Біблія » Пераклады » Пераклад Леаніда Галяка

Міхея 2 Кніга Міхея 2 разьдзел

1 Гора тым, што выдумляюць несправядлівасьць і на ложах сваіх задумываюць благое і выкрываюць яго раніцою на сьвітаньні, бо гэта ў сіле іхных рук.
2 Захочуць палёў і адбіраюць іх сілаю; дамоў — і адбіраюць іх; абіраюць чалавека і ягоны дом, мужа і ягоную спадчыну.
3 Дзеля гэтага так гаворыць Гаспод: — вось надумаў Я навесьці на гэты род такое няшчасьце, з-пад якога вы ня выцягнеце вашых шыяў і ня будзеце хадзіць выпрастаўшыся, бо будзе благі час.
4 У той дзень паўстане аб вас прыказка і будуць плакаць горкім плачам, гаворачы: — мы зусім зруйнаваныя. Дзел майго народу адданы іншым, як вернецца ён да мяне. Палі нашыя ўжо надзеленыя іншым.
5 Дзеля гэтага ня будзе ў цябе нікога, хто кінуў-бы лёс для памеру, на сходзе перад Госпадам.
6 Не наракайце прарокі, не праракуйце ім, каб ня здарылася з вамі няшчасьце.
7 О народ, што называешся домам Якуба! Ці-ж зьменшыўся дух Госпада! Ці-ж такія ягоныя ўчынкі? Ці-ж ня добрыя мае словы для тых, хто паступае справядліва.
8 Народ-жа, што быў раней маім, паўстае, як вораг; маючы вопратку, здыме плашч у мірна праходзячых, што адварочваюцца ад вайны.
9 Жонкаў майго народу выганяеце з іх выгодных дамоў; ад іхных дзяцей вы назаўсёды адабралі маю славу.
10 Устаньце і адыдзеце, бо тут няма супачынку; згубіць вас нячыстасьць суровай загубай.
11 Калі нехта падае сябе прарокам і, гаворачы ману, кажа: — я буду праракаваць аб віне або моцным пітве, — дык ён і быў-бы прыемным прарокам для гэтага народу.
12 Абавязкова зьбяру ўсяго цябе, Якуб, абавязкова зьбяру астаткі Ізраіля, як авечак у Басоры, як у авечым загоне, зашумяць яны ад мнагалюдзтва.
13 Зыйдзе той, хто будзе пераломываць перад імі, пераломіць, увойдуць праз браму і выйдуць ёю, а кароль іх пойдзе перад імі, а на чале іх — Гаспод.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга прарока Міхея, 2 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.