнішчэньні іх, каб паказаць Эстэры і перадаць ёй вестку, потым наказываў ёй ісьці да караля літасьці і за народ свой.
9 І прыйшоў Гатах і пераказаў Эстэр словы Мардахэя.
10 Тады сказала Эстэр Гатаху, перадаючы праз яго Мардахэю:
11 усе каралеўскія слугі і народ усіх каралеўскіх краінаў ведаюць, што кожнаму, і мужчыне і жанчыне, хто ўвойдзе да караля на нутраны двор, ня быўшы пакліканым, адзін прыгавор — сьмерць; толькі той, да каго кароль працягне свой залаты сцэптар, застанецца жывы. Мяне-ж ня выклікаў кароль вось ужо трыццаць дзён.
12 А калі перадалі Мардахэю словы Эстэр,
13 сказаў Мардахэй у адказ Эстэр: — ня думай, што ты адна ўратуешся ў каралеўскім доме з усіх жыдоў,
14 бо калі ты будзеш маўчаць у гэты час, дык збаўленьне прыйдзе жыдом з іншага месца, а ты і дом бацькі твайго загіне. Ды-й хто ведае, ці не дзеля гэтага часу і ты асягнула каралеўскую годнасьць.
15 І сказала ў адказ Мардахэю Эстэр:
16 ідзі, зьбяры ўсіх жыдоў, што знаходзяцца ў Сузан і пасьцецеся дзеля мяне; ня ешце і ня пійце тры дні, ні ў дзень, ні ў начы, а я з маімі служанкамі таксама буду пасьціцца, а потым пайду да караля, хаця гэта супроць закону, а калі маю згінуць і згіну.
17 Тады пайшоў Мардахэй і зрабіў, як наказала яму Эстэр.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Эстэры, 4 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.