1 Слова Госпада, што было да Міхея Морастытца, за часоў Ёатама, Ахаза і Езекіі, каралёў Юдэйскіх, у якім адчынена яму было аб Самарыі і Ерусаліме.
2 Слухайце ўсе народы, няхай слухае зямля і ўсё, што на ёй ёсьць, і няхай будзе Гаспод Бог сьветкаю супраць вас, Гаспод са сьвятое Сваёй сьвятыні.
3 Бо вось Гаспод выйдзе са Свайго месца і, зыйшоўшы, будзе хадзіць па вышынях зямлі.
4 І расплывуцца пад Ім горы, даліны распадуцца, як восы ад вагня, як воды, што ліюцца з гары.
5 Усё гэта станецца за бязбожнасьць Якуба і за грахі Ізраільскага дому. Адуль-жа бязбожнасьць Якуба? Ці-ж не з Самарыі? Хто зрабіў вышыні ў Юдэі? Ці-ж не Ерусалім?
6 За гэта зраблю Самарыю кучаю каменьня, якія бываюць у полі, каля вінаградніка; паскідаю ў даліну ейнае каменьне і адчыню ейны грунт.
7 І ўсе ейныя статуі будуць разбітыя, а ўсе яе дары — спаленыя вагнём, і зьнішчу ўсіх яе балваноў, бо з распуснай заплаты яна рабіла іх, дык на заплату распусты яны і будуць зужытыя.
8 Аб гэтым я буду плакаць і галасіць, ходзячы аграблены і голы, выць, як шакал і плакаць, як маладыя страусяняты,
9 бо нявылечаныя яе раны, бо дайшлі аж да Юды і дасягнулі да брамаў майго народу, да Ерусаліму.
10 Не абвяшчайце аб гэтым у Гет і ня плачце гэтак голасна, але ў сялібе Офра пакрый сябе попелам.
11 Перасяляйцеся жыхаркі Шафіра, сорамна заголеныя; не ўцячэ і жывучая ў Цане, плач у сялібе Эпэль ня дасьць вам затрымацца ў ім.
12 Бядуе аб сваім дабры жыхарка Мароты, бо зыйшла бяда ад Госпада аж да брамы Ерусаліму.
13 Запрагай у воз хуткіх, жыхарка Лахысу, ты — пачатак граху дачкі Сыёну, бо ў цябе зьявіліся злачынствы Ізраіля.
14 Дзеля гэтага ты будзеш пасылаць дары ў Морошэт Гэт, але сялібы Ахзыва будуць ашуканствам для каралёў Ізраіля.
15 Яшчэ спадкаемцу прывяду да цябе, жыхарка Морэма. Прыйдзе аж да Одолам, славы Ізраіля.
16 Здымі з сябе валасы і абстрыгіся, сумуючы аб любімых сынох тваіх. Пашыр лысіну тваю, як ліняючы арол, бо яны будуць пераселеныя ад цябе.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Кніга прарока Міхея, 1 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.